Па выніках апублікаванага 17 снежня новага рэйтынгу найлепшых універсітэтаў краін у стадыі развіцця Еўропы і Цэнтральнай Азіі вядомага брытанскага агенцтва QS (Quacquarelli Symonds) БДУ ўвайшоў у топ-50 найлепшых ВНУ гэтага рэгіёна. Сярод 368 прааналізаваных універсітэтаў БДУ заняў 38 месца. Гэта чарговы поспех вядучай ВНУ Беларусі!
Узначаліў рэйтынг Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. В. Ламаносава. За ім размясціўся Карлаў універсітэт (Чэхія), які дзеліць другое месца з Новасібірскім дзяржаўным універсітэтам. З прадстаўленых 26 расійскіх ВНУ толькі восем маюць вышэйшыя паказчыкі, чым у БДУ.
У рэйтынгу акрамя БДУ прадстаўлена яшчэ адна айчынная ВНУ – Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, які заняў 61–70 пазіцыю.
Новы рэйтынг найлепшых універсітэтаў краін у стадыі развіцця Еўропы і Цэнтральнай Азіі засноўваецца на аналізе дзевяці крытэрыяў: акадэмічная рэпутацыя, рэпутацыя сярод працадаўцаў, суадносіны колькасці студэнтаў да колькасці супрацоўнікаў прафесарска-выкладчыцкага складу, доля запрошаных супрацоўнікаў з іншых краін, доля замежных студэнтаў, доля супрацоўнікаў з навуковай ступенню, эфектыўнасць інтэрнэт-рэсурсаў, колькасць апублікаваных артыкулаў, якія прыходзяцца на аднаго супрацоўніка, цытаванасць артыкулаў. Дадзены рэйтынг ахоплівае ВНУ 30 краін: Албанія, Арменія, Азербайджан, Беларусь, Боснія і Герцагавіна, Балгарыя, Харватыя, Чэхія, Эстонія, Венгрыя, Грузія, Казахстан, Косава, Кыргызская Рэспубліка, Латвія, Літва, Македонія, Малдова, Чарнагорыя, Польшча, Румынія, Расія, Сербія, Славакія, Славенія, Таджыкістан, Туркменістан, Турцыя, Узбекістан, Украіна.
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт сёння ўпэўнена прасоўваецца на міжнароднай арэне вышэйшай адукацыі. Па апошніх дадзеных рэйтынгу THE – QS World University Rankings вядучая ВНУ Беларусі ўвайшла ў топ-500 найлепшых ВНУ свету.
Ларыса ПЕТРАВЕЦ
БДУ ўвайшоў у топ-50 універсітэтаў краін у стадыі развіцця Еўропы і Цэнтральнай Азіі
30 Dec, 2014.