НА СУСТРЭЧЫ ганаровага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі мітрапаліта Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Паўла і рэктара БДУ акадэміка Сяргея Абламейкі 5 жніўня абмяркоўваліся пытанні ўзаемадзеяння вядучай ВНУ Беларусі і царквы. Гаворка ішла пра сумесныя праекты ў галіне духоўна-маральнага і грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі і перспектывы Інстытута тэалогіі імя святых Мяфодзія і Кірылы БДУ. Сёлета інстытуту спаўняецца 10 гадоў.
* * *
Працоўнаму калектыву БДУ старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька аб’явіў Падзяку.
У дакуменце ад 19 жніўня сказана: «За шматгадовую плённую працу з высокаматываванымі навучэнцамі горада Мінска па падрыхтоўцы да рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд па вучэбных прадметах».
* * *
ШЭСЦЬ пратаколаў аб намерах паміж БДУ і ўральскімі арганізацыямі падпісаны ў рамках V Міжнароднай прамысловай выставы «Інапрам–2014» у Екацярынбургу (Расія). Таксама дэлегацыя БДУ перадала гуманітарны груз кіраўніку беларускай дыяспары «Згуртаванне беларусаў Урала» Аляксандру Блешчыку. Выкладчык хімічнага факультэта Канстанцін Лапко сабраў больш за 50 асобнікаў кніг агульнай вагой 37 кг для школы беларускай мовы і культуры, галоўным чынам гэта дзіцячая літаратура беларускіх аўтараў, кнігі па гісторыі, геаграфіі і культуры нашай краіны.
Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