Вынікі работы БДУ 2013/2014 навучальнага года і задачы на 2014/2015

27 Oct, 2014.

Абламейко ректорЗ даклада рэктара БДУ акадэміка Сяргея Абламейкі на пашыраным пасяджэнні Савета Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта 29 верасня 2014 г.

У 2013/2014 навуч. г. ка­лек­тыў комплексу БДУ ў рамках выканання Праграмы перс­пектыўнага развіцця БДУ на 2011/2015 гг. і Плана мера­прыемстваў па рэаліза­цыі Дзяржаўнай праграмы развіцця вышэйшай адукацыі на 2011–2015 гады, рашэння Савета БДУ ад 30.09.2013 г. накіроўваў свае намаганні на павышэнне якасці падрыхтоўкі спецы­яліс­таў, удасканаленне навукова-даследчай, ідэала­гіч­най і выха­ваўчай працы, павелічэнне аб’ёмаў экспарту навукова-тэхнічнай прадукцыі і адукацыйных паслуг, умацаванне пазі­цый у сусветнай адукацыйнай прасторы, раз­віц­цё матэры­яльна-тэхнічнай базы.

Рисунок1

Найважнейшыя падзеі
•    24 мая 2014 г. Прэзідэнту Таджыкістана Эмамалі Рахмону прысвоена званне «Ганаровы прафесар БДУ»
•    Дыплом «Ганаровы прафесар БДУ» ўручаны 11 верасня 2013 г. главе Дзяржаў­най кан­цылярыі па распаў­сюдж­ванні кітайскай мовы Штаб-кватэры інстытутаў Канфуцыя Сюй Лін
•    Рэктар БДУ акадэмік
Сяргей Абламейка ўдастоены звання ганаровага прафесара трох ВНУ: МДУ імя М. В. Ламаносава, Універсітэта Бінь Зыонг (В’етнам), Далянскага полі­­тэх­нічнага інстытута (Кітай)
•    10 ліпеня 2014 г. падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэс­публікі Беларусь і БДУ
•    10 ліпеня 2014 г. Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі Міт­рапаліт Мінскі і Слуцкі Павел наведаў БДУ
У 2013/2014 навуч. г. ва ўніверсітэце праведзены шэ­раг важных мерапры­емстваў:
•    Упершыню ў адукацыйны працэс уведзеныя дысцып­ліны па выбары студэнта ў адпа­вед­насці з зацверджаным у БДУ Палажэннем
•    Пераход з 2013/2014 навуч. г. на дыферэнцыяваныя тэрміны навучання на першай ступені вышэйшай адукацыі
•    Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у ліпені 2013 г. зацвердзіла новыя Тыпавыя штаты і нарматывы коль­касці асобных катэгорый супрацоўнікаў УВА (без змены нарматываў колькасці ППС і загадчыкаў кафедраў)
•    БДУ паспяхова прайшоў пацвярджэнне акрэдытацыі на тып УВА і акрэдытацыю па трох новых спецыяльнасцях І ступені, 11 спецыяльнасцях ІІ ступені, адной спецыяльнасці перапад­рыхтоўкі

У справаздачным годзе прыняты шэраг важных лакальных нарматыўна-пра­ва­вых актаў:
–    Палажэнне аб Савеце БДУ;
–    Палажэнне «Аб статусе запрошанага прафесара БДУ»;
–    Парадак стварэння і выкарыстання службовых тво­раў, створаных у БДУ;
–    Палажэнне аб электронным дакументазвароце БДУ;
–    Палажэнне аб унутрыгаспадарчым кантролі ў БДУ і інш.

Дасягненні супрацоўнікаў і студэнтаў
За добрасумленную працу і высокія паказчыкі ў працы ў справаздачным годзе ўзнага­роджаныя 452 супрацоўнікі. 2 супрацоўнікі ўзнагароджаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі, 3 – сталі лаўрэатамі Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Ганаровыя граматы Савета Міністраў атрымалі 2 чал., Міністэрства адукацыі – 35 чал., іншых міністэрстваў і ведамстваў – 14 чал. Узнага­родамі БДУ заахвочана 396 супрацоўнікаў.

