Алена Масла: “На журфаку нам не падразалі крылаў…”

31 Oct, 2014.

Алёна Масло

   У лістападзе факультэт журналістыкі БДУ адзначае 70-годдзе.  За гэты час выпусцілася тысячы выдатных спецыялістаў.  Адна з іх – журналіст і пісьменніца Алена Масла.
У розныя гады, яна, аддаючы перавагу “дзіцячай” журналістыцы, працавала ў выданнях “Піянер Беларусі” (“Раніца”), “Туризм и отдых”, “Качели”. Была галоўным рэдактарам газеты “Переходный возраст” і часопіса “Бярозка”, загадвала рэдакцыяй дзіцячай літаратуры ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Аўтар кніг казак, серый кніг для дзяцей і падлеткаў. Лаурэат прэміі Васіля Віткі, прэміі “За лепшы твор для дзяцей – 2010”, “Дыплома чытацкіх сімпатый-2007” ББА, прэміі ББА “Бібліязважанне-2013”. Член рэдкалегіі часопіса “Вясёлка”, шэрагу часопісаў выдавецтва “Пачатковая школа”.
 — Алена Сцяпанаўна, вы з 1984 па 1989 год вучыліся на факультэце журналістыкі БДУ. Што значыць для вас гэты факультэт? Што ён вам даў у станаўленні вашага творчага жыцця?
— Адчуванне свабоды! Праўда, я нават не ўяўляла да паступлення ў ВНУ, што вучоба можа складацца толькі з прыемнасцяў! Гуманітарыі мяне зразумеюць: на журфаку не трэба было штудзіраваць алгебру, геаметрыю, фізіку ды іншыя прадметы, на якія ў школе столькі часу сыходзіла! Я з залатым медалём школу скончыла, і на журфак паступіла, прайшоўшы творчы конкурс і здаўшы толькі адзін іспыт – па беларускай мове і літаратуры –толькі гэтым можна было апраўдаць час, патрачаны на “не любімыя” прадметы.
Я мела шчасце вучыцца ў Бондаравай Ефрасінні Леанідаўны, Стральцова Барыса Васільевіча, Арловай Таццяны Дзмітрыўны, Кірылавай Таццяны Дзмітраўны, Наркевіча Аркадзя Іосіфавіча, Каваленкі Міколы Рыгоравіча, Рудэнка Ангеліны Аляксандраўны… Кожны з іх – не проста выкладчык — постаць! Гэта, канешне, разумееш з гадамі. А тады, у студэнцкую пару, проста трэба было не ленавацца браць тое, што яны шчодра прапаноўвалі нам. Акадэмічныя веды, якія грунтаваліся на глыбокім вывучэнні прадмета, і кругагляд, які яны імкнуліся пашыраць. Напрыклад, нам, студэнтам, быў адкрыты ўваход на закрытыя прагляды ў Дом кіно і ўдзел ў дыскусіях з прафесіяналамі – дзякуючы Бондаравай Е. Л.  Разам з Арловай Т. Д. хадзілі на спектаклі, а пасля іх нам арганізоўвалі сустрэчы з рэжысёрам і акцёрамі.
Самае галоўнае – на журфаку нам не падразалі крылаў. Вучылі думаць, аналізаваць, разважаць, фармуляваць і выказваць свае думкі. Навыкі, неабходныя і ў прафесіі, і па жыцці. А што да творчасці – яна грунтуецца на гэтых складальніках.
 —  Калі вы пачалі друкавацца? Якім чынам  вырашылі стаць менавіта пісьменніцай-казачніцай, бо вучыліся вы на журналіста?

Алена Масло
—   Друкавацца я пачала, сапраўды, у чацвёртым класе, у раённай газеце “Сцяг працы” (цяпер “Мёрскія навіны”). Гэта былі казкі. Іх друкаваў і рэспубліканскі часопіс “Бярозка”, пасля – газета “Чырвоная змена”. Казкі гучалі ў радыёперадачах “Рамантыкі” і “Нашы першыя сцяжынкі”.
Была актыўным юнкорам у газетах “Піянер Беларусі” і “Зорька” і не аднаразова перамагала ў розных юнкораўскіх і літаратурных конкурсах, якія ладзілі гэтыя выданні. Дарэчы, на журфак паступала з рэкамендацыямі ад некалькіх выданняў, з тоўстай папкай публікацый. Выбар факультэта, якраз-такі, лагічны, калі на працягу вучобы ў школе амаль што ўвесь час друкаваўся.

Алена Масло Шарж Аляксандра Каршакев¦ча в Вожыку
Ну, а што да казак… З іх пачыналася маё творчае жыццё, я актыўна пісала ў школьную пару. Кнігі пачалі выходзіць у 2005 годзе – “Каляды з хроснай” і “Таямніца закінутай хаты”, адразу дзьве. Гэта пасля падарожа па Швецыі, натхнёная прыкладам Астрыд Ліндгрэн, якая у 37 гадоў пачала друкавацца. Я вярнулася дадому і адважылася сабраць і аднесці ў выдавецтва тое, што было напісана ў мяне. Прынялі, надрукавалі!

Першыя кнігі Алены Масла ў 2007 годзе адразу былі адзначаны “Дыпломам чытацкіх сімпатый” Беларускай Бібліятэчнай Асацыяцыі – у адным шэрагу з такімі масцітымі аўтарамі, як Леанід Дранько-Майсюк, Павел Місько.  Для аўтара гэты дыплом —  вельмі важная узнагарода. Яго даюць аб’ектыўна, згодна чытацкаму рэйтынгу: кампутарная база дадзеных лёгка вызначае колькасць запытаў кнігі. Узнагароджваюцца найбольш чытэльныя.
Сёння пісьменніца мае шэраг кніг-казак, якія выходзілі не толькі ў Беларусі, але ў Расіі і Украіне.
 — Зараз шмат настаўнікаў, псіхолагаў адзначаюць, што дзеці, падлеткі ўсё менш і менш цікавяцца ўсім казачным і незвычайным…
— Хіба так?Якраз-такі я ведаю, што казкі і фэнтазі – па-ранейшаму запатрабаваныя жанры. І нешта падказвае мне – як толькі людзі перастануць цікавіцца казачным і незвычайным, штосьці ў свеце безваротна згубіцца, прападзе! І шматгадовая практыка ў выдавецтве сведчыць пра тое, што кнігі казак карыстаюцца попытам. Іншая справа, што, сапраўды, на сёння бракуе рэалістычнай прозы для дзяцей і падлеткаў – кніг, падзеі ў якіх дзеці маглі б суаднесці з рэальным жыццём… Дарэчы, я сама пачала пісаць рэалістычную прозу – не так даўно ў “Маладосці” друкавалася апавяданне “Апошні дзень лета”. Цяпер пішу невялікую аповесць “Журавінавая кроў”, працую над апавяданнямі.
— Што зараз для вас значыць творчасць?
— Магчымасць руху па жыцці і асэнсавання свету. Здольнасць здзіўляцца і здзіўляць. Спасцігаць новыя веды, спрабаваць сябе ў розных сферах – вось, на маю думку, творчы падыход да жыцця.
—  Ці ёсць ў вас хоббі?  Раскажыце аб ім?
— У розныя часы былі розныя. Была апантанай аўтамабілісткай. Займалася роспісам шкляных бутэлек. Падарожнічала. Разводзіла кветкі… Апошнім часам майструю традыцыйных народных лялек – абрадавых, абярэжных, гульнявых. У кожнай з іх – цудоўныя гісторыі, за кожнай з лялек — цэлы пласт народных традыцый.Спасцігаць іх, а таксама майстраваць – цудоўнае баўленне часу, асабліва калі настрой падняць трэба. Пачынаеш майстраваць – рукі працуюць, галава ад цяжкіх думак вызваляецца, на душы святлее!
  — У чырвені 2013 года на конкурсе праектаў кампаніі “Будзьма беларусамі!” вы сталі адной з пераможцаў са сваім праектам “МілашОўска-МІлашаўскія чытанні”.  Якім чынам узнікла ідэя праекта?  У чым заключаецца ўнікальнасць “Міла-ШОУ”?  Што незвычайнае было ў праграме гэтага года?
—  Праект распачала ў 2011 годзе – падчас стогадовага юбілею Чэслава Мілаша, Нобелеўскага лаурэата. Я родам з вёскі Мілашова, што на Мёршчыне. Мілашова і Мілашы – ці звязаныя паміж сабой, і як? Вось на якія пытанні даўно шукаўся адказ.
Звязаныя, і самым непасрэдным чынам! Мілашы, што закладалі фальварак Ідолта-Мілашова на маёй радзіме і якім перайшло валоданне Чарэяй – блізкія сваякі Чэславу Мілашу. А што да Оскара Мілаша – французскага паэта-містыка – то ён нарадзіўся ў Чарэі. А прадзед яго якраз і выкупляў у Сапегаў Чарэю і Мілашова…
Разблытваючы клубок таямніц, прыдумала праект  “Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні”.  Літаратурна-мастацкія вечарыны ладзіла ў Мінску, Віцебску, у сябе на радзіме – у Мілашове і Мёрах. А гэты год, урэшце, і Чарэйская старонка Чытанняў адгорнута – мне пашчасціла пабываць у Чарэі. У гэтым і палягала ўнікальнасць сёлетніх Чытанняў – Мілашова і Чарэя нібы наноў паядналіся. Госці з Чарэі былі ў “Кніжным салоне”, дзе ладзілася вечарына. А ўвесну збіраюся зладзіць літаратурна-музычную экспедыцыю з Мінска ў Чарэю.
Радуе, што гэты праект аб’яднаў мноства творчых людзей – літаратараў, музыкаў, краязнаўцаў, акцёраў, журналістаў! Цікавыя мерапрыемствы – наперадзе – якраз цяпер працую над шэрагам Чытанняў у Літве.
Але “Мілашоўска-Мілашаўскія чытанні” – не адзіны мой аўтарскі праект. Вось Вы ведаеце, што з 2009 года свята Масленіцы прыватызаванае? Натуральна, мной! У сталічнай бібліятэцы імя Цёткі я праводзіла літаратурную вечарыну  “МАСЛеніца: імпрэза не з бойкай, а з МАСЛАбойкай”.  Цудоўная літаратурная Масленіца атрымалася! Мару праводзіць яе штогод!
Цяпер жа, да старога Новага году, рыхтую казачную вечарыну, якая станецца прэзентацыяй арт-студыі “Казка” – гэта яшчэ адзін з маіх праектаў, здзяйснення якога чакаю – не дачакаюся. Думаю, будзе вельмі цікава і не звычайна. Па-казачнаму!
 — Ці цяжка сумяшчасць сям’ю і творчасць? Як да вашай творчасці ставяцца вашыя дзеці?

