7 кастрычніка ў БДУ прайшоў Дзень маладога супрацоўніка «The big day at BSU». На мерапрыемства запрасілі 100 спецыялістаў БДУ, якія зусім нядаўна працуюць ва ўніверсітэце.
Самаму старэйшаму супрацоўніку было 26 гадоў, а самаму малодшаму – 21. У нашым універсітэце працуюць выпускнікі не толькі БДУ, але і іншых ВНУ. Таму было асабліва важна пазнаёміць маладых супрацоўнікаў з гісторыяй і магчымасцямі БДУ.
Удзельнікі мерапрыемства наведалі музей гісторыі БДУ, а таксама музей землязнаўства на геаграфічным факультэце.
Працягнуў сустрэчу рэктар Сяргей Абламейка. Кожны мог задаць яму пытанне і атрымаць адказ з першых вуснаў. Першы прарэктар БДУ Міхаіл Жураўкоў распавёў супрацоўнікам пра магчымасці і сацыяльныя гарантыі БДУ. Наш універсітэт настолькі вялікі, што ведаць усё проста немагчыма. Аднак самай галоўнай задумай мерапрыемства было тое, што кожная ідэя, кожны праект, які ініцыюе супрацоўнік нашай ВНУ, будзе падтрыманы і ўвасоблены, галоўнае – пісьменна прадумаць канцэпцыю і звярнуцца да кампетэнтнага спецыяліста.
Чаму выбралі працу ў БДУ і ці даведаліся пра яго штосьці новае, падзяліліся ўдзельнікі:
Яўген Маслоўскі, 23 гады, спецыяліст аддзела фундаментальных і прыкладных даследаванняў Галоўнага ўпраўлення навукі БДУ:
«Я абраў БДУ, таму што гэта прэстыжная ВНУ, а Галоўнае ўпраўленне навукі – гучыць самавіта. Не жадаў так хутка развітвацца з універсітэтам, які дазволіў цікава і весела вучыцца на працягу 5 гадоў. У БДУ я бачу вялікія магчымасці для кар’ернага росту. Мерапрыемства прадэманстравала шляхі паляпшэння жыллёвых умоў для маладых супрацоўнікаў, а таксама дадатковага заробку, аздараўлення і вольнага часу. У мяне з’явілася шмат планаў і ідэй, але пакуль я працую крыху больш за месяц, яшчэ неабходна асвоіцца ў калектыве, а ўжо потым загадваць».
Ганна Кузьмянкова, 23 гады, выкладчык кафедры тэхналогій камунікацыі Інстытута журналістыкі БДУ:
«Я не сумнявалася ў выбары БДУ як месца працы, бо гэта натуральна для чалавека – актыўна ўдзельнічаць у развіцці арганізацыі, якая доўгі час з’яўлялася роднай. Лічу мерапрыемства для маладых супрацоўнікаў БДУ вельмі карысным як мінімум у тым, каб усвядоміць уласную значнасць, свае перспектывы і магчымыя праекты, якія прынясуць універсітэту «прафіт», а супрацоўніку задавальненне і прыбытак. Я даведалася, што ўніверсітэт падтрымае мяне, калі я захачу распрацаваць дысцыпліну на англійскай мове. Думаю, што я гэтую ідэю рэалізую ў хуткім часе».
Іван Жукаў, 22 гады, метадыст аддзела моладзевых праграм і праектаў упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю БДУ:
«Звязаць свае жыццё з універсітэтам я планаваў ужо пасля трэцяга курса. Культурна-грамадскае жыццё зацягнула мяне настолькі, што я ўжо не ўяўляў сябе па-за сценамі БДУ. Сёння, акрамя маёй асноўнай працы, у мяне ёсць уласныя праекты (напрыклад, творчая студыя «MiM-BSU»), якія падтрымлівае адміністрацыя БДУ, што вельмі моцна матывуе на далейшую працу. На гэтым спыняцца не збіраюся і ўжо ўвасабляю ў жыццё новыя ідэі, у тым ліку дапамагаю нашым студэнтам у рэалізацыі ўласных праектаў. На мерапрыемства ішоў з вялікім задавальненнем, хацелася пазнаёміцца з тымі, ад каго залежыць будучыня нашага ўніверсітэта. Я думаў, што даведацца нешта новае не атрымаецца, бо ўжо не першы год ва ўсім гэтым кручуся, але я памыляўся. Інфармацыя насамрэч была карысная. Выступленні натхнілі і прымусілі задумацца пра сваю далейшую працу і пра тое, што я хачу зрабіць у БДУ!»
Мерапрыемства арганізавала ўпраўленне кадраў.
Ксенія КАРАВАЯ
Рэпартаж з дня маладога супрацоўніка