Высокія вынікі прадэман­стравалі і навучэнцы БДУ. Так, навучэнцы Ліцэя БДУ на міжнародных алімпіядах завая­валі 5 сярэбраных і 2 бронзавыя медалі, на рэспубліканскіх – атрымалі 83 дыпломы пера­можцаў. Зборныя каманды БДУ заваявалі два залатыя і два бронзавыя медалі на XXI Міжнароднай студэнцкай алім­піядзе па матэматыцы, а таксама сталі абсалютнымі пера­можцамі X Міжнароднай алім­піяды па тэарэтычнай механіцы. Студэнты біялагічнага факультэта занялі трэцяе каманднае месца на Міжнароднай бія­ла­гічнай універсіядзе, экана­міч­­нага – заваявалі залаты і два сярэбраныя медалі на другім Між­народным чэмпіянаце студэн­таў па карпаратыўных фінан­сах, хімічнага – два залатыя і адзін сярэбраны медалі на міжна­родным студэнцкім форуме ChemCamp–2014, філа­софіі і сацыяльных навук – тры першыя месцы і адно другое на Усерасійскім чэмпіянаце па псіхалогіі, ІБМТ – другое месца на міжнародных спабор­ніцтвах па лагістыцы.

Сістэма менеджменту якасці
У 2013 г. мэты ў галіне якасці ўніверсітэтам выкананыя на 97,7 %. Цалкам былі выкананыя 36 пастаўленых мэт з 49 запланаваных. Выніковасць усіх пра­цэсаў СМЯ БДУ складае 95,8 %, што адпавядае адзнацы «выдатна». У 2013 г. было праведзена 48 унутраных аўдытаў. Выяўле­на 57 неад­паведнасцяў, з іх 7 істотных, 50 неістотных (з іх 1 – сфера для паляпшэння). Ухілена 6 істотных неадпавед­насцяў, 48 неістотных.

Аналіз задаволенасці спа­жыўцоў:
–    задаволенасць студэнтаў 2 і 4 курса павялічылася ў па­раў­нанні з папярэднім годам з 59 % і 55,6 % да 60,7 %;
–    задаволенасць маладых спецыялістаў вырасла з 94,7 % да 94,9 %;
–    задаволенасць праца­даў­цаў троху знізілася – з 97,8 % да 97,3 %;
–    сярэдняя задаволенасць спажыўцоў БДУ павялічылася з 93,3 % да 94,3 %.
Выніковасць функцыянавання сістэмы менеджменту якасці БДУ склала 93,6 %. Аналіз выявіў шэраг праблем:
–    задаволенасць якаснымі бакамі адукацыйнага працэсу склала менш за 50 % сярод студэнтаў 2 і 4 курсаў на гуманітарным і эканамічным факультэтах;
–    адсотак штогадовага павышэння кваліфікацыі супра­цоўнікамі ніжэйшы за ўста­ляваныя нарматывы;
–    маюцца недахопы ў рас­працоўцы навучальна-плана­вальнай і навучальна-пра­грам­най дакументацыі, арга­ні­зацыі бягучай атэстацыі студэнтаў.

Слайд6

Аптымізацыя структуры БДУ
Ствараліся новыя кафедры, навучальныя цэнтры і лабара­торыі на эканамічным, філала­гіч­ным і хімічным факультэтах.
У арганізацыях і на прадпрыемствах Рэспублікі Беларусь створаныя 74 філіялы кафедраў, у тым ліку 16 – у 2013/2014 навуч. г.
Разам з тым філіялы маюцца толькі на 51 кафедры, што складае 30 % ад агульнага ліку кафедраў, якія выпускаюць.

Кадравае забеспячэнне
У комплексе БДУ на канец чэрвеня 2014 г. працавалі 7474 чал. (у 2013 г. – 7746). Са знешнімі сумяшчальнікамі ў комплексе працавалі 403 дактары навук (у 2013 г. – 422), 1854 кандыдаты навук (у 2013 г. – 1877). На 30.06.2014 г. працавалі 2624 выкладчыкі (9 % – дактары навук, 43 % – кандыдаты навук), на ўмовах сумяшчальніцтва – 800 выкладчыкаў (11 % – дактары навук, 40 % – кандыдаты навук). Колькасць знешніх су­мяшчальнікаў у параўнанні з папярэднім годам вырасла на 5 %. Разам з тым колькасць знешніх сумяшчальнікаў, якія маюць вучоныя ступені, знізілася на 17 %.
Самая высокая ўдзельная вага сярод асноўных супра­цоўнікаў ППС дактароў навук на механіка-ма­тэматычным факультэце – 19 %, кандыдатаў навук – на гіста­рычным факультэце – 69 %. Найбольш нізкая ўдзельная ва­га выкладчыкаў з вучонымі ступенямі на гумані­тарным факультэце (2 % дак­тароў навук і 24 % кандыдатаў навук) і на факультэце міжна­родных адносін (4 % дактароў навук і 26 % кандыдатаў навук). Сярэдні ўзрост штатных вык­ладчыкаў БДУ без уліку юрыдычных асоб захаваўся на ўзроўні папярэдняга года – 48 гадоў, адносная колькасць выкладчыкаў пен­сійнага ўзросту троху знізілася, але застаецца высокай – 32 %; сярэдні ўзрост загадчыкаў кафедраў – 58 гадоў, дактароў навук – 65 гадоў, кандыдатаў навук – 51 год.

Слайд4

Адукацыйны працэс
Падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй на першай ступені ў 2013/2014 навуч. г. вялася па 74 спецыяльнасцях (11 з іх – новыя) і 76 кірунках спецыяльнасцяў (3 – новыя); на другой ступені вышэйшай адукацыі – па 75 спецыяльнасцях, у тым ліку па 29 з паглыбленай падрыхтоўкай спецыялістаў (10 – новыя). У 2014 г. на першай ступені адкрытая падрыхтоўка па двух новых кірунках у рамках спецыяльнасці «матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі: «вэб-праграмаванне і інтэр­нэт-тэхналогіі», «матэматычнае і праграмнае забеспячэнне мабільных прылад». На другой ступені ў бягучым годзе адкрытая падрыхтоўка па 5 спецыяльнасцях.
На канец 2013/2014 навуч.г. у комплексе БДУ навучалася 50 026 чал., з іх у Ліцэі БДУ – 496 чал., у Юрыдычным каледжы БДУ – 728 чал., па праграмах паслядыпломнай адукацыі – 919 чал., дадатковай адукацыі дарослых – 19 864 чал. У верасні 2014 г. да заняткаў у комплексе БДУ на першай і другой ступенях вышэйшай адукацыі з улікам замежнікаў прыступіла 28 279 студэнтаў, летась – 30 421. Ад агульнага ліку студэнтаў 58,4 % навучаюцца на платнай аснове, летась – 61,1 %. Без уліку юрыдычных асоб навучаецца ўсяго 23 594 студэнтаў, з іх на платнай аснове – 51,2 %.

Вынікі прыёмнай кампаніі
На ўсе формы атрымання вышэйшай адукацыі ў 2014 г. залічана 5085 абітурыентаў, у тым ліку:
дзённая бюджэтная форма – 2054 пры плане прыёму 2081 (у 2013 г. – 2075 пры плане прыёму 2075).
дзённая платная форма – 1828 (у 2013 г. – 2124);
завочная бюджэтная форма – 286 (у 2013 г. – 337);
завочная платная форма – 654 (у 2013 г. – 911);
для атрымання другой вышэйшай адукацыі – 263 (у 2013 г. – 289).
План прыёму не выкананы па трох спецыяльнасцях: «фізіка (кіраўнічая дзейнасць)», «фізіка (навукова-вытворчая дзейнасць)», «беларуская філалогія (па кірунках)».
Сярод залічаных на дзённую бюджэтную форму навучання 127 пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд (у 2013 г. – 123), 2 лаўрэаты спецыяльных фондаў Прэзідэнта Беларусі (у 2013 г. – 3).
804 абітурыенты набралі 300 балаў і больш, што складае 54 % ад залічаных на дзённую бюджэт­ную форму па конкурсе па трох сертыфікатах (у 2013 г. – 59 % такіх абіту­рыентаў). 484 абітурыенты скончылі школу з медалём альбо ССНУ з дыпломам з адзнакай, што складае 24 % ад агульнага іх ліку (у 2013 г. адпаведна 481 і 23 %). На педагагічныя кірункі залічана 95 абітурыентаў, сярод іх без іспытаў – 23. Паменшылася сярод залічаных колькасць выпускнікоў сельскіх устаноў адукацыі – 146, што складае 7 % ад агульнага ліку (у 2013 г. адпаведна 183 і 9 %). Залічана рэкордна нізкая колькасць мін­чукоў – 737, што складае 36 % (у 2013 г. адпаведна 772 і 37 %). Істотна павялічылася колькасць залічаных з Брэсцкай, Гродзенскай і Магі­лёўскай абласцей. Самыя высокія прахадныя балы на прыродазнаўча­наву­ковых спецыяльнасцях: «актуарная матэматыка» – 370 (у 2013 г. – 366); «геалогія і выведка ра­довішчаў карысных выкап­няў» – 351 (у 2013 г. – 329); «прык­ладная інфарматыка (кірунак – праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сіс­тэм)» – 350 (у 2013 г. – 355). Самыя высокія прахадныя балы на сацыяльна-гумані­тарных і эканамічных спецыяльнасцях: «сусветная экано­міка» – 371 (у 2013 г. – 372); «бізнес-адміністраванне» – 371 (у 2013 г. – 363); «міжна­роднае права» – 369 (у 2013 г. – 388).
У цэлым павялічылася колькасць асоб, залічаных на навучанне па 10 спецыяльнасцях са скарочаным тэрмінам навучання па праграмах, інтэграваных з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Сёлета залічана 176 выпускнікоў ССНУ (у 2013 – 98), што склала 27 % ад агульнага ліку залічаных на завочную платную форму (654 чалавекі).
У 2014 г. у магістратуру залічана 876 чалавек, у тым ліку 380 на дзённую і 48 на завочную бюджэтную форму атрымання адукацыі (у 2013 г. – 610, 284 і 45 адпаведна). Працягвае скарачацца прыём на дзённую платную форму навучання, што звязана са зменамі ў парадку пакрыцця сродкаў, выдаткаваных на падрыхтоўку спецыя­лістаў. Адначасова вырасла колькасць ахвотных навучацца на завочнай або вячэрняй формах атрымання адукацыі.

Аспірантура і дактарантура
У БДУ вядзецца падрых­тоўка навуковых супрацоўнікаў вышэйшай кваліфікацыі (далей НСВК) праз аспірантуру па 124 спецыяльнасцях, праз дактарантуру – па 116. У справаздачным годзе адкрытая падрыхтоў­ка НСВК праз аспірантуру на англійскай мове па 33 спецыяльнасцях.
У 2014 г. адкрытая падрых­тоўка НСВК у аспірантуры па новай спецыяльнасці «сістэм­ны аналіз, кіраванне і апрацоў­ка інфармацыі» па фізіка-матэ­матычных навуках, плануецца адкрыццё 3 новых спецыяль­насцяў: «нанатэхна­ло­гіі і нанаматэрыялы (па галінах)», «гідра­ло­гія сушы, водныя рэсурсы, гідрахімія», «ме­тэара­логія, клі­ма­талогія, агра­метэ­а­ралогія».

На 01.08.2014 г. у комплексе БДУ навучаліся 32 дактаранты і суіскальнікі ступені доктара навук, 816 аспірантаў/суіскаль­нікаў з ліку грамадзян Беларусі, з іх на платнай аснове беларускіх грамадзян – 75 (у папярэднім годзе – 80), замежных грама­дзян – 79 (у папярэднім годзе – 76). За 2013 г. супрацоўнікамі і аспі­рантамі абаронена 6 док­тар­скіх і 53 кандыдацкія ды­серта­цыі. У першым паў­годдзі 2014 г. адбыліся абароны 20 кандыдацкіх і 5 доктарскіх дысертацый, у тэрмін абара­ніліся 4 аспіранты.

Паспяховасць студэнтаў
Абсалютная паспяховасць на дзённай форме навучання ў зімовую сесію склала 76,8 % (летась – 80,3 %), у летнюю – 78,5 % (летась – 77,2 %). Ніжэйшая за сярэднюю па БДУ (78,5 %) паспяховасць па выніках летняй сесіі на шасці факультэтах: эканамічным (65,6 %), гуманітарным (70,2 %), ФРФКТ (70,5 %), біяла­гічным (71,3 %), ФФСН (74,1 %), юрыдычным (74,3 %). Самая высокая паспяховасць на хімічным факультэце – 86,9 %.