Алена Масло У кватэры Астрыд Л¦ндгрэн падчас удзелу в мерапрыемствах цырымон¦¦ взнагароджання прэм¦яй Астрыд Л¦ндгрэн 2009 год
—  У беларусаў ёсць такі выраз: “Свая ношка не цяжкая”. Мая сям’я – гэта частка мяне. І творчасць – частка мяне. Разам  і ёсць – я. Я не падзяляю сям’ю і творчасць. Да маіх заняткаў у сям’і ставяцца з вялікай павагай, падтрымліваюць мяне. Так і я стаўлюся да сваёй сям’і – цікаўлюся справамі кожнага і падтрымліваю ў захапленнях і дзейнасці сваіх дзяцей і мужа.
  —  У гэтым годзе факультэт журналістыкі БДУ адзначае свой юбілей – 70-годдзе. Што можаце пажадаць студэнтам факультэта і усім студэнтам, якія мараць звязаць сваё жыццё з творчасцю?
—  Вучыцца цаніць каштоўнасць дня сённяшняга, строіць смелыя планы на будучыню, браць урокі ў мінулага! На журфаку па-ранейшаму – вельмі цікавы выкладчыцкі склад – і старэйшыя выкладчыкі, і маладыя. Адна толькі кафедра літаратурнай крытыкі чаго вартая! Таму – умейце супрацоўнічаць са сваімі выкладчыкамі, навучыцеся бачыць у іх не людзей, якія імкнуцца нашкодзіць на экзаменах, а на дасведчаных спецыялістаў, здольных і ахвотных перадаваць вам свае веды і досвед!
Не забывацца на тое, што ўсё, што робіцца і ствараецца ў жыцці – павінна быць для чалавека, дзеля яго радаснага жыцця ў гэтым свеце. Не тэхналогіі дзеля тэхналогій, дзеля высокіх прыбыткаў – а для жывога чалавека! Быць такімі, каб у скрушныя моманты жыцця людзі маглі даверыць вам свае праблемы і смутак, а вы здольныя былі ім дапамагчы. І падтрымаць у поспехах і радасці! Журналістыка – вельмі адказная ў гэтым сэнсе прафесія.

 Фаіна НАКАНЕЧНАЯ

Алена МаслоУ вобразе полацкай княг¦не на кн¦жнай выставе, разам з М¦колам Чарнявск¦м -- паэтам, наставн¦кам
Традыцыйная лялька На шчасце Автар Алена Масла

Аддарачак на падаруначак ляльк¦.Мае

 

print

Вам таксама можа спадабацца: