З 20 па 22 кастрычніка на факультэце журналістыкі БДУ праходзіў трэнінг па напісанні матэрыялаў на гендарную тэматыку. Удзел у гэтым мерапрыемстве прыняла шведскі журналіст Ганна Лаестадыус-Ларсан, якая наведвала Інстытут журналістыкі ў красавіку з лекцыяй “Мужчынскае, жаночае, чалавечае, ці Гендар у журналістыцы”. Разам са студэнтамі БДУ падчас трохдзённага семінара-трэнінгу яна разглядзела шведскія і беларускія газеты “гендарнымі вачыма”.
Ганна Лаестадыус-Ларсан была аглядальнікам шведскай газеты Svenska Dagbladet, дзе гендарная роўнасць была пастаяннай тэмай у яе матэрыялах. У 2013 годзе дэбютавала як аўтар гістарычнага рамана Barnbruden, у якім распавядаецца пра жыццё герцагіні Хедвіг Элізабэт Шарлоты, якая ў пятнаццаць гадоў была адпраўлена ў Швецыю, каб стаць нявестай Карла XIII.
“Калі казаць больш падрабязна пра тую тэму, на якой я засяроджана, гэта роўнасць правоў мужчын і жанчын. Я б нават сказала, што я назірала за развіццём раўнапраўя больш за 20 гадоў”, – падзялілася Ганна.
У першы дзень адбылася лекцыя Ганны пра ролю гендара ў шведскіх медыя.
Напачатку лекцыі Ганна распавяла пра існыя законы і правілы ў медыя. Так, у 1995 годзе ААН прыняла дэкларацыю пра тое, што яны будуць праводзіць пэўную працу, накіраваную на захаванне раўнапраўя і супраць дыскрымінацыі. Таксама быў зацверджаны план дзеянняў, праз якія жанчынам адкрываўся шырэйшы доступ да медыя. Пасродкам гэтай дэкларацыі ААН таксама жадала процідзейнічаць стварэнню пэўных стэрэатыпаў пра пазіцыю мужчын і жанчын у медыя. Дадзены план дзеяння падпісала большасць краін свету. Падобную дэкларацыю прыняў і Еўрасаюз.
Але як жа ўсё ідзе ў рэчаіснасці? Ёсць таксама асобны дакумент, які называецца “Глабальны медыя-маніторынг”. У 2010 годзе былі апублікаваны яго апошнія вынікі. Паводле гэтай справаздачы было ўсталявана, што жанчыны недаацэнены ў сферы СМІ, у параўнанні з мужчынамі, якім часцей адводзіцца галоўная роля.
“Усё гэта прыводзіць да таго, што рэальны вобраз свету скажаецца”, – распавядае Ганна.
Статыстыка кажа пра тое, што жанчыны складалі толькі 24 % ад усіх знакамітых асоб, пра якія апавядаецца ў медыя. Такім чынам, назіралася тэндэнцыя, паводле якой жанчыны ў два разы часцей паказваюцца ў якасці ахвяр.
“Можа быць, гэта і не так дзіўна гучыць, таму што мы ўсе, журналісты, ведаем, як навіны выглядаюць у рэальнасці”, – адзначае Ганна.
У тых навінавых паведамленнях, дзе жанчыны фігуравалі, назіралася наступная тэндэнцыя: “У 3 разы часцей жанчын апісваюць, прывязваючы іх асобу да нейкага статусу ў грамадстве”. Гэта значыць, часта жанчыны –проста маці кагосьці вядомага, жонкі зорных мужоў.
Калі ў навінавых паведамленнях ужываліся якія-небудзь цытаты ці словы спікера, то ў 81 % цытаваліся мужчыны.
У якасці прыкладу, як у навінавых паведамленнях выглядаюць мужчыны і жанчыны, Ганна прывяла фатаграфіі вядомых людзей у выданні “Індэпэндэнт”.
“Уладзімір Пуцін у 2013 годзе быў названы адным з самых уплывовых людзей у свеце. На фота ён паказаны сур’ёзным, упэўненым. У тым жа годзе адной з самых уплывовых жанчын была названа Ангела Меркель. На фота яна ўсміхаецца, досыць расслабленая. Яе ніяк нельга назваць сур’ёзнай. Як мне здаецца, рэдакцыя газеты выбірае дадзеныя малюначкі на падсвядомым узроўні”, – адзначае Ганна.
Для таго, каб пазбягаць падобных стэрэатыпаў, можна задаць цэлы шэраг пытанняў. Незалежна ад таго, хто ты, чытач ці журналіст.
Гэтыя правілы Ганна сфармавала так:
1. Хто актыўны, хто пасіўны?
2. Хто ўсміхаецца на фатаграфіях?
3. Хто ахвяра, а хто трымае кантроль?
4. Што мужчыны і жанчыны робяць на фота?
5. Хто выпрабоўвае цяжкасці, хто вырашае праблему?
6. Як выглядаюць мужчыны і жанчыны без вопраткі?
7. Як пазіруюць мужчыны і жанчыны на фота?
8. Хто эксперт?
“Як мне здаецца, дадзеныя ілюстрацыі выбіраюцца супрацоўнікамі несвядома. Паколькі кіруюцца стэрэатыпамі і пэўнымі палажэннямі, якія існуюць у грамадстве. Можна пакласці дзве выявы побач і знайсці ў іх істотныя адрозненні. Таму задача журналістаў – казаць пра рэальную сітуацыю ў СМІ”, – зрабіла выснову Ганна.
Таксама ў якасці прыкладу Ганна прывяла рэкламу амерыканскай кашулі стылю унісэкс фірмы American Apparel як яркую і дакладную карціну для гледачоў.
Ганна тлумачыць: “Гэту кашулю могуць насіць і хлопчыкі і дзяўчаткі. Але калі юнак выступае ў якасці мадэлі, ён стаіць прама, зашпіленым на ўсе гузікі. Дзяўчына ж паўстае перад усімі напаўголай”.
У Швецыі ж такая рэклама выклікала шмат нараканняў. “Наогул, у Швецыі імкнуцца зрабіць рэкламу з загадзя дыскрымінацыйным характарам з нейкім гумарам”, – адзначыла Ганна.
У якасці добрага для Швецыі прыкладу Ганна паказала каталог дзіцячых цацак, дзе дзяўчаткі водзяць цацачныя машынкі, а хлопчыкі гуляюцца з каляскамі і гатуюць “вячэру” на цацачнай кухні. Гэты каталог выйшаў у 2013 годзе і здзівіў многіх шведаў. Звычайна дзеці абводзяць упадабаныя цацкі ў кружок, уносячы іх у “спіс жаданняў”.
“Адбылося так, што некаторыя хлопчыкі, якія глядзелі каталог, захацелі купіць цацачную кухню. Аргументавалі гэта тым, што такі ж, як яны, хлопчык у каталогу гатаваў штосьці на кухні. Гэта і паказвае, як можна змяніць стэрэатыпы”, – каментуе Ганна.
Ёсць вызначаныя метады, дзякуючы якім можна змагацца са стэрэатыпамі.
Гэты метад называецца “гендарная матэматыка”. Заключаецца ён, галоўным чынам, у падліку. Лічыць можна на розных узроўнях. Напрыклад, колькі мужчын і жанчын прадстаўлены ў артыкулах на вызначаную тэматыку: эканоміка, палітыка, рэклама. Таксама ў гэтым метадзе выкарыстоўваюць перспектыву: “калі б я быў дзяўчынай (юнакоў). Гэта значыць, неабходна ўстаць на месца іншага чалавека.
“Няпроста дзейнічаць разам з такой перспектывай. Кожны нараджаецца ўжо пад уплывам чаго-небудзь, таму ў адзіночку цяжка справіцца з такога роду заданнем”, – распавяла Ганна.
Студэнтам Інстытута журналістыкі было прапанавана знайсці стэрэатыпы ў беларускіх газетах і распавесці пра праробленую працу ў групах.
Наступныя два дні студэнты стварылі невялікую навінавую рэдакцыю, дзе разглядалі пытанні гендара ў Мінску. І ў выніку кожная група напісала свой артыкул пра гендар. А Ганна стала своеасаблівым шэф-рэдактарам студэнцкай рэдакцыі. І дапамагала вызначыць тэмы і заданні студэнтаў.
“Мы, як журналісты, папрацавалі выдатна. Бо няпроста падвяргаць сумневу якую-небудзь сталую структуру і стэрэатыпы. Што б наша праца ні выклікала: крытыку ці хвалу – трэба заўсёды імкнуцца зрабіць яе лепш. Калі журналісты захочуць, то яны, вядома ж, зменяць грамадства ў станоўчы бок”, – падвяла вынік праграмы Ганна.
Пасля трох дзён праграмы, у мяне ўзнікла некалькі пытанняў, на якія Ганна Лаестадыус-Ларсан паспрабавала адказаць.
— Цікава, як змянілася гендарная сітуацыя ў Швецыі за апошні час?
— У пэўных аспектах сітуацыя змянілася значным чынам. У прыватнасці, можна ўзяць рэдакцыі газет і тэлевізійнага вяшчання. У шматлікіх рэдакцыях зважаюць на гендар, лічаць, колькі мужчын і жанчын апісваецца ў артыкулах. І, вядома ж, вядуць статыстыку. У 90-я гады я працавала ў адной з самых буйных рэдакцый шведскіх газет “Афтанбладэт” над дадаткам для жанчын “Квіна”. У той час наш калектыў змог распавесці пра праблемы і стэрэатыпы досыць шмат. Напрыклад, роля жанчын у бізнес-асяроддзі, як не дапусціць гвалту ў сям’і – гэтыя тэмы часта мільгалі на паласе дадатку.
А сёння тое, што здавалася дзіўным раней, з’яўляецца звыклай часткай працы ў любой рэдакцыі. Але гэта зусім не кажа пра тое, што ў нас няма праблем з захаваннем раўнапраўя. Праблемы ёсць, але сітуацыя палепшылася.
— Некаторыя псіхолагі лічаць, што дзіця да пяці гадоў не ўсведамляе сваю палавую прыналежнасць. Як Вы лічыце, ці залежыць у гэтым выпадку наўпрост развіццё “хлопчык-дзяўчынка” ад бацькоў?
— Як мне здаецца, праўды ў дадзеным пытанні няма. Затое ёсць меркаванне. Кожны чалавек нараджаецца з вызначанымі палавымі прыкметамі, але шмат чаго набываецца падчас сацыялізацыі і выхавання. Праводзілася мноства даследаванняў, у якіх назіралі за хлопчыкамі і дзяўчаткамі, як да іх ставяцца дарослыя. Напрыклад, навукоўцы апраналі дзяцей у ружовыя рэчы, і да малых ставіліся клапатліва. Затым пераапраналі ўсіх дзяцей у хлапчуковую адзежу. Дзяцей у “блакітнай адзежы” падкідалі ўгару, давалі пагуляць з машынкамі.
— Скажыце, якое ваша меркаванне наконт прадстаўленых на лекцыі фота з рэкламы? Ці можа мужчына паўстаць у тыповым жаночым вобразе і не быць абсмяяным у грамадстве?
— Трэба працаваць, выкарыстоўваючы розныя метады. Можна выкарыстоўваць гумар. Галоўнае, каб гэты спосаб наводзіў людзей на пэўныя думкі. Актыўна працаваць з малюнкамі – заклад таго, што ўзнікне яркая і доўгая рэакцыя.
— Чаму ж Вы вырашылі займацца гендарнымі пытаннямі?
— Па-першае, роля журналіста заключаецца ў тым, што мы змяняем нашу не зусім справядлівую рэальнасць. Таму мяне заўсёды цікавілі любыя пытанні, дзе не захоўваецца раўнапраўе і воля. Гэта адбылося выпадкова. Магчыма, віной таму журналісцкая лянота . Мне хацелася нікуды не ездзіць і змяняць сітуацыю, якая склалася ў Швецыі.
— Што трэба рабіць, каб дасягнуць ідэалу роўнасці? І ці магчымы такі паварот падзей?
— У сучасным свеце ёсць вялікі патэнцыял і развіццё. Каб дасягнуць мэт, неабходна займацца праблемамі раўнапраўя і жанчын і мужчын. Захаванне раўнапраўя, увогуле, кажа і пра захаванне праў чалавека.
— Чаму гендарную праблему лічаць жаночай? З чым гэта звязана?
— Гістарычна так склалася, што першымі паднялі бунт пра нераўнапраўе менавіта жанчыны. Калі казаць пра Швецыю, то тут традыцыйна склалася так, што жанчыны больш за ўсё займаліся пытаннямі раўнапраўя. Але цяпер з’яўляецца ўсё больш і больш мужчын, якім гэта тэма становіцца цікавай. Можна сказаць, яны зважаюць на ўшчамленне сваіх правоў і імкнуцца
штосьці змяніць у СМІ. У прыватнасці, гэта тычыцца тых сітуацый, калі мужчыны становяцца бацькамі.
— На Ваш погляд, у чым жа заключаецца праца сапраўднага журналіста?
— Задача журналістаў заключаецца перш за ўсё ў тым, каб звярнуць увагу грамадскасці на праблемы. Гэта значыць, можна пачаць якую-небудзь кампанію супраць чаго-небудзь і асвятляць вызначаныя выпадкі ў сваіх артыкулах. І далей трэба спадзявацца, што патрэбныя людзі звернуць увагу і зробяць патрэбныя захады.
Фаіна НАКАНЕЧНАЯ