Студэнцкі гарадок БДУ – гэта адна вялікая і дружная сям’я! 6 верасня яму споўнілася 40 гадоў! Як і ў любы юбілей, не абышлося без імпрэз, падарункаў і віншаванняў.
Серыя святочных мерапрыемстваў пачалася 5 верасня з урачыстага пасяджэння з нагоды 40-годдзя студэнцкага гарадка, якое прайшло ў зале Савета БДУ. На ім прысутнічалі ганаровыя госці, сярод якіх намеснік міністра адукацыі Беларусі Віктар Якжык і рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка. На цырымоніі найлепшыя працаўнікі студэнцкага гарадка былі адзначаны рознымі ўзнагародамі: граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, граматамі, ганаровымі граматамі і падзякамі рэктара БДУ, а таксама ганаровымі граматамі прафсаюзнага камітэта супрацоўнікаў БДУ.
Аднак Студэнцкі гарадок БДУ – гэта ў першую чаргу студэнты! Тыя, хто задае рытм яго жыццю і стварае настрой. У інтэрнатах студэнты адсвяткавалі 40-годдзе свайго агульнага дома вялікай колькасцю акцый па выпуску віншавальных паштовак і канцэртнымі праграмамі, а ў чацвёртым інтэрнаце 5 верасня прайшоў цэлы «Марафон віншаванняў».
Самым гучным акордам у чарадзе імпрэз стала вечарына THE CAMPUS MONDAY, якая аб’яднала ўсіх жыхароў студэнцкіх інтэрнатаў 15 верасня ў клубе «НЛА». Арганізаваў свята каардынацыйны савет студэнцкіх саветаў інтэрнатаў БДУ. Дзякуючы вядучаму Дзмітрыю Нікалайзену, вечар запомніўся толькі добрым настроем, усмешкамі сяброў і морам віншаванняў. Не абышлося і без неспадзевак: зараджала пазітывам творчая студыя Mim-BSU (мімы «ГрымМы»); Ягор Бордак, чалавек-чараўнік, адмыслова для гасцей паказаў незабыўнае шоў мыльных бурбалак і прымусіў паверыць у немагчымае. А дзякуючы гурту Intelligency, дыджэю VitWalker і студэнткам Валянціне Паўлавай і Лізавеце Гарбузовай у клубе гучалі толькі самыя лепшая музыка і песні.
Адной з галоўных неспадзевак для ўсіх удзельнікаў вечарыны стаў велізарны торт, свечкі на якім задзьмулі сябры каардынацыйнага савета студэнцкіх саветаў інтэрнатаў БДУ ў гонар любімага студэнцкага гарадка.
Прыемна ўсведамляць, што студэнцкі гарадок вось ужо на працягу 40 гадоў робіць жыццё кожнага з вялікай сям’і цікавым, яркім і незабыўным. Час не стаіць на месцы, а студэнцкі гарадок упэўнена ідзе з ім у нагу.
Рыгор КРАЎЧУК
Яшчэ больш фота з падзеі глядзіце тут
А фотаздымкі з святкавання ў клубе НЛО — тут