Галоўным рэдактарам газеты “Беларускі ўніверсітэт” да 1995 г. на працягу 7 гадоў была Марына Загорская, якая сёння кіруе вядомым інфармацыйным рэсурсам. Яна ўзгадала той турбулентны час.
Я стала рэдактарам “Беларускага ўніверсітэта” у 1988 г., калі вучылася яшчэ на пятым курсе факультэта журналістыкі. Адначасова пісала творчы дыплом і працавала над рэдакцыйнай канцэпцыяй. І на тое, і на другое даводзілася выдаткоўваць ночы пад настольнай лямпай з вялізным абажурам на рэдактарскім стале, які дастаўся ў спадчыну ад папярэдніка – Васіля Вараб’ёва. ён перадаў мне не толькі свой кабінет на 4 паверсе будынка на Бабруйскай, 9, але і аўтарытэтнае і прафесійна зробленае выданне.
Пра такога рэдактара, як Васіль Пятровіч, можна было толькі марыць – у газеце працавалі ў асноўным студэнты. Ён падтрымліваў нашыя самыя бязглуздыя ініцыятывы, дазваляў быць творчымі і вольнымі ў выбары тэмы, яе падачы, не назаляў павучаннямі і не псаваў тэксты штампамі (як на той час рабілі шмат якія рэдактары нават у рэспубліканскіх выданнях). Прынамсі, нам (а я пачала працаваць у “Беларускім універсітэце” на другім курсе) падавалася, што выдатную прафесійную газету робім мы самі. І толькі сеўшы ў рэдактарскае крэсла, я зразумела, што ненавязлівае кіраўніцтва – найвышэйшы рэдактарскі пілатаж. Каб дасягнуць яго, аднаго жадання і ўніверсітэцкага дыплома мала.
У 20 гадоў кіраваць няхай і невялічкім калектывам рэдакцыі (у нас былі два сталыя супрацоўнікі – Зінаіда Аляшкевіч і Алена Вятрова, а таксама некалькі студэнтаў, якія працавалі на палову стаўкі) – я і дагэтуль не веру, што наважылася на такое.
Калі ў рэдакцыю прыходзілі некаторыя наведнікі, яны казалі: “Дзяўчо, а як бы нам пабачыць рэдактара?” – “Я рэдактар”, – адказвала я. –“Нам патрэбны галоўны рэдактар!” – патрабавалі яны. – “Гэта я і ёсць” – у такія моманты мне хацелася схавацца пад стол ці за шырокую спіну свайго настаўніка Васіля Пятровіча.
Удзячная, што цягам года-двух ён не пакідаў мяне сам-насам з праблемамі – дапамагаў парадамі, далікатна выпраўляў памылкі і, што вельмі істотна, не перашкаджаў ісці сваім курсам. А яшчэ – што побач былі тагачасны дэкан журфака Алег Георгіевіч Слука і прарэктар Пётр Іванавіч Брыгадзін, куратар газеты.
Якую газету магла рабіць пяцікурсніца? Зразумела, студэнцкую. І рэктарат не стаў у гэтым перашкаджаць. Рэктар Фёдар Мікалаевіч Капуцкі аднойчы падчас сустрэчы па абмеркаванні планаў рэдакцыі на наступны год нават прызнаўся, што сам маладзее, калі бярэ ў рукі “Беларускі ўніверсітэт”. Гэтыя словы былі як узнагарода для нашай каманды.
Час быў цікавы, следам за перабудовай прыйшлі першыя часы незалежнасці Беларусі – мы адгукаліся на яго, прыкладам, круглымі сталамі з удзелам прадстаўнікў моладзевых суполак і рэктарата, падчас якіх вяліся гарачыя спрэчкі, і мы мелі магчымасць даносіць іх да ўніверсітэцкай аўдыторыі. Шмат пісалі пра беларускую гісторыю – тады яна для нас толькі адкрывалася.
Журфакаўцы трымалі на старонках газеты сваю незалежную тэрыторыю – “Аўдыторыю № 7”, у якой маглі выказваць самыя крамольныя думкі. Філфакаўцы мелі сваю “Майстэрню” – шмат хто з тых, хто друкаваў у ёй свае першыя вершы, цяпер ужо вядомыя паэты. Для ўсіх факультэтаў мы пачалі ладзіць конкурс насценных газет і пераводзіць іх у “друкаваны фармат”. Дарэчы, найлепшымі журналістамі-насценнікамі былі біёлагі.
Наладзілі таксама стасункі са студэнцкай газетай канадскага горада Калгары – яе публікацыі станавіліся нашымі міжнароднымі старонкамі.
Сярод тых, хто працаваў або супрацоўнічаў тады з “Беларускім універсітэтам”, сёння вядомыя журналісты – Сяргей Грыц, фотакарэспандэнт АР, Сяргей Плыткевіч – дырэктар выдавецтва “Рыфтур”, Васіль Фядосенка – фотакарэспандэнт “Рэйтэр”, Вольга Улевіч – былы намеснік рэдактара “Комсомольской правды”.
Запісала Рагнеда ЮРГЕЛЬ