Школа студактыву: выбіраем, спаборнічаем і сябруем

28 Oct, 2014.

Председатель Координационного совета Вероника Луд

На базе САК “Брыганціна” ярка прайшоў рэспубліканскі выязны семінар-практыкум “Міжуніверсітэцкая школа студэнцкага актыву–2014”, арганізатарамі якога стаў Студэнцкі гарадок БДУ.

Кожную восень “Брыганціна” зараджае студэнтаў энергіяй, уражаннямі, эмоцыямі і ідэямі, менавіта тут заводзяцца карысныя знаёмствы, з’яўляюцца новыя планы і знаходзіцца натхненне на год наперад.
Сёлета прайшоў зусім незвычайны семінар-практыкум: ён аб’яднаў не толькі студэнцкі актыў студгарадка БДУ, але і студэнтаў з 13 ВНУ нашай краіны. Студэнты з іншых ВНУ часова ўвайшлі ў склад студэнцкіх саветаў інтэрнатаў БДУ, актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах, навучанні актыву і пераймалі досвед правядзення падобных семінараў.
Раман Качан, старшыня студэнцкага савета БДСХА, удзельнік школы актыву, падзяліўся сваімі ўражаннямі: “Для мяне “Брыганціна” – нешта новае і асаблівае! Я вучуся на 4 курсе і чацвёрты год з’яўляюся старшынёй школы актыву студэнцкага самакіравання інтэрнатаў БДСХА, але на падобным мерапрыемстве быў упершыню! Уражанняў маса, і ўсе пазітыўныя. Галоўны плюс для мяне – гэтыя жывыя зносіны з людзьмі, калегамі-студэнтамі. У маёй навучальнай установе падобныя мерапрыемствы, на жаль, не праводзяцца. Спадзяюся, з часам штосьці зменіцца. Я быў у студсавеце інтэрната № 7 БДУ: усе вялікія малайчыны, мне было вельмі прыемна знаходзіцца ў такой вялікай і дружнай камандзе, дзякуй ім! І дзякуй, што запрасілі. Будзем спадзявацца, што гэта толькі пачатак міжуніверсітэцкіх студэнцкіх зносін і супрацоўніцтва”.
У першы дзень адбылася сустрэча прадстаўнікоў органаў студэнцкага самакіравання з рэктарам БДУ акадэмікам Сяргеем Абламейкам. Студэнты задавалі самыя розныя пытанні: пра ўцяпленне інтэрнатаў, плату за навучанне і ўвядзенне электроннага канспекта.
А яшчэ адной яркай і маляўнічай падзеяй першага дня стаў фінал конкурсу “Студэнцкі лідар года–2014”. За гэта ганаровае званне спрачаліся: Жагала Алег (інт. №1), Бабкоў Васіль (інт. №2), Зінкоўская Ілона (інт. №4), Рошчын Раман (інт. №6), Бажычка Станіслаў (інт. № 7), Трацьяк Ангеліна (інт. № 10), Нікіфаравец Вікторыя (інт. №11). Праграма была прадстаўлена конкурсам прамоўніцкага майстэрства “Вольная трыбуна” (тэму для разважання “Чаму я?” удзельнікам паведамілі за гадзіну да пачатку мерапрыемства) і творчымі нумарамі. Яшчэ два этапу конкурсу – псіхалагічнае тэсціраванне і складанне папак лідараў – прайшлі завочна. Па рашэнні журы, з мінімальнай первагай у 1 бал лідарам быў прызнаны Васіль Бабкоў, студэнт 5 курса геафака. Другое месца ў Ілоны Зінкоўскай, студэнткі 4 курса юркаледжа.
Новы лідар, Васіль Бабкоў, старшыня студэнцкага савета інтэрната № 2, распавёў, як нялёгка дастаецца званне лідара і як яму пашанцавала з калектывам: “Дагэтуль не магу адысці ад уражанняў. Было вельмі нечакана і прыемна, мяне перапаўняюць самыя дадатныя эмоцыі. Удзел у конкурсе папоўніў кола маіх сяброў выдатнымі людзьмі, якія ведаюць, чаго жадаюць, і ідуць да гэтага. Мне спадабалася, што не было духу суперніцтва, усе мы падбадзёрвалі адзін аднаго. Хачу падзякаваць свайму студсавету за неймаверную падтрымку. Вы самыя лепшыя. Вы – мая другая сям’я!”

Студенческий лидер года 2014 Василий Бобков
Адным з найважнейшых складнікаў выязнога семінара-практыкума з’яўляецца навучанне студэнцкага актыву. Для ўсіх камісій студэнцкіх саветаў, старшыняў і іх намеснікаў у другі дзень былі арганізаваны адукацыйныя секцыі, на якіх студэнты змаглі зразумець усе тонкасці сваёй працы: кагосьці вучылі правільна складаць акты, кагосьці – арганізоўваць мерапрыемствы, кагосьці – пісаць артыкулы, а кагосьці – кіраваць усімі гэтымі людзьмі і вырашаць важныя пытанні ў інтэрнаце. Бо шматлікія студэнцкія саветы сёлета абнавілі свой склад, веды, якія яны атрымалі на семінары, будуць вельмі карысныя для іх будучай працы.
Выбары старшыні каардынацыйнага савета студэнцкіх саветаў інтэрнатаў Студэнцкага гарадка БДУ – кульмінацыя трохдзённага выязнога семінара. Бо неабходна было абраць чалавека, які зможа прымаць рашэнні, накіроўваць, падтрымліваць ініцыятыву і пісьменна кантраляваць усе студсаветы інтэрнатаў. Кандыдатамі на пасаду старшыні каардынацыйнага савета былі: Васютовіч Кірыл (інт. № 2), Зінкоўская Ілона (інт. № 4), Шымко Андрэй (інт. № 6), Караткевіч Таццяна (інт. № 10), Луд Вераніка (інт. № 11). Тут усё было “па-даросламу”: сапраўдныя перадвыбарныя кампаніі, агітацыя, улёткі, плакаты, крычалкі. Абраць годнага было вельмі няпроста, кожны з кандыдатаў паказаў добры ўзровень падрыхтоўкі, адважна адказваў на пытанні падчас прэс-канферэнцыі і актыўна “вербаваў” прыхільнікаў. Набраўшы больш за 50 % ад агульнага ліку галасоў, на пасаду старшыні каардынацыйнага савета была абрана Вераніка Луд, студэнтка 4 курса юрыдычнага факультэта, якая ўжо ў другі раз прымала ўдзел у выбарах.
Вераніка Луд пра падзякі і планы: “Для мяне гэта “Брыганціна” стала доказам таго, што ў жыцці ніколі не варта здавацца, калі ты чагосьці вельмі жадаеш, то абавязкова атрымаеш! Адчувалася падтрымка, было вельмі прыемна, калі з іншых студсаветаў падыходзілі і казалі, што вераць у мяне. А гэта – найлепшая ўзнагарода! Вядома, велізарную ролю сыграла падтрымка майго студсавета: такой агітацыі мог пазайздросціць кожны!
Я ўдзячная ўсім, хто ў мяне паверыў і аддаў свой голас менавіта за маю кандыдатуру. Я да гэтага стаўлюся сур’ёзна і выдатна разумею, што перамога – гэта не фінал, а толькі пачатак майго шляху ў якасці старшыні каардынацыйнага савета. Я буду на ўсе жылы імкнуцца не падвесці людзей, якія мяне абралі. Разам мы сіла! Вы яшчэ не раз пачуеце гучнае імя каардынацыйнага савета!”
Не абышліся гэтыя тры дня і без камандных змаганняў. У напружаным інтэлектуальным баі – гульні “Што? Дзе? Калі?” – вызначылася найлепшая шасцёрка разумнікаў – каманда другога інтэрната. У праект-гульні “Сутычка. StudgoroDoc.40″ камандам прыйшлося ўдосталь пабегаць, даследаваць усю тэрыторыю спартыўна-аздараўленчага комплексу, вырашыць галаваломкі і выканаць масу цікавых заданняў. Па яе выніках першай стала каманда інтэрната № 6.

IMG_0093У рамках трохдзённай студэнцкай актыўнасці прайшлі і прамежкавыя гульні ў рамках спаборніцтваў на Кубак дырэкцыі ў праграме “Спаборніцтвы волатаў”. У спаборніцтвах па настольным тэнісе, футболе і валейболе наймацнейшымі апынуліся студэнты, а ў баскетболе і більярдзе лепш выявілі сябе супрацоўнікі студгарадка.
Вось такім быў рэспубліканскі выязны семінар-практыкум. Ён застаўся ў нашай памяці і на фотасправаздачах. Кожная наступная школа актыву становіцца ўсё цікавейшый, маштабнейшай і ярчэйшай, дзякуй Студэнцкаму гарадку БДУ. І не забываем сакрэтны дэвіз “Брыганціны”: “Мы адна вялікая, дружная сям’я”. Да сустрэчы ў наступным годзе!

Вольга ШАНЧУК,
грамадская інфармацыйная служба
IMG_0285

print

Вам таксама можа спадабацца: