80-гадовы юбілей – гэта гістарычная дата для факультэта. Гістфак за такі перыяд прайшоў складаны шлях. Дэкан факультэта дацэнт Сяргей Ходзін падзяліўся з намі сваімі меркаваннямі наконт ролі сучаснай гістарычнай навукі.
– Сучаснае грамадства змяняецца з такой хуткасцю, што, здаецца, навуцы складана своечасова адказваць на яго новыя патрабаванні. Сяргей Мікалаевіч, на Ваш погляд, ці захоўваюць гістарычныя даследаванні сваю актуальнасць у новых умовах?
– Мне адразу ж узгадваюцца словы мітрапаліта Філарэта пра тое, што ўсе дасягненні навукі і тэхнікі ў першую чаргу павінны быць скіраваны на высокае служэнне Чалавеку. Зараз, калі так хутка ўзрастае роля інфармацыйнага складніка, істотна павялічваецца роля асэнсавання і разумення ўсёй гэтай інфармацыі. Таму я б казаў і пра ўзрастанне ролі гісторыі, і пра вялікую значнасць гуманітарных навук у цэлым.
– Што менавіта можа даць чалавеку гістарычная адукацыя?
– Перш за ўсё яна дае магчымасць ведаць і кіравацца высокімі ідэямі, быць сучаснай, адукаванай асобай.
– У чым заключаецца, на Вашу думку, сэнс сучаснай гістарычнай навукі?
– Гісторыя як навука сёння становіцца менавіта тым цэнтрам, які збірае і асэнсоўвае вялікі аб’ём інфармацыі, атрыманы ад шматлікіх гуманітарных і нават прыродазнаўчых дысцыплін у дачыненні да Чалавека. Сучасны гісторык імкнецца разгледзець за масамі і рознымі грамадскімі класамі звычайнага чалавека: чым ён жыў, што яго захапляла і непакоіла. Гісторык таксама бачыць у факце вынік пераемнасці адной эпохі ад другой. Маладому пакаленню часам здаецца, што можна змяніць усё ў імгненне вока, і вельмі часта яно тут памыляецца. Гісторыі выпадае аналізаваць глыбінныя працэсы і вучыць пазбягаць памылак.
– У чым роля беларускага гісторыка?
– Сучаснае грамадства напоўнена супярэчлівымі працэсамі. Яскравы прыклад гэтаму – працэс глабалізацыі, які прывёў да ўзрастання незвычайнай цікавасці да нацыянальнай гісторыі, да сваіх родных каранёў, адчування непарыўнай сувязі з Радзімай. І гісторык на фоне ўсяго гэтага выконвае велізарную ролю па аднаўленні сваёй мовы, гісторыі, традыцый. Аднак пры ўсім ён не павінен спрыяць пагаршэнню адносінаў паміж суседзямі, хутчэй, наадварот. Гісторыя – тое, што нас аб’ядноўвае. І сапраўдны гісторык павінен умець не супрацьпастаўляць адно іншаму.
– Назавіце, калі ласка, галоўныя, на Ваш погляд, падзеі ў 80-гадовым жыцці факультэта, якія паўплывалі на яго лёс, найбольш адбіліся на ім.
– Жыццё факультэта непарыўна звязана з гісторыяй БДУ і краіны. Таму тут складана вылучыць нейкія асобныя старонкі. Вялікім выпрабаваннем стала вайна. Студэнты і супрацоўнікі факультэта, аднак, не толькі змагаліся на фронце і ў тыле ворага, але і ўдзельнічалі ў аднаўленні БДУ на ст. Сходня. Пасля вайны ў аўдыторыях побач працавалі студэнты, выкладчыкі і з навуковымі ступенямі, і з вайсковымі ўзнагародамі. Што хацелася б пазначыць: вайна не знішчыла ў іх спагаду, павагу да чалавека. Прыкладам можна прывесці танкіста, ардэнаносца, дэкана факультэта Пятра Захаравіча Савачкіна. На мерапрыемствах, якія адбыліся з нагоды 100-годдзя з дня яго нараджэння, пра яго з цеплынёй і шчырасцю ўспаміналі яго вучні і ўвогуле ўсе тыя, хто меў шчасце быць побач з ім хоць нейкі час. І пералік такіх асоб мог бы заняць увесь артыкул.
– Сяргей Мікалаевіч, якую ролю Вы надаяце развіццю гістфака ў пасляваенны перыяд?
– Калі ідзе размова пра той час, то любяць узгадваць пра моцную ідэалагізацыю гісторыі, што, па вялікім рахунку, з’яўляецца праўдай. Але гэта не азначае, што ідэалогію ўвогуле трэба адкінуць і забыцца пра яе. Калі няма сваёй ідэалогіі, то на яе месца прыходзіць чужая. Аднак і ў той час ствараліся па-сапраўднаму таленавітыя працы, якія не губляюць актуальнасці і зараз. Мы да нашага часу не толькі памятаем сваіх настаўнікаў, але і прапануем сваім вучням падручнікі, манаграфіі, артыкулы, створаныя імі. Факультэт заўсёды быў багаты на асобы.
– Сяргей Мікалаевіч, што змянілася на гістарычным факультэце за апошні перыяд развіцця?
– Факультэт з’яўляецца сапраўды сучасным. І тут маюцца на ўвазе не толькі методыка, абсталяванне і тэхналогіі. Ідзе істотнае амаладжэнне выкладчыцкага складу. Пры гэтым мы з’яўляемся першымі ў БДУ па колькасці супрацоўнікаў, якія маюць навуковыя ступені. Адукацыя, выхаванне і даследаванне вызначаюцца намі ў непарыўным адзінстве. Ведаючы мінулае, прымаючы актыўны ўдзел у сучасным жыцці, мы накіраваны ў будучыню.
Уладзіслаў ШУР