Слайд2
Усяго здавалі дзяржэкзамены 5303 выпускнікі, з іх атрымалі нездавальняльныя адзнакі 15 чалавек, што складае 0,28 % ад усіх, хто здаваў. З 5272 дапушчаных да абароны выпускнікоў паспяхова абаранілі дыпломныя працы 5266, што складае 99,9 % ад усіх, хто абараняў. 16 выпуск­нікоў не былі дапушчаныя альбо не з’явіліся на абарону. 280 дыпломных прац рэкамендаваныя да ўкаранення, 307 – да апу­блікавання, што склала 11,1 % (у 2013 г. – 18,5 %). Сярод ма­гістарскіх дысертацый да ўка­ранення рэкамендавана 72, да апублікавання – 39, што склала 17,2 % ад агульнага ліку прац.
Арганізацыя практыкі
На сёння складзена 93 дамовы з базавымі арганіза­цыямі на праходжанне студэн­тамі вытворчай практыкі. За 2013/2014 навуч. г. было складзена 22 новыя дамовы.
68 % студэнтаў дзённай фор­­мы навучання прырода­знаў­ча­навуковых факультэтаў і 89 % – гуманітарных фа­культэтаў ад агульнага ліку практыкантаў прайшлі вытворчую практыку на прадпрыемствах і ў аргані­зацыях, 23 % і 11 % адпаведна ў падраздзяленнях БДУ. 9 % студэнтаў прыродазнаў­ча­наву­ковых факультэтаў прай­шлі яе ў НАН Беларусі, гуманіт­арныя факультэты не выка­рысталі ўстановы НАН Бела­русі ў якасці баз вытворчай практыкі. Пераддыпломную практыку ў НАН Беларусі прай­шло 12 % сту­дэнтаў пры­ро­дазнаўчана­вуко­вых факуль­тэтаў, 5 % – гумані­тарных.
Перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі
Па 49 праграмах пера­падрыхтоўкі прайшлі навучанне 2695 чалавек, што менш, чым летась. Паменшылася колькасць слухачоў у Інсты­туце бесперапыннай адукацыі, Інстытуце бізнесу і менеджменту тэхна­логій БДУ. Павышэнне кваліфі­кацыі прайшлі 14964 чалавекі (летась – 15464) па 220 адукацыйных праграмах. Вынікам супрацоў­ніцтва ФПКП Інстытута журналістыкі, філа­лагіч­нага факультэта і факультэта між­на­родных адносін стала адкрыццё новай спецыяльнасці перапад­рыхтоўкі «Руская мова як замежная».
Павялічылася колькасць на­вучальных курсаў (лекторы­яў, тэматычных семінараў і інш.) да 391 (у 2013 г. – 225), адпаведна вырас і лік слухачоў (2014 г. – 8075, 2013 г. – 7065).
Навучанне на англійскай мове
На 1 верасня навучальныя планы магістратуры на анг­лійскай мове падрыхтаваныя на філалагічным факультэце (4 спецыяльнасці), біялагіч­ным – (1 спецыяльнасць), ФМА (1 спецыяльнасць), ФФСН (1 спецыяльнасць). Аднак набор і падрыхтоўка магістрантаў на англійскай мове пакуль здзяйсняецца толькі на факультэце міжна­родных адносін. На геаграфіч­ным факультэце на англійскай мове вяліся заняткі для двух магістрантаў (1 – Гер­манія, 1 – Фінляндыя). Па адной дыс­цыпліне на англійскай мове выкладалася на філалагіч­ным і гістарычным факультэтах.
Падрыхтаваны навучальны план для 1 ступені атрымання вышэйшай адукацыі на анг­лійскай мове па спецыяльнасці «бізнес-адміністраванне». З 1 верасня 2014 г. пачалося навучанне першай групы.

Навукова-даследчая праца студэнтаў
Рознымі формамі НДРС у пазанавучальны час было ахоп­лена каля 9 тысяч сту­дэн­таў, што складае 41 % ад агуль­нага ліку студэнтаў дзённай формы навучання. Удзель­нічалі ў выка­нанні планавых дзяржбюджэтных і гасдамоў­ных НДВКП 1 067 студэнтаў, у тым ліку 553 працавалі на ўмовах аплаты. У СНДЛ і іншых творчых аб’яд­наннях праца­валі 2 245 сту­дэнтаў. Удзель­нічалі ў працах па заданнях дзяржаўных праграм 473 студэнты.
У 2013 годзе ў конкурсе грантаў універсітэта для выканання навуковай працы сту­дэнтамі і аспірантамі ўдзель­ні­чаў 31 праект. У якасці ма­тэрыяльнага заахвочвання ўдзель­­ні­кам 26 праектаў было выплачана 167,7 млн руб. У 2014 годзе фінансаванне 30 праектаў склала 180,3 млн руб. (38 аспірантаў, 8 магі­странтаў, 53 студэнты).
У конкурсе Міністэрства адукацыі Беларусі на суіскан­не грантаў дактарантамі, аспі­рантамі, студэнтамі за 2013 год ад БДУ ўдзельнічала 27 праектаў. Фінансаванне атры­маў 21 праект. На конкурс 2014 года прадстаўлены 21 праект. Прафінансавана 19 праектаў на суму 597,0 млн руб.
У ХХ Рэспубліканскім конкурсе навуковых прац студэн­таў ад БДУ заяўлена 253 працы. Званне лаўрэата атрымалі 5 прац, 1 катэгорыю – 68 прац, 2 катэгорыю – 61, 3 – 66.
Па выніках конкурсу на найлепшую СНДЛ у 2014 годзе было прэміявана 14 навуковых кіраўнікоў і 49 удзельнікаў СНДЛ на агульную суму 65,78 млн руб. Чацвёрты год пра­водзіўся конкурс на найлепшага кіраўніка і арганізатара НДРС БДУ. У 2013 годзе заахвочана 30 супрацоў­нікаў уні­вер­сітэта на агульную суму 94,25 млн руб. На фінанса­ванне камандзіровак студэн­таў на навуковыя канферэнцыі ў бягучым годзе вылучана 11,3 млн руб. з уласных сродкаў.

Навуковая дзейнасць
БДУ з’яўляецца галаўной арганізацыяй – выканаўцам 8 з 12 Дзяржаўных праграм навуковых даследаванняў на 2011–2015 гады.
Аб’ём фінансавання НДВКП склаў у справаздачным годзе 192775,6 млн рублёў, з улікам міжнародных грантаў і навуковай дзейнасці ўнітарных прадпрыемстваў 218090,7 млн рублёў, у тым ліку са сродкаў рэспубліканскага бюджэту (Мі­ністэрства адука­цыі Бела­русі) – 86857,6 млн рублёў (39,8 % ад агульнага аб’ёму фінансавання), бюджэтныя дамовы – 65603,9 млн рублёў (30,1 %), са сродкаў заказчыкаў па гасдамоўных НДВКП, якія выконвае БДУ і навукова-даследчыя пад­раз­дзя­­ленні комплексу БДУ з правам юрыдычнай асобы (пазабюджэтныя сродкі), – 17680,5 млн рублёў (8,1 %); складзена міжнародных кант­рактаў – 14026,7 млн рублёў (6,4 %), акрамя таго, атрымана міжна­родных грантаў на суму 19975,1 млн рублёў (9,2 %), вытворчая дзейнасць навуковых падраз­дзяленняў – 8606,5 млн рублёў (4,0 %), навуковая дзейнасць унітарных прад­пры­емстваў 5340,0 млн рублёў (2,4 %).

Слайд7
За 2013 г. апублікаваныя 1359 найменняў выданняў (202 навуковыя манаграфіі, 627 навучальных выданняў, 102 зборнікі навуковых прац, 132 зборнікі тэзісаў дакладаў навуковых канферэнцый, 244 – іншых навуковых выданняў), 6465 артыкулаў, 4105 тэзісаў дакладаў на канферэнцыях. На падставе зацверджанага Палажэння аб прэмі­яванні супрацоўнікаў структурных падраздзяленняў БДУ за публікацыі ў вядучых міжна­родных часопісах па выніках 2013 г. было заахвочана 37 супрацоўнікаў. Агульная сума прэмій склала 87,605 млн руб.
У справаздачным годзе на базе ўніверсітэта праведзена 168 навуковых і навукова-практычных мерапрыемстваў рознага ўзроўню, з іх міжна­родных – 83, рэспубліканскіх – 39, універсітэцкіх – 46. Упершыню ў Беларусі на базе БДУ прайшла канферэнцыя ААН «Выкарыстанне  кас­­міч­­­ных тэх­на­логій для сацы­яльна-экана­мічнага развіцця краін».

Міжнароднае супрацоўніцтва
У 2013 г. міжнароднае навукова-тэхнічнае супрацоў­ніцтва здзяйснялася па 295 дамовах і пагадненнях з за­меж­нымі партнёрамі з 42 краін: Расія (76 дамоў), Герма­нія (36 дамоў), Польшча (31 дамова), Украіна (29 дамоў) і г. д. У 2013 г. установы, пад­раздзяленні і прадпрыемствы комплексу БДУ значна акты­візавалі працу па прасоўванні навукова-тэхнічнай прадукцыі на знешнія рынкі. У выніку выканання 73 кантрактаў і дамоў з арганізацыямі 13 краін блізкага і далёкага замежжа было выгандлявана валютных сродкаў на суму эквівалентную 1998,58 тыс. дол. ЗША.
35 новых распрацовак супрацоўнікаў БДУ былі прад­стаўленыя на рэспубліканскіх і замежных выставах. На між­народных выставах у Расій­скай Федэрацыі і Беларусі навука­ёмістая прадукцыя БДУ ў 2013 г. узнагароджаная спецыяльным прызам, 15 меда­лямі і 8 спецы­яльнымі дыпло­мамі.

Падрыхтоўка замежных грамадзян
У 2013/2014 навуч. г. навучалася, уключаючы даўніверсі­тэцкую падрыхтоўку, 2620 за­межных грамадзян (у 2012/2013 навуч. г. – 2324). З іх 2245 – студэнты, 289 – магіс­транты, 86 – аспіранты. Аб’ём экспарту адукацыйных паслуг за 2013 г. склаў 7,155 млн дол. ЗША, (у 2012 г. – 6,003 млн дол. ЗША). У агульным аб’ёме экспарту адукацыйных паслуг 31 % пры­ходзіцца на Кітай, 30,6 % – на Туркменістан, 15,7 % – на Расію. Аднак у 2013/2014 на­вуч. г. назіраўся рост адсеву ў параўнанні з 2012/2013 навуч. г. замежных навучэнцаў у 2,5 раза (адлічана адпаведна 268 і 108 чал.).

Слайд5

Міжнародныя рэйтынгі
У штогадовым рэйтынгу брытанскага агенцтва QS (The QS World University Rankings) БДУ ў 2014 г. увайшоў у 500 найлепшых універсітэтаў свету. Агенцтва QS упершыню падало БДУ права выкарыстання эмблемы рэйтынгу для пазначэння сваёй высокай міжна­роднай рэпутацыі на сайце ўніверсітэта і ў друкаваных матэрыялах. У апошнім міжна­род­ным рэйтынгу Webometrics (Іспанія) БДУ знаходзіцца на 673 пазіцыі і захоўвае пятую пазіцыю сярод ВНУ краін СНД. У рэйтынгу ўніверсітэтаў краін-удзельніц СНД, Грузіі, Латвіі, Літвы і Эс­тоніі, праведзеным агенцтвам «Інтэрфакс» у 2013 г., БДУ за­няў 2-ю пазіцыю пасля МДУ імя М. В. Ламаносава. Іншае ра­сійскае рэйтынгавае агенцт­ва «Эксперт РА» ў 2014 г. прысвоіла нашаму ўніверсітэту рэйтынгавы клас В (вельмі высокі ўзро­вень падрыхтоўкі вы­пускнікоў), клас А толькі ў МДУ імя М. В. Ламаносава.
Па апошніх дадзеных сусветнага вэбаметрычнага рэйтынгу Электронная бібліятэка БДУ займае 114 месца ў свеце.

Ідэалагічная і выхаваўчая праца
У БДУ быў рэалізаваны комплекс мерапрыемстваў па святкаванні 70-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямец­ка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
У красавіку 2014 года быў зацверджаны План БДУ па прасоўванні ў сацыяльных сетках праекта, накіраванага на барацьбу з наркотыкамі ва ўста­новах адукацыі краіны.
Інтэрнат № 7 БДУ стаў пераможцам конкурсу Адмі­ністра­цыі Ленінскага раёна г. Мінска «Найлепшы інтэрнат па інфар­мацыйна-ідэалагічнай і выхаваў­чай працы ў 2013 г.».
Пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў стала пераможцам другога этапу «Рэспубліканскага агляду-конкурсу на найлепшую пас­таноўку спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай працы сярод арганізацыйных структур і членскіх арганіза­цый ФПБ у 2013–2015 гадах».
У 2013/2014 навуч. г. у конкурсе «Найлепшы моладзевы праект» прынялі ўдзел 27 каманд, з іх 18 выйгралі грант на фінансавую падтрымку сваіх праектаў у аб’ёме 43 млн рублёў.
У адпаведнасці з праграмай БДУ «Працоўнае лета» на 2012–2015 гг. былі сфармі­ра­ваныя 35 студэнцкіх працоў­ных атрадаў, у якіх працавалі 912 чалавек, у індывідуальным парадку ўладкавана 612 студэн­таў.
З мэтай прафілактыкі пра­вапарушэнняў і прававога выхавання за справаздачны перыяд былі арганізаваныя круглыя сталы і сустрэчы студэн­таў і су­працоўнікаў БДУ з су­працоў­нікамі праваахоўных органаў. Тым не менш у 2013/2014 навуч. г. 16 сту­дэнтаў БДУ здзейснілі пра­вапарушэнні, за якія прадугледжаная адміністрацыйная або крымінальная адказнасць.

Матэрыяльная падтрымка
На 01.05.2014 г. на ўліку ў аддзеле сацыяльнай працы УВРМ знаходзіліся 153 студэнты з ліку дзяцей-сірот і дзяцей, пакінутых без апекі бацькоў.
У 2013/2014 навуч. г. матэрыяльную дапамогу з агуль­наўніверсітэцкага фонду атры­малі 545 студэнтаў на суму 375 180 000 рублёў, са сродкаў перавышэння пры­быт­каў над выдаткамі – 198 чалавек на суму 138 200 000 рублёў. У каст­рычніку 2013 года матэрыяльную дапамогу атрымалі 16 су­працоўніц і 1 студэнтка ўні­вер­сітэта, якія з’яўляюцца шмат­дзетнымі маці, у памеры 1 млн рублёў кожнай.
Пярвічнай прафсаюзнай арганізацыяй студэнтаў БДУ аказаная матэрыяльная дапамога навучэнцам на суму 37 428 000 рублёў.
Прафсаюзнай арганіза­цыяй супрацоўнікаў БДУ за кошт прафсаюзнага бюджэту аказаная матэрыяльная дапамога супрацоўнікам універсі­тэ­та на суму 626 000 000 руб.,на падрыхтоўку дзяцей да школы і шматдзетным сем’ям –77 200 000 рублёў.

Аздараўленне і спорт
У 2013/2014 навуч. г. на базе студэнцкага санаторыя-прафілакторыя БДУ прайшлі аздараўленне і санаторна-ку­рортнае лячэнне 1 134 студэнты, на санаторна-курортнае лячэнне вылучана 65 пуцёвак для супрацоўнікаў БДУ, 2 пуцёўкі для студэнтаў БДУ; у САК БДУ «Брыганціна» ўлетку 2014 года прайшлі аздараў­ленне 942 дзіцяці (з іх 213 дзяцей супра­цоўнікаў комплексу БДУ), 470 супрацоўнікаў і членаў іх сем’яў.

Слайд8
У БДУ ў 2013/2014 навуч. г. функцыянавалі 24 групы «Здароўе» (850 чалавек), у 108 групах спартыўнага ўдаскана­лення займаліся каля 1500 студэнтаў, у фінальных спа­бор­ніцтвах круглагадовай спарта­кіяды БДУ па 20 відах спорту прыняло ўдзел звыш 3500 студэнтаў. З 2013 года зборная каманда БДУ па баскетболе прымае ўдзел у Міжнароднай студэнцкай баскетбольнай лізе.
У 2013/2014 навуч. г. студэнтам БДУ прысвоена: 3 званні майстра спорту міжна­роднага класа, 9 – майстра спорту Рэс­публікі Беларусь, 11 – канды­да­та ў майстры спорту. На чэмпія­на­тах свету, Еўропы, Сусветнай універ­сіядзе студэн­тамі заваявана 16 медалёў, з іх: 8 залатых, 5 сярэбраных і 3 бронзавыя. Мужчынская каманда БДУ па баскетболе заняла 2 месца ў чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь 2013/2014 (першая ліга).

Развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы
На дадзены момант забяспечанасць навучэнцаў мес­цамі ў інтэрнаце складае 57,3 % ад тых, хто мае патрэбу. Агульная колькасць такіх асоб складае 11 200 чалавек. Пасля ўводу ў эксплуатацыю інтэр­ната № 3 ступень забяс­пе­чанасці месцамі складзе 70,5 %.

У БДУ (без уліку юрыдычных асоб) маецца 4270 персанальных камп’ютараў. У навучальным працэсе выкарыстоў­ваецца 1860 камп’ютараў, у тым ліку 1290 камп’ютараў у складзе 94 камп’ютарных класаў. На адзін камп’ютар, які выкарыстоўва­ецца ў навучальным працэсе, прыхо­дзіцца 8,7 студэнтаў дзённай формы навучання. У 2013 г. за сродкі бюджэту набыта 50 мабільных камп’ютараў – ноўт­букаў і камп’ютарныя класы на 128 працоўных месцаў.

Слайд9

Стратэгія развіцця БДУ
•    Умацаванне пазіцый уні­вер­сітэта ў сусветнай навуко­ва-адукацыйнай прасторы.
•    Удасканаленне кіравання ВНУ, кадравага забеспячэння, развіцця сістэмы павышэння кваліфікацыі супрацоўнікаў.
•    Узмацненне ўдзелу сту­дэнцкіх і іншых моладзевых ар­га­нізацый у прыняцці ра­шэн­няў па ўдасканаленні на­ву­чальна-выхаваўчага і наву­ко­ва-даслед­чага працэсаў.
•    Распрацоўка і ўкараненне на аснове прынятай Канцэпцыі сучасных адукацыйных інфар­ма­цыйных і тэлекамуніка­цый­ных тэхналогій, накіраваных на павышэнне якасці падрых­тоў­кі спецыялістаў на ўсіх узроўнях.
•    Пашырэнне спектра платных адукацыйных паслуг, уключаючы іх экспарт.
•    Развіццё інавацыйнай дзей­насці і навуковых дасле­да­ванняў, нарошчванне аб’ё­маў выпуску навукаёмістай прадук­цыі і яе экспарту.
•    Пашырэнне сувязяў з іншымі адукацыйнымі і навуко­вымі ўстановамі, вытворчасцю.
•    Актывізацыя выдавецкай дзейнасці, развіццё Электроннай бібліятэкі БДУ.
•    Удасканаленне ідэалагіч­най і выхаваўчай працы.
•    Умацаванне матэры­яль­на-тэхнічнай базы.

print

Вам таксама можа спадабацца: