Сёлета тысячы хлопцаў і дзяўчат сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў. Напэўна, усе з нас памятаюць тое шчаслівае імгненне, калі кожны, заміраючы ад хвалявання, знаходзіў сваё імя ў спісе залічаных. Паступіў !!! Гэта было сапраўднае свята! Але … святы, як вядома, сканчаюцца хутка. За імі ідуць будні. Учорашняму абітурыенту не заўсёды лёгка ўпісацца ў новае, студэнцкае жыццё. Пра выбар сваёй будучай прафесіі і пра новае жыццё распавялі цяперашнія першакурснікі БДУ.
«Я ніколі не думала, што буду вучыцца ў БДУ. Яшчэ ў дзяцінстве была ўпэўненая, што буду юрыстам. У апошні дзень прыёмнай камісіі я вырашыла рызыкнуць і падала дакументы на юрыдычны факультэт БДУ. І да гэтага часу мне ня верыцца, што я паступіла ў найлепшую ВНУ краіны », – дзеліцца сваімі ўражаннямі Аня Харытонава, першакурсніца юрыдычнага факультэта Белдзяржуніверсітэта.
«БДУ – найлепшы ўніверсітэт у Беларусі! У мяне была мара паступіць у гэтую ВНУ. Цяпер я студэнт механіка-матэматычнага факультэта, накірунку «навукова-канструктарская дзейнасць». А чаму менавіта мехмат? Гэта даволі прэстыжны факультэт. Ды і ў нейкім іншым месцы я сябе не ўяўляю», — кажа першакурснік Дзіма Чарапан.
Вікторыя Шчаглова: Я выбрала БДУ па вельмі простай прычыне – гэта найлепшы ўніверсітэт краіны. А куды ж імкнуцца, як не да найлепшага? Філалагічны факультэт і спецыяльнасць «Славянская філалогія» я выбрала таму, што мовы – гэта сіла, чым больш іх ведаеш, тым больш магчымасцяў адкрываецца, – сказала Вікторыя Шчаглова, першакурсніца філалагічнага факультэта.
Насцю Збераноўскую, студэнтку Інстытута журналістыкі, спецыяльнасць “Друкаваныя СМІ”, даўно цікавілі зносіны з людзьмі, ёй падабалася хадзіць на розныя мерапрыемствы. «У прафесіі журналіста гэта як раз-такі ўсё маецца. Таму я пачала шукаць універсітэт, дзе я магу атрымаць такую спецыяльнасць. Для мяне важная рэпутацыя ўніверсітэта, яго статус. А БДУ – гэта найлепшая ў Беларусі ВНУ, уваходзіць у 2% лепшых універсітэтаў свету. Бацькі падтрымалі мой выбар, на шчасце. На гэтым мы і вырашылі скончыць пошукі. Наведвала падрыхтоўчыя курсы ў МАІРА і летнія курсы ў Інстытуце журналістыкі – зразумела, што мне гэта падабаецца. Дарэчы, у сваім горадзе ў мяне меўся досвед працы журналістам», – кажа Насця.
На маё пытанне: «Чаму ўсё-ткі БДУ?» Маша Бялевіч, студэнтка гістарычнага факультэта, спецыяльнасці гісторыка-архівазнаўства, адказала: — Таму што ўсе дарогі вядуць у БДУ! Хоць, на самай справе, я мэтанакіравана ехала падаваць дакументы ў педагагічны універсітэт імя Максіма Танка, які знаходзіцца побач. Вельмі прывабнай была перспектыва атрымаць інтэрнат, аднак, не ў жылплошчы шчасце, вырашылі мы з мамай. А канчатковае рашэнне было прынята з дапамогай падкінутай манеткі. З факультэтам таксама было не ўсё проста, класа з сёмага я была перакананая, што пайду на журфак, але зоркі склаліся інакш. І вось я на гістарычным факультэце, ні пра што не шкадую. Выкладчыцкі склад вельмі радуе, на парах сапраўды цікава, ды і хлопцы-аднагрупнікі ў мяне добрыя. Але мара аб журналісцкай кар’еры не адпускае, і я думаю, што змагу рэалізаваць сябе і ў гэтым кірунку, нездарма ж кажуць, што БДУ – ВНУ магчымасцяў. Маша Бялевіч БДУ не толькі ВНУ магчымасцяў! БДУ сам знаходзіць сваіх студэнтаў.
Наташа Міхальцова часта чула пра альма-матар, калі ўдзельнічала на рэспубліканскай алімпіядзе па хіміі сярод школьнікаў. Усе сумненні наконт выбару ВНУ зніклі, калі ёй прыйшоў запрашальны ліст ад найлепшага універсітэта краіны. А любоў да хіміі дапамагла Наташы з выбарам факультэта, цяпер яна студэнтка хімфака Белдзяржуніверсітэта.
Адчуванні пасля першага вучэбнага тыдня ў дзяўчат выдатныя. Асаблівай нагрузкі пакуль не адчуваюць, але ў галовах ўжо маячыць думка пра тое, што ўся адказнасць цяпер ляжыць толькі на іх плячах. «Істотна адрозніваюцца метады адукацыі ў школе і універсітэце, тут мы працуем самі на сябе, ніхто “цягнуць нас за вушы”, як у школе, ужо не будзе», — кажа Віка.
«Хай складана і дзесьці незразумела, але цікава», – дзеліцца Вольга Баярчук, студэнтка факультэта міжнародных адносін, спецыяльнасць «Міжнародны турызм».
Наташа кажа пра тое, што ёсць і плюсы і мінусы ў студэнцкім жыцці: плюсы – гэта насычанае жыццё, шмат прыемных знаёмстваў, эмоцый, уражанняў, мінусы – гэта амаль заўсёды ўставаць да першай пары, не высыпацца, ды і задаюць вялікі аб’ём пісьмовай працы. Некаторыя студэнты ўжо змаглі знайсці для сябе любімы прадмет: – Мне падабаецца педагогіка. Тут ролю адыграў і выкладчык. Мы яго паважаем, трохі пабойваемся (жартую), але ўжо з першых пар ўважліва слухаем. Спадзяюся, у будучыні не змяню меркаванне наконт гэтага прадмета, – кажа Наста.
Машы і Віке вельмі спадабаліся замежныя мовы. Хоць дзяўчыны толькі пачынаюць спасцігаць асновы славацкай і польскай моваў, але гэта ўжо вельмі цікава і захапляльна.
Дзяўчаты і хлопцы не па чутках ведаюць пра вялікую колькасць гурткоў, секцый і студэнцкіх арганізацый у БДУ, якія праводзяць розныя мерапрыемствы і робяць студэнцкае жыццё больш вясёлым, цікавым і разнастайным.
«У БДУ можна знайсці сябе і паспрабаваць сябе ва ўсім, што толькі можна. Я, напрыклад, ужо паспела запісацца ў выдатную студыю “MIM-BSU”, і ўсім раю», – дзеліцца ўражаннямі Маша. Кожны з іх чакае ад вучобы велізарных магчымасцяў, шмат новай і карыснай інфармацыі, прыемна праведзенага часу. Кожны будзе імкнуцца атрымаць як мага больш ведаў, каб у будучыні стаць добрым спецыялістам. Кожны хоча, каб гэтыя пяць гадоў апынуліся самымі выдатнымі ў іх жыцці.
У канцы нашай гутаркі я спытала ў хлопцаў і дзяўчат, што б яны хацелі пажадаць БДУ і, у прыватнасці, першакурснікам?
Насця Збераноўская: «Не бойцеся замахнуцца на такі прэстыжны ўніверсітэт. Сюды можна паступіць, гэта цалкам рэальна».
Вікторыя Шчаглова: «Жадаю БДУ не пераставаць удасканальвацца, а першакурснікам – рэалізаваць увесь свой патэнцыял».
Вольга Баярчук: «Жадаю разумных і вясёлых студэнтаў».
Аня Харытонава: «Я хачу пажадаць БДУ яшчэ больш таленавітых і разумных студэнтаў, якія змогуць праславіць наш універсітэт. Першакурснік, я жадаю табе цярпення, сіл, і стараннасці».
Наташа Міхальцова: «Кладзіцеся спаць крыху раней. Яшчэ хачу пажадаць, каб гэтыя гады вам запомніліся не толькі вучобай, але і ўсялякімі прыемнымі момантамі. Ну і тое, што б вучыліся на выдатна».
Маша Бялевіч: «БДУ, я жадаю не толькі трымаць планку самай прэстыжнай ВНУ краіны, але і падымаць яе ўсё вышэй і вышэй. А студэнтам і, у прыватнасці, першакурснікам, жадаю дзейнічаць і нічога не баяцца, бо цяпер – самы час знайсці сябе і паказаць гэтаму свету, атрымліваць асалоду ад жыцця і самога сябе, а ў БДУ для гэтага ёсць усё неабходнае».
Дзмітрый Чарапан: «БДУ ўнайлепшы ніверсітэт у Беларусі, што яшчэ можна пажадаць? Ну калі толькі стаць найлепшым у свеце!»
Ганна ЗАНКОВІЧ