Навукоўцы БДУ будуць удзельнічаць у стварэнні кальцавога калайдара

24 Oct, 2014.

Нашы фізікі прапануюць тэхналогіі для стварэння гіганцкага паскаральніка часціц, які будзе магутнейшы за Вялікі адронны калайдар.

Пра гэта гаварылася падчас пленарных пасяджэнняў Міжна­род­най канферэнцыі «Інжынерыя сцынтыляцыйных матэрыялаў і радыяцыйныя тэхналогіі» (ІСМАРТ 2014). Навуковы форум прайшоў на базе БДУ ўпершыню.
У наш час распрацоўваецца пра­­грама мадэрнізацыі Вялікага адроннага калайдара (ВАК) у ЦЕРНе. Інстытут ядзерных праблем БДУ і Нацыянальны навукова-наву­чаль­ны цэнтр фізікі часціц і высокіх энергій прапануюць новыя прынцыпы дэтэктавання хуткіх сігналаў, радыяцыйна-ўстойлівыя матэрыялы, хуткую электроніку счытвання сігналаў, а таксама новыя прынцыпы кіравання пучкамі звышвысокіх энергій з дапамогай выгнутых крышталяў. Гэты навуковы праект ужо мае назву «Будучы кальцавы калайдар». Як адзначыў падчас канферэнцыі намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута ядзер­ных праблем БДУ прафесар доктар фізіка-матэматычных навук Аляксандр Лабко, дэталёвыя прапановы павінны быць выпрацаваны да 2018 года. Паводле праекта, гіганцкі кальцавы калайдар будзе пабудаваны ў «валадарствах» ЦЕРНа ў Швейцарыі і Францыі, яго акружнасць складзе 80–100 кіла­метраў (даўжыня тунэля ВАК – 27 кіламетраў), і энергія сутыкненняў часціц у ім будзе дасягаць 100 тэраэлектронвольт.

коллайдер бгу
Мой суразмоўца – загадчык лабараторыі фізікі высокіх энергій НДІ ядзерных праблем БДУ доктар фізіка-матэматычных навук Міхаіл КОРЖЫК. Яго навуковыя інтарэсы палягаюць у галіне стварэння новых крышталічных сцынтыляцыйных матэрыялаў, магчымасцяў іх ужывання ў дэтэктарах рознага прызначэння, распрацоўкі дэтэк­та­раў іанізацыйных выпрамень­ванняў для дазіметрыі, а таксама фізікі высокіх энергій, медыцынскіх і біямедыцынскіх дадаткаў. Пад яго навуковым кіраўніцтвам былі атрыманы вынікі, якія зрабілі магчымым правядзенне прынцыпова новых вымярэнняў рэдкіх падзей з павышанай дакладнасцю ва ўмовах моцных радыяцыйных палёў на паскаральніках з высокай свяціль­насцю. Падкрэслім, распрацоўкі Міхаіла Васільевіча выкарыстоў­валіся пры будаўніцтве Вялікага адроннага калайдара, у прыват­нас­­ці, пры стварэнні дэтэк­тараў ядзерных выпраменьванняў. Па да­­дзеных бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук РБ, Міхаіл Коржык уваходзіў у топ-10 самых цытаваных беларускіх навукоўцаў на працягу 2006–2010 гг. коржик
– Міхаіл Васільевіч, ядзернае прыборабудаванне – нарошчванне ваеннай моцы?
– Такая трактоўка састарэла. Ядзернае прыборабудаванне – гэта высокатэхналагічная галіна, да якой адносіцца дэтэктаванне іанізацыйнага выпраменьвання. Найноўшыя дасягненні выка­рыстоў­ваюцца ў матэрыяла­знаўстве, электроніцы і камп’ютар­ных тэхналогіях. У прыватнасці, прыборы і тэхніка дадзенага кірунку адаптавана ў навуковых даследаваннях і абсталяваннях: гэта і стварэнне эксперыментальных установак на паскаральніках элементарных часціц, і медыцынская дыягностыка, і кантроль пра­дуктаў харчавання. З дапамогай спецыя­лізаванай тэхнікі можна ажыццяў­ляць дыстанцыйны кантроль перамяшчэння грузаў і багажу, падземную навігацыю пры пошуку карысных выкапняў і многае-многае іншае.
– Як гэты сектар развіваецца ў нашай краіне?
– Трэба падкрэсліць, што істот­ным стымулам развіцця ядзернага прыборабудавання ў Беларусі стала аварыя на ЧАЭС. Тады ў адносна кароткія тэрміны былі закладзены асновы метадычнай базы, з’явіліся прыватныя і дзяр­жаўныя кампаніі, якія ствараюць шырокую наменклатуру вырабаў. У якасці прыкладу прывяду факт: пасля аварыі на атамнай станцыі «Фукусіма» ў Японіі беларускі вытворца «Атамтэх» (прадпрыемства адносіцца да Дзяржаўнага ваенна-прамыс­ловага камітэта РБ – заўв. аўтара) быў закантрактаваны на некалькі гадоў для вытворчасці абсталявання. Гаворка ідзе пра кантроль прадуктаў харчавання, вады і навакольнага асяроддзя на прылеглых тэрыторыях. Прадпрыемствы комплексу БДУ актыўна ўдзельнічаюць у рэалізацыі даследчых праграм, якія маюць агульнацывілізацыйнае значэнне. НДІ ядзерных праблем і Нацыянальны навукова-навучаль­ны цэнтр фізікі часціц і высокіх энергій БДУ стаялі ля вытокаў стварэння каларыметрычных дэтэктараў эк­сперыментальнай устаноўкі CMS на паскаральніку LHC у ЦЕРНе. Дадзеныя, атрыманыя з дапамогай гэтых дэтэктараў, унеслі вырашальны ўклад у адкрыццё базона, прадказанага Хігсам. Па навука­ёмістасці ядзернае прыборабудаванне не саступае інфармацыйным і біятэхна­логіям. І, што важна, мае высокі экспартны патэнцыял.
– Якія асноўныя кірункі і тэндэнцыі ў развіцці ядзернага прыборабудавання? І якое месца займае Беларусь у гэтым працэсе?
– Правядзенне міжнароднай канферэнцыі ІСМАРТ–2014 у БДУ з’яўляецца важным фактарам развіцця навуковых сувязяў у сферы ядзернага прыборабудавання. Наша краіна ў хуткім часе стане вытворцам атамнай энергіі. Таму наладжванне адукацыйных, навуковых і вытворчых сувязяў у галіне распрацоўкі і ўдасканалення абсталявання для вымярэння іаніза­цыйных выпраменьванняў з’яўля­ецца актуальным. Абмеркаваныя на канферэнцыі навуковыя пытанні будуць спрыяць прагрэсу ў ства­рэнні функцыянальных матэ­рыя­лаў для эксперыментаў на калайдарах новага пакалення, такіх як НІКА АІЯД і ВАК ЦЕРНа. Таксама рас­п­ра­цоўкі навукоўцаў БДУ знайшлі практычнае выкарыстанне ў медыцынскай дыягностыцы, экалагіч­ным маніторынгу і пра­мысловасці.
Аднак не варта забываць, што ядзернае прыборабудаванне ста­но­віцца полем жорсткай канку­рэн­цыі паміж кампаніямі, якія займаюцца даследаваннямі. І тут ізноў прывяду прыклад: развіццё падземнай ядзернай навігацыі з’яў­ляецца ключавым элементам у разведцы і асваенні запасаў вугле­вадародаў у Арктыцы. А ў нашай краіне маецца сур’ёзны вытворчы патэнцыял для выпуску такой высокатэхналагіч­най пра­дукцыі! Але для захавання канкурэнтных пераваг патрабуецца кансалідацыя навуковага па­тэнцыялу ў спалу­чэнні з сістэма­тычнай метадычнай працай. Пытанне стварэння адзі­нага эфек­тыўнага кампактнага ядзернага даследчага цэнтра на базе не­калькіх аргані­зацый Міністэрст­ва адукацыі і НАН Бела­русі цяпер актыўна абмяркоў­ваецца. У шмат­лікіх еўрапейскіх краінах, ды і не толькі там, падобныя структуры ствараюцца на базе вядучых універсітэтаў. Такія цэнтры спалучаюць у сабе адукацыю, навуковую і метадычную працу. Яны шырока інтэграваны ў міжнародныя даследчыя платформы і выконваюць сур’ёзную функцыю для адпаведнага сектара эканомікі сваёй краіны.

З гісторыі пытання
У канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя амерыканцы пачалі будаваць суперкалайдар SSC даўжынёй у 97 км, у тры разы большы за еўрапейскі. Але сам працэс надоўга зацягнуўся, бо выдаткі ў два разы перавысілі першапачатковы каштарыс. У 1993 годзе кангрэс ЗША спыніў фінансаванне дадзенага эксперыменту. Зараз, кажуць, у недабудаваным 97-кіламетровым “абаранку” вырошчваюць шампіньёны.

коллайдер бгу
Еўрапейскай арганізацыі ядзерных даследаванняў ЦЕРН 29 верасня 2014 года споўнілася 60 гадоў. Як сцвярджаюць аналітыкі, ЦЕРН – гэта адказ на вынаходства і выпрабаванне вадароднай і атамнай бомбаў. Яго арганізатары хацелі, каб вынікі навуковых адкрыццяў выкарыстоўваліся ў мірных мэтах. Сёння гэта найбуйнейшая лабараторыя фізікі элементарных часціц і ядзернай фізікі, дзе ставяць унікальныя эксперыменты (дастаткова ўзгадаць адкрыццё базона Хігса) і працуюць дзясяткі тысяч спецыялістаў з усяго свету. ЦЕРН вядомы перш за ўсё дзякуючы ВАК. Зрэшты, эксперыменты праводзяцца не толькі на ім.

Вялікі адронны калайдар названы “вялікім” з-за свайго памеру, яго перыметр каля 27 км; “адронным” – таму што ён паскарае пратоны і цяжкія ядры, якія з’яўляюцца адронамі (гэта значыць часціцамі, якія складаюцца з кваркаў);  “калайдарам” – бо ў ім паскараюць гэтыя часціцы ў двух пучках, якія цыркулююць у ім у процілеглых кірунках, і ў адмысловых месцах сутыкаюцца адзін з адным. Усе гэтыя працэсы адбываюцца пад зямлёй на глыбіні 100 метраў.

Базон Хігса
У 2012 годзе выяўлены базон Хігса – часціца, якая адказвае ў нашым Сусвеце за масу. Гэта быў апошні прадказаны элемент са Стандартнай мадэлі. Яго адкрыццё закрыла цэлую эпоху ў фізіцы элементарных часціц, падзяліўшы навуку на перыяды да і пасля базона Хігса. Навукоўцы мяркуюць, што базон Хігса – не адзіная новая часціца, якую адкрыюць на Вялікім адронным калайдары.

Bozon

Сумесная НІКА
Ніка – гэта паскаральнік цяжкіх іонаў. Ён майструецца на базе ўжо існага ў АІЯД (Дубна) нуклатрона. Асаблівасць: ён будзе працаваць у той вобласці энергій, якая не ахопліваецца ніводнай з цяперашніх установак у свеце, у тым ліку і Вялікім адронным калайдарам. Менавіта ў гэтай пакуль “мёртвай” для фізікаў зоне энергій ёсць шанец атрымаць змяшаную фазу ядзернай матэрыі – стан, у якім адначасова існуюць вызваленыя з ядра часціцы – кваркі і глюоны, а таксама самі ядры. Пакуль вольныя кваркі “злавіць” не атрымлівалася нікому ў свеце. Кошт устаноўкі ацэньваецца ў некалькі сотняў мільёнаў долараў. У стварэнні ўдзельнічаюць краіны, якія ўваходзяць у АІЯД.

091a3581b7c42295277f8767b7bf47b3 на 640+

Жанна ВАСАНСКАЯ

бозон

print

Вам таксама можа спадабацца: