Па выніках апублікаванага нядаўна рэйтынгу ўніверсітэтаў свету вядомага брытанскага агенцтва QS (THE — QS World University Rankings), БДУ ўпершыню ўвайшоў у топ-500 найлепшых універсітэтаў свету і размясціўся ў групе ВНУ, якія займаюць 491–500 пазіцыю.
Агенцтва QS ужо 10 гадоў ранжыруе ўніверсітэты свету, і ў даследаванне звычайна ўключаюцца толькі першыя 700–800 універсітэтаў, ці 3 % усіх існых універсітэтаў.
На першым месцы Масачусецкі тэхналагічны інстытут (ЗША), за ім стаіць Кембрыджскі ўніверсітэт (Вялікабрытанія).
З расійскіх ВНУ лепшыя, чым у БДУ, пазіцыі ў МДУ імя М. В. Ламаносава – 114, СПбДУ – 233, МДТУ імя М. Э. Баўмана – 322 і яшчэ ў шасці расійскіх універсітэтаў.
Пазіцыі вядучых універсітэтаў суседніх дзяржаў: Варшаўскі ўніверсітэт – 335, Тартускі ўніверсітэт – 379, Кіеўскі нацыянальны ўніверсітэт імя Тараса Шаўчэнкі – 421–430, Талінскі тэхнічны ўніверсітэт – 501–550, Вільнюскі ўніверсітэт – 551–600 і Латвійскі ўніверсітэт – 701+.
У рэйтынгу QS сярод беларускіх ВНУ ў 2014 г. акрамя БДУ ранжыруецца толькі Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт (701+).
Рэйтынг QS засноўваецца на аналізе дадзеных пра ВНУ і апытаннях незалежных экспертаў. Ацэньваюцца: вынікі апытання экспертаў (акадэмічная рэпутацыя); вынікі апытання працадаўцаў; індэкс цытавання навуковых прац за апошнія 5 гадоў; суадносіны колькасці выкладчыкаў і студэнтаў; колькасць замежных студэнтаў і выкладчыкаў.
За апошні час БДУ ў міжнародных рэйтынгах прадстаўлены вельмі годна і ўвесь час згадваецца ў ліку сусветных ВНУ «вышэйшай лігі». Так, па апошніх дадзеных (жнівень 2014) іспанскага рэйтынгавага агенцтва Webometrics Ranking of World Universities, БДУ заняў 673 месца ў свеце, а сярод ВНУ краін СНД, Грузіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі, па дадзеных расійскага агенцтва «Інтэрфакс» (снежань 2013), знаходзіцца на другім месцы.
Паводле інфармацыі
прэс-службы БДУ
Фота Ганны Занковіч