Маладыя навукоўцы БДУ прапануюць супрацьпухлінныя прэпараты ў 60 разоў таннейшыя за амерыканскі аналаг

1 Dec, 2014.

HYD_2650_v1

Інавацыйны праект БДУ «Біярассмоктвальныя супрацьпухлінныя прэпараты для лакальнай хіміятэрапіі злаякасных наватвораў: “Тэмадэкс” і “Праспідэлонг» прызнаны «найлепшым моладзевым інавацыйным праектам» рэспубліканскага конкурсу «100 тваіх ідэй для Беларусі».

Аўтары праекта – маладыя навукоўцы ВНУ: малодшы навуковы супрацоўнік НДІ ФХП БДУ Дзяніс Адамчык і аспірант хімічнага факультэта Сяргей Саламевіч.

«Тэмадэкс» і «Праспідэлонг» адносяцца да ліку новых медыкаментозных прэпаратаў у лячэнні злаякасных наватвораў. Яны аказваюць супрацьпухліннае дзеянне непасрэдна ў пашкоджаным органе, бо іх імплантуюць у  ложа выдаленай пухліны. Уздзеянне геляў выклікае згубу пухлінных клетак і прадухіляе метастазаванне. Акрамя таго, абодва прэпараты спрыяюць памяншэнню дозы цытастатыку, без якога не абыходзіцца лячэнне онкахворага, што змяншае таксічную нагрузку на арганізм. Адзначым таксама, біярассмоктвальныя супрацьпухлінныя прэпараты «Тэмадэкс» і «Праспідэлонг» не маюць аналагаў па складзе. Найбліжэйшы аналаг па эфектыўнасці і галіне выкарыстання, г. зн. лакальная хіміятэрапія – амерыканскі прэпарат Gliadel каштуе дорага: каля  18 000 долараў ЗША за 1 пакунак. Кошт распрацаваных «Тэмадэкса» і «Праспідэлонга» складае каля 300-350 долараў ЗША за 1 пакунак, што ў 60 разоў ніжэй за кошт прэпарата Gliadel.

HYD_2647_v1

Падкрэслім, перамога ў конкурсе «100 ідэй для Беларусі» прынесла маладым навукоўцам БДУ неабходныя інвестыцыі для правядзення валідацыі вытворчага ўчастку і абсталявання, што дасць магчымасць мадэрнізаваць вытворчыя пляцы ў адпаведнасці з правіламі GMP. Гэта дазволіць павялічыць аб’ёмы вытворчасці і забяспечыць выхад на рынкі іншых краін, а менавіта: правядзенне клінічных выпрабаванняў з наступнай рэгістрацыяй у краінах адзінай мытнай прасторы і інш.

Спаборніцтва адрасавана маладым навукоўцам нашай краіны да 35 гадоў і  арганізавана  Беларускім рэспубліканскім саюзам моладзі.

Даведка.

«Тэмадэкс» – распрацавана тэхналогія атрымання і зарэгістравана субстанцыя «Тэмадэкс», вытворца – УП «Унітэхпрам БДУ». Праводзяцца клінічныя выпрабаванні гатовай лекавай формы «Тэмадэкс» (вытворца – РУП «Белмедпрэпараты»). Клінічна паказана, што выкарыстанне прэпарата «Тэмадэкс» у якасці сродку лакальнай хіміятэрапіі злаякасных пухлін галаўнога мозгу (III-IV стадыі) павялічвае працягласць безрэцыдыўнага перыяду і працягласць жыцця хворых.

«Праспідэлонг» – распрацавана  тэхналогія атрымання і зарэгістравана субстанцыя «Праспідыю хларыд», вытворца – УП «Унітэхпрам БДУ». Прызначана для лячэння хворых на рак страўніка з дысемінаваным паражэннем брушной поласці.

Праведзены даклінічныя выпрабаванні. Медыка-біялагічныя выпрабаванні паказалі павышэнне эфекту супрацьпухліннай актыўнасці ў 1,5-2 разы ў параўнанні з зыходным пры адначасовым пралангаванні тэрапеўтычнага дзеяння і 100 % лячэнне жывёл пухлінаносьбітаў з перавітымі саркомай М-1, саркомай Енсена і гепатомай Зайдэла. Падрыхтавана нарматыўна-тэхнічная дакументацыя для атрымання дазволу на правядзенне клінічных выпрабаванняў гатовай лекавай формы «Праспідэлонг». Атрыманы патэнты ў РБ і РФ.

Жана ВАСАНСКАЯ

 

print

Вам таксама можа спадабацца: