У БДУ высветлілі, якой будзе бібліятэка будучыні

18 Sep, 2014.

IMG_1845

16 верасня ў БДУ прайшоў форум “Мультымедыйная бібліятэка ў адукацыйнай прасторы Інстытута журналістыкі і факультэта філасофіі і сацыяльных навук”, на якім спрабавалі ўявіць ідэальнае кнігасховішча.

У сценах мультымедыйнай бібліятэкі сабралася нямала выкладчыкаў, студэнтаў і проста цікаўных людзей, а ганаровым госцем быў дырэктар ФБ БДУ Пётр Міхайлавіч Лапо.

лаппо форум мультимедийная библиотека бгу

За апошні час назапасілася шмат пытанняў, звязаных з тым, якія мінусы ёсць у сучасных бібліятэк, якой яна павінна быць у хуткім часе і чаго бракуе на дадзеным этапе. Каардынатарам дыялогу выступіла загадчыца аддзела абслугоўвання Інстытута журналістыкі і факультэта філасофіі і сацыяльных навук  ФБ БДУ Анастасія Генадзеўна Кандратовіч.

Форум цалкам апраўдаў сваю назву, бо кожны хацеў выказаць свой пункт погляду. Напрыклад, намеснік дырэктара Інстытута журналістыкі БДУ Вольга Міхайлаўна Самусевіч зазначыла, што пах кніг і адчуванне старонак ніколі не заменяць найноўшыя тэхналогіі. А намеснік па вучэбнай рабоце факультэта філасофіі і сацыяльных навук сказаў, што бібліятэкам зараз бракуе матэрыяльнай базы.

На сустрэчу зазірнула і доктар філалагічных навук прафесар Ніна Ціханаўна Фральцова. Выставу яе прац можна было паглядзець у чытальнай зале, чаму сама Ніна Ціханаўна была невымоўна рада.

Студэнты Інстытута журналістыкі  БДУ таксама актыўна ўключыліся ў гутарку, прадставіўшы свае праекты наконт будучыні мультымедыйнай  бібліятэкі. Першакурснікі (4 і 6 групы) зрабілі канкрэтныя прапановы: увесці QR-коды, праводзіць больш тэматычных выстаў, заняцца стварэннем зон адпачынку ў чытальных залах і мноства іншых.  Дырэктар ФБ БДУ Пётр Лапо зацікавіўся некаторымі ідэямі маладых людзей і параіў паўдзельнічаць у конкурсе моладзевых праектаў БДУ, які можна выйграць і атрымаць матэрыяльную падтрымку на рэалізацыю задумы.

Новыя студэнты цікавіліся тым, якія яшчэ праекты праходзяць у мультымедыйнай бібліятэцы БДУ. Анастасія Генадзеўна распавяла пра шматлікія мерапрыемствы, напрыклад, “Ноч бібліятэк”, якая хутка парадуе чытачоў.

Скончыўся форум жартоўным відэа ад 1 курса Інстытута журналістыкі (ІЖ) БДУ, навошта і як трэба чытаць.

форум мультимедийная библиотека бгу

Уражанні:

Данііл Шаўроў, 1 курс ІЖ БДУ:

“Я лічу, што падобныя сустрэчы вельмі карысныя і практычныя. Я даведаўся шмат новага. Мне вельмі спадабаліся тыя праекты, якія прапанавалі аднакурснікі. Можна сказаць нават, што з усім сказаным і прапанаваным я згодзен больш чым на 100 адсоткаў. Ну а заключны ролік стаў выдатным заканчэннем цікавага мерапрыемства”.

Лізавета Шалай, удзельніца праекта, 1 курс ІЖ БДУ:

“Была такая афіцыйна-дзелавая атмасфера, але не абышлося без гумару і цёплых слоў. Асабіста мне спадабалася, што першакурснікі, новая кроў БДУ, змаглі падрыхтаваць свае праекты па паляпшэнні работы бібліятэкі. Працу нашай творчай групы прынялі бурнымі абмеркаваннямі, што не магло нас не парадаваць. Нават прапанавалі давесці яе да “стану” праекта. Выдатны старт!”

Хрысціна Скуратовіч, 1 курс ІЖ БДУ:

“Для мяне бібліятэка заўсёды было ціхім месцам, дзе размаўляць трэба толькі шэптам, але, як высветлілася, тут можа быць вельмі весела і цікава, дзякуй нашай бібліятэцы, абавязкова буду прыходзіць яшчэ!”

Крысціна ШУМАЙ

Больш фота з форуму глядіце тут

Фота Ганны ЗАНКОВІЧ

print

Вам таксама можа спадабацца: