Што будзе рабіць студэнт ў пятніцу вечарам? Нехта пойдзе адсыпацца, нехта – весяліцца, пакуль не схлынуў перадвыходны настрой. А ёсць хлопцы і нават дзяўчаты, што адпраўляюцца ў спорткомплекс БДУ, спускаюцца па лесвіцы на першым паверсе і трапляюць … не, не ў склеп, а на заняткі цяжкай атлетыкай, у прыватнасці — армрэслінгам.
Жадаючых паказаць сілу ў барацьбе на руках хапала ва ўсе часы. Пакуль што гэтая дысцыпліна не атрымала свайго месца сярод прызнаных алімпійскіх відаў спорту, затое засталася даступнай для ўсіх і кожнага. На першым курсе прыйсці ў групу, добрасумленна займацца, і разам з дыпломам аб вышэйшай адукацыі панесці з універсітэта ганаровае званне майстра спорту – гэта цалкам рэальна.
Спартсмены па армрэслінгу, як і іншыя асілкі БДУ, з 1991 года трапілі пад апеку заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь В. Ф. Кавалёва. 2007-2009 гады былі зорным часам для А. Савені і А. Кашпея – майстроў міжнароднага класа, бронзавых прызёраў свету. І хаця сёння такіх спартыўных велічынь на ўніверсітэцкіх факультэтах пакуль няма, трэнер Аляксандр Мікалаевіч ХМЯЛЕЎСКІ ўпэўнены, што таленты яшчэ прыйдуць.
— Новая каманда па армрэслінгу займаецца два гады. У ёй каля 30 чалавек, — распавядае А. Н. Хмялеўскі. – Усе з розных факультэтаў, розных курсаў і з рознай ступенню падрыхтоўкі. Асабліва ўпадабалі цяжкую атлетыку фізічны і радыёфізічны факультэты, а таксама факультэт прыкладной матэматыкі.
Для таго, каб прыйсці на занятак, не трэба з дзяцінства ламаць цэглу рукамі. Нават, калі гантэлі ты бачыш упершыню ў жыцці, на якасць заняткаў гэта не паўплывае.
— Спачатку ідуць больш агульныя практыкаванні, потым, з вопытам, павялічваецца працягласць трэніроўкі і колькасць спецыфічных спартыўных заданняў. – Тлумачыць трэнер “рэцэпт чэмпіёна”. – Ужо праз дзве-тры трэніроўкі будзе бачна: затрымаецца чалавек у камандзе, ці не. Звычайна, моладзь успрымае спорт як нешта крышачку цяжэй фізвыхавання і часцяком новыя людзі прыходзяць у залу “па прыколу”. Для некаторых, гэты паход так і застаецца прыгодай, а бывае, што чалавека нешта зачэпіць і ён застаецца.
На трэніроўках “навічкі” і “масцітыя” спартсмены займаюцца разам. Маладыя бяруць прыклад з больш моцных. Прызнацца, паглядзеўшы, з якой лёгкасцю Аляксандр КАВАЛЁЎ круціць над галавой дыск ад штангі, мімаволі пранікаешся павагай да спартсмена. Выпускнік фізічнага факультэта аказаўся яшчэ і кампанейскім чалавекам, і дзеля размовы навад адклаў спартыўны снарад.
— Аляксандр, адкуль такое спецыфічнае спартыўнае захапленне?
— Барацьбу на руках, напэўна, кожны бачыў па тэлевізары ці ўжывую. А тое, што пайду менавіта на армрэслінг, ведаў з першага курса.
— Спаборніцтва, на першы погляд, здаецца простым: хто каго “перацісне”. А ці ёсць нейкія агульныя правілы, каб перамагчы праціўніка?
— Нехта выкарыстоўвае крукавую, нехта – верхнюю барацьбу. Ёсць умельцы, што карыстаюцца змешаным стылем. А наогул, у армрэслінгу галоўнае – хуткасць. Хто першы ўзяў ініцыятыву, той і перамог.
-У вашым жыцці было адмысловае спаборніцтва, якое запомнілася сярод іншых?
— На пятым курсе, падчас “Кубка Рэспублікі” ўдалося выканаць нарматыў на майстра спорту. Уражанні былі незабыўныя.
— А ці атрымлівае заваяваўшы званне студэнт што-небудзь акрамя добрых уражанняў і пачуцця ўласнага гонару?
— Тыя, хто атрымоўваюць званне кандыдатаў майстра спорту(КМС), маюць шанец трапіць ва ўніверсітэцкі інтэрнат па хадатайству.
— Што адчувае студэнт, калі пасля заняткаў трэба ісці яшчэ і на трэніроўку?
— Сумясціць фізічную і разумовую падрыхтоўку, часам, бывае цяжка. Асабліва, калі даводзіцца папрацаваць на семінарах, а дома цябе яшчэ чакае практычная работа.
— Кінуць спорт не хацелася?
— Часам была такая думка. Але тыдзень не займаешся – і ўжо адчуваеш, што нечага не хапае, сумуеш па трэніроўках. А ў час сесіі прыйсці ў залу нават прыемна: пакуль цела працуе, галава адпачывае.
— Ёсць любімы занятак акрамя армрэслінгу?
— Захапляюся падарожжамі. Выбіраюся у незнаёмыя месцы на цягніку, з кампаніяй сяброў. Так можна паўдзельнічаць у спартыўным арыентаванні, даследаваць раней чужую для цябе мясцовасць. Напрыклад, запомніліся мелавыя кар’еры ў Ваўкавыску.
Падчас гутаркі бачна, што ў зале займаюцца толькі хлопцы. Напэўна, дзяўчат цяжкія гіры і фізічная сіла не прывабліваюць. Аднак Аляксандр з такім вывадам не пагадзіўся. Па яго меркаваннях, дзяўчатам у цяжкай атлетыцы прысутнічаць можна і важна. Хлопец нават прыгадаў своеасаблівую “гісторыю-страшылку”: Валянціна Сліжэўская, яго знаёмая, таксама займалася армрэслінгам, але падазраваць у невысокай дзяўчыне барцовую сілу было цяжкавата. А між тым, падчас спаборніцтваў Валянціна выпадкова зламала сваёй саперніцы руку.
Пагаджаецца з Аляксандрам і трэнер:
— На знешнасць заняткі цяжкай атлетыкай ніякім чынам не ўплываюць, наадварот, можна скарэктаваць фігуру, адчуць у сабе ўнутраную сілу, бо трэніроўка дзейнічае не толькі на цягавіцы, але і на дух, унутраны стрыжань. Звычайна, дзяўчаты “даходзяць” да заняткаў армрэслінгам толькі на чацвертым-пятым курсах. Зразумела, што за такі кароткі перад выпускам час цяжка дасягнуць відавочных вынікаў. Хацелася б бачыць больш спартсменак, але пакуль іх мала, таму да кожнай патрэбна індэвідуальнае стаўленне.
Дарэчы, у камандзе цяпер займаюцца тры дзяўчыны. Праўда на трэніроўку сёння змагла прыйсці толькі Паліна ДЗЯРЖЫНСКАЯ.
— Па камплекцыі я не хрупкі чалавек, ды і наглядны прыклад у мяне быў – знаёмы студэнт, — пасміхаецца дзяўчына на пытанне, чаму з усіх відаў спорту яна выбрала сілавы. Між іншым, на казачную багатырку, як і на бледную “трысцінку” Паліна не падобная. Усмешлівая, упэўненая ў сабе дзяўчына.
— Не было страшна ў першы раз прыйсці ў залу і ўбачыць столькі “жалеза”?
— На заняткі па армрэслінгу прыйшла дзеля самаацэнкі. А напачатку ўсё падаецца цяжкім і нязвыклым. Бывала, справа даходзіла да сінякоў на лакцях. Але калі нешта баліць, гэта азначае, што ты добра трэніраваўся, і з тваіх заняткаў будзе плён.
— Колькі часу вы займаецеся армрэслінгам?
— Ужо год. І буду працгваць далей, пакуль будзе магчымасць бываць у спортыўнай зале. Час пакуль ёсць: цяпер вучуся на чацвёртым курсе філілагічнага факультэта.
— Якая ваша матывацыя, каб працягваць трэніроўкі?
— Лічу, што трэба быць моцнай. Ва ўсім.
— Якія вашы мэты: спартыўныя і жыццёвыя?
— У спорце хачу атрымаць званне КМС, да таго, як скончу ўніверсітэт. У жыцці ж хочацца рэалізавацца ў прафесіі: рыхтуюся выкладаць дзецям беларускую мову.
— Чым вам дапаможа захапленне цяжкай атлетыкай у будучым?
— (Смяецца) Мяркую, што так вучні будуць больш паслухмянымі.
— Ці не перашкаджае армрэслінг вашым адносінам з людзьмі сёння?
— Блізкія мне людзі лічаць, што я дастаткова дарослая і самастойная, каб выбіраць сабе занятак па душы. А што тычыцца адносінаў з маладым чалавекам, то стараюся размяжоўваць спорт і звычайнае жыццё. Калі на трэніроўцы я спартсменка, то на спатканні – дзяўчына.
— Чым вы яшчэ захапляецеся?
— На гэты момант – вучуся па спецыяльнасці, наведваю заняткі ў аўташколе, вывучаю польскую мову, спяваю на факультэцкіх мерапрыемствах.
Як бачна, на армрэслінг ідуць людзі самыя рознабаковыя. Добрыя адзнакі ў залікоўцы толькі вітаюцца: калі студэнт звыклы да вучобы, то і ў спорце будзе кеміць. Таму, як кажа трэнер А. Н. Хмялеўскі, галоўнае, каб быў кірунак на самаразвіцце, на вынік працы, і магчымасць дасягнуць мэты з’явіцца, нават калі раней яе не было.
Рагнеда ЮРГЕЛЬ