Кулінарная бітва: цыгане з “Табару” перамаглі фруктовых ніндзя, саловак, пампушак і хударлявак (+відэа)

2 Oct, 2014.

Победители - команда общежития №2 Табор
Дождж і сонца вядуць бітву за наш штодзённы настрой, ужо выразна чутныя першыя крокі восені. Халады ўжо на шляху ў нашы дамы, і вельмі хутка вечары мы будзем бавіць у цяпле і ўтульнасці – дома. Можна будзе расслабіцца і прыемна правесці час на кухні гатуючы, запрасіць гасцей і пачаставаць іх сваімі кулінарнымі вынаходствамі. Студгарадок БДУ вырашыў праверыць, ці гатовыя студэнты прымаць гасцей на званыя вячэры і як ідзецца з утульнасцю на кухнях студэнцкіх інтэрнатаў.
24 верасня ў інтэрнаце № 2 Студэнцкага гарадка БДУ ў рамках Фэсту студэнцкай творчасці прайшло самае чаканае і смачнае мерапрыемства гэтай восені і новага навучальнага года – “Кулінарны конкурс”. За права валодаць званнем “сапраўдных кулінараў” на поле бітвы з патэльнямі і рондалямі ў руках ваявалі прадстаўнікі інтэрнатаў нашага ўніверсітэта. У конкурсе прынялі ўдзел 7 каманд, кожная з якіх мела свой індывідуальны стыль і адрознівалася арыгінальнасцю. Чаго вартыя адны назвы каманд: інтэрнат № 1 – Black and white, інтэрнат № 2 – “Табар”, “Гільдыя кухараў” з чацвёртага інтэрната, інтэрнат № 6 – Fruit ninja, “сямёрка” – “Пампушкі і хударляўкі”, “Салоўкі” з Гаю і “Аграгарадок” з “адзінаццаткі”. Кожная каманда прадстаўляла сябе па-свойму: хтосьці дэкламаваў слоганы, хтосьці чытаў рэп або варажыў па далоні прадстаўнікам журы.

5
Каб усе каманды былі ў роўных умовах, удзельнікам быў прапанаваны аднолькавы набор прадуктаў і дзве гадзіны, фантазію ж кулінараў абмяжоўвалі толькі магчымасці кухні інтэрната, але калі студэнтаў гэта магло спыніць? На суд журы павінны былі быць прадстаўленыя тры стравы: халодная закуска, гарачая (асноўная) страва і дэсерт, прыгатаваны загадзя. Журы ацэньвала не толькі смакавыя якасці, але і знешні выгляд страў, арыгінальнасць рэцэпту, візітоўку каманды і тое, якім чынам былі прадстаўленыя прыгатаваныя стравы.

2
Аднак “Кулінарны конкурс” – гэта не толькі каманда, кухня і гатаванне, гэта яшчэ і атмасфера. Кожная кухня, дзе працавалі нашы канкурсанты, сустракала стукам нажоў, груканнем посуду і, вядома, апетытнымі пахамі. Стравай дня стала рыба: запечаная ў духоўцы, рыба з бульбай, дранікамі, пад соўсам або з сырам – на любы густ. Халодная закуска пацешыла салатамі любых формаў і выглядаў. А дэсерты вылучаліся арыгінальнасцю і своеасаблівым знешнім выглядам. Кожная з каманд прыгатавала іх у сваім стылі: тут была і цыганка ў танцы, і ўтульная шакаладная хатка, і рассечаны кавун, і размаляваны торт з шакаладным лісцем, і салаўінае гняздзечка, і “пастамент жыццёвых прыярытэтаў”.

4

3
Журы дбайна ацэньвала кожную страву, нічога не пакінуўшы без увагі: апетытны выгляд, густ, тэхналогію гатавання, падачу. Пасля дэгустацыі і выстаўлення балаў пераможцам аднагалосна была прызнаная каманда інтэрната № 2 “Табар”. Усе каманды атрымалі дыпломы ўдзельнікаў конкурсу, а пераможцы – дыплом за першае месца і кнігі рэцэптаў, з якіх яны змогуць чэрпаць новыя ідэі для сваіх страў.
Каманда “Табар” падзялілася сваімі ўражаннямі: “Мы не былі збянтэжаныя тым, што трэбы было гатаваць рыбу, адзін з удзельнікаў нашай каманды жыве каля мора, і мы ведалі, што ён сапраўды справіцца з такой задачай. Для сваёй каманды мы выбралі вобраз цыган, бо яны вольныя, адкрытыя і яркія, гарачы народ, і кухня ў іх адпаведная. Мы любім гатаваць, і ў інтэрнаце часам ладзім вялікія вячэры. Таму было цікава прыняць удзел у “Кулінарным конкурсе”, а атрымаць перамогу – цікава ўдвая”.
Зараз становіцца ясна, што халоднымі вечарамі студэнты будуць вясёлыя, бадзёрыя і смачна накормленыя. Усім арыгінальных рэцэптаў і неперасоленай вячэры гэтай восенню!

Вольга ШАНЧУК
6

1

Відэасюжэт пра мерапрыемства стрелкa

print

Вам таксама можа спадабацца: