З’явіўся вольны час. Варыянтаў узімку роўна два: ці сядзіш дома, з нудой утаропіўшыся ў экран камп’ютара, п’ючы «гарбату– каву–патанцуем», ці клічаш прыяцеля, прасаджваеш сваю апошнюю студэнцкую драбязу на «Хобіта» або ў кавярні.
Жарты, падколкі, гутаркі, весялосць – жыццё выдатнае, калі так насычанае яркімі фарбамі і калі да іспытаў дапушчаны. Ды вось заскочыла пагасцяваць адна думка, якая не дае ўладкавацца прыемнаму адчуванню бяспекі і камфорту. Пакуль мы з прыяцелем расселіся на мяккіх крэслах кавярні, каб, як і ўсе тут прысутныя, расслабіцца, пасмакаваць момант волі, хтосьці шукае базон Хігса, хтосьці сядае за напісанне кнігі, а хтосьці на працягу двух тыдняў узбіраецца на 7000 метраў над узроўнем мора, каб затым апрануць касцюм-крыло і скокнуць уніз. Проста таму, што людзі маюць імкненне. Проста таму, што яны адрадзілі ў сабе ідэал першаадкрывальнікаў, які так доўга жыў у розумах нашых продкаў.
Становіцца страшна, калі ўсведамляеш, што перш чым так вольна і без асцярогі лётаць з вінгсьютам, загінула каля 75 вынаходнікаў падобных строяў. Але, так ці інакш, гэта дазволіла зрабіць дадзеную забаву сапраўдным відам спорту, даступным сёння для ўсіх. І яшчэ больш дзіўна тое, што чалавек, які з’яўляецца шматразовым чэмпіёнам і рэкардсменам па скайсёрфінгу, 10 снежня наведаў Мінск, каб проста пагутарыць са студэнтамі. Валерый Розаў, расіянін, які да 49 гадоў скарыў Эльбрус, Манблан, Кіліманджара, зрабіў каля 10000 парашутных і больш за 1200 бэйс-скачкоў, палётаў над Антарктыдай (з гары Ульветана), Гімалаямі (гара Шыўлінг), дзейсным вулканам Мутноўскі (паўвостраў Камчатка), і наогул, ці то ад горнага паветра, ці то ад нязгаснай энергіі, выглядае не на 49, а на 30 гадоў.
На сустрэчы ў фізічным факультэце БДУ аўдыторыя была запоўнена як мажліва. Сам семінар доўжыўся не больш за гадзіну. А вось пытанняў набралася на цэлую пару. Але перш чым пагутарыць, Валерый сам распавёў пра бэйсджампінг і нават змог паказаць некалькі самых небяспечных скачкоў.
Вінгсьют не такі просты, як здаецца, насамрэч. Канструкцыя мае троху іншую структуру, чым сапраўдныя крылы. Усярэдзіне строя размяшчаюцца паветразаборнікі, праз якія сам джампер не можа адразу ляцець, а пэўны час павінен правесці ў вольным падзенні. Гэта завецца «адрыў», і ў залежнасці ад тыпу вінгсьюта можа быць як працяглым, так і кароткачасовым.
Само кіраванне касцюмам ажыццяўляецца нахілам цела і рухамі рук і ног. Для таго, каб спусціцца ўніз, досыць злёгку звесці рукі за спінай. Каб кіраваць у гарызантальным кірунку, неабходна нахіліць сваё цела ў адзін ці іншы бок. А вось угару падняцца, насуперак самым аптымістычным чаканням, немагчыма – той, хто скача, асуджаны ляцець уніз прынамсі пры нахіле ў 20 градусаў. Зрэшты, гэта ўсё адно вельмі блізка з палётам птушак. «З часам да палёту прывыкаеш і можаш у дасканаласці валодаць касцюмам, як сваімі крыламі. Іншая справа, што ўсё прыходзіць толькі з досведам…».
Каб зразумець, хто такія бэйсджамперы і Валерый Розаў у прыватнасці, досыць азнаёміцца з паняццем «проксіміці». Апошнія гады бэйсджампінг без гэтага слова ўявіць немагчыма. «Проксіміці» – азначае палёт на максімальна блізкай адлегласці да скал. «Самы мінімум, якога можна дасягнуць, – 2 метры. Але пры гэтым зразумець праўдзівы ўзровень вышыні вельмі складана. Ногі знаходзяцца ніжэй за ўзровень галавы, што адчуваць вучышся не адразу. Гэта небяспечныя скачкі, якія захопліваюць дух».
Пытанняў задавалі шмат, прычым самых разнастайных. Ад банальнага «як ставіцца жонка да вашага захаплення?» (ставіцца выдатна) да самых фантастычных. Напрыклад, ці спрабавалі выкарыстоўваць касцюм-крыло расійскія ваенныя сілы? Як высветлілася, выкарыстаць дадзеную тэхналогію ў ваенных мэтах вельмі праблематычна – хуткасць 200 км/г стварае даволі шмат шуму.
Пачаць займацца скачкамі з вінгсьютам можна толькі пасля 200 скачкоў з парашутам, ды і то робячы першыя крокі не ў гарах, а на аэрадроме. Што ж тычыцца адвечнага пытання пра тое, ці не стаў спорт руцінай, расіянін спакойна адказаў: «Я люблю гэту справу. Навошта заканчваць, калі мне падабаецца лётаць?»
Перад сустрэчай вобраз Валерыя Розава маляваўся стэрэатыпна: жвавы, энергічны чалавек, які шмат кажа і ўвесь час смяецца. І хоць гумару на сустрэчы было вельмі нямала, сам Валерый апынуўся хутчэй разважлівым і залагоджаным. Скончаным яго вобраз стаў пасля слоў, якія ён як ніхто іншы мае права казаць. «Самае важнае ў бэйсджампінгу – псіхалогія. Калі ляціш у 5-метровым праёме паміж скаламі, галоўнае – не сарвацца. Ды і перад скачком ногі дрыжаць як у першы раз. Але трэба зрабіць крок, каб пакінуць страх ззаду. Толькі не зважаючы на гэта пачуццё, яго можна перамагчы».
Вось такі ён, Валерый Розаў трэнер зборнай Расіі па артыстычных відах парашутнага спорту, чэмпіён свету па скайсёрфінгу, альпініст, стваральнік «Рускага экстрэмальнага праекта», ініцыятар і ўдзельнік унікальных экспедыцый і аўтар новага кірунку бэйсджампінгу – B.A.S.E. climbing (скачкі з самых высокіх гор). У кар’еры гэтага бясстрашнага спартсмена ёсць унікальныя скачкі, якія дагэтуль не паўтарыў ні адзін чалавек.
Артур КІРЫЛЕНКА