Заўсёды, калі гаворка ідзе пра гісторыю якой якой-небудзь з’явы, важна ды проста пазнавальна паказаць яе вытокі. У выпадку з нашай газетай мы маем вельмі фрагментарныя звесткі пра яе першыя гады. З аднаго боку – гэта недахоп факталагічных крыніц, бо даваенныя нумары ўніверсітэцкай газеты засталіся пасля эвакуацыі БДУ ў бібліятэцы імя Салтыкова-Шчадрына ў Санкт-Пецярбургу, і мы маем, дзякуючы нашым гісторыкам, толькі асобныя копіі. З другога боку, ў першыя гады газета падпісвалася калектыўным аўтарам – рэдкалегіяй, і людзей, якія адказвалі за яе выпуск, наўрадці ўжо ўдасца выявіць. І яшчэ адін момант – самі супрацоўнікі газеты дагэтуль не надавалі вялікай увагі ўласнай гісторыі выдання (гэта было ўласціва ўсяму савецкаму грамадству, якое кіравалася будучымі ідэаламі) і не пакінулі пасля сябе больш-менш сістэматызаваных звестак. А газета БДУ праз сваё значэнне вартая таго, каб паказаць яе ролю ў развіцці ўніверсітэта і не толькі, што мы і зробім у серыі далейшых публікацый.
Нягледзячы на пэўную ідэалагічную скіраванасць тагачасная газета БДУ стала палігонам перадавой навуковай і педагагічнай думкі, а таксама выразнікам студэнцкіх ініцыятыў. На старонках газеты друкаваліся творы Янкі Купалы, а таксама Якуба Коласа і Кандрата Крапівы, якія ахвотна ладзілі сустрэчы са студэнтамі і спрыялі іх творчай актыўнасці.
Акрамя вядучых навукоўцаў і выкладчыкаў на старонках газеты часта выступалі кіраўнікі ўніверсітэта Я. П. Каранеўскі, А. І. Дзякаў, А. С. Кучынскі, Н. М. Бладыка, П. П. Савіцкі, І. С. Чымбург, Л. М. Шнеерсон. Рэгулярна друкаваліся артыкулы дэканаў факультэтаў: М. Е. Макушка, І. С. Жылінскага, А. П. П’янкова, Г. М. Сагаловіча, Ц. П. Ломцева, Э. В. Змачынскага, а таксама моладзевых актывістаў З. Завістовіч, В. Малаковіч і Я. Фалевіча, якія падчас вайны гераічна змагаліся з ворагам у падпольных згуртаваннях. Апошнім рэдактарам газеты да вайны быў І. М. Малюкевіч, які ў 1949 г.узначаліў Гродзенскі ўніверсітэт.
Багатыя традыцыі перыядычнага друку ўніверсітэта былі працягнутыя шматтыражнай газетай пасля Вялікай Айчыннай вайны. Яе выпуск узнавіўся толькі напярэдадні 30-й гадавіны Кастрычніка ў 1947 годзе. Дасведчаныя журналісты разам са студэнтамі аддзялення журналістыкі і гістарычнага факультэта пачалі рыхтаваць нумар. У рэдакцыю прынеслі артыкулы акадэмікі М. Нікольскі і У. Перцаў. Малады паэт, студэнт філфака М. Аўрамчык прапанаваў верш «Мы нарадзіліся пасля Кастрычніка». Аспірант І. Мележ падрыхтаваў да друку ўрывак з рамана «Мінскі напрамак»… На кастрычніцкай дэманстрацыі студэнты і супрацоўнікі БДУ атрымалі свежы выпуск сваёй шматтыражкі.
Адзін з першых пасляваенных рэдактараў універсітэцкай газеты Герой Савецкага Саюза А. А. Філімонаў пазней успамінаў у сваім артыкуле «Незабывальныя дні» першыя крокі БДУ па аднаўленні свайго выдання. «Шматтыражка выходзіла тады адзін-два разы ў месяц. Яе асноўнымі карэспандэнтамі былі студэнты аддзялення журналістыкі і прадстаўнікі іншых факультэтаў. Артыкулы і карэспандэнцыі насілі баявы, прынцыповы характар, многія з іх абмяркоўваліся на пасяджэннях партыйнага бюро, камітэта камсамола, прафкама…»
Шматлікія рэдактары, карэспандэнты і пазаштатныя аўтары працяглы час напаўнялі актуальным зместам і развівалі ўніверсітэцкую газету. У сённяшнім яе выглядзе ёсць і іх штрыхі.
Сяргей ШАФАЛОВІЧ,
рэдактар газеты “Універсітэт”
На фота 2: Першы пасляваенны рэдактар газеты БДУ Герой Савецкага Саюза Аляксандр Андрэевіч Філімонаў