5 снежня ў рэдакцыі “Беларус-МТЗ агляду” адбылося ўрачыстае адкрыццё і прэзентацыя філіяла кафедры перыядычнага друку Інстытута журналістыкі БДУ. Мерапрыемства прайшло ў рамках святкавання 70-годдзя інстытута.
Філіял арганізаваны на базе дадзенай газеты з мэтай умацавання сувязяў БДУ з вытворчасцю і ўзмацнення практычнага складніка падрыхтоўкі спецыялістаў. Цеснае ўзаемадзеянне ВНУ і газеты ў гэтым кірунку, якое зараз мае афіцыйны статус, дазволіць будучым журналістам замацоўваць на практыцы тэарэтычныя веды, якія яны атрымліваюць у сценах інстытута, і набываць неабходныя ім прафесійныя навыкі, а таксама паслужыць выпуску кампетэнтных спецыялістаў і забяспечыць наяўнасць вытворчай базы для даследчых прац студэнтаў.
Кіраўніцтва філіялам кафедры перыядычнага друку Інстытута журналістыкі БДУ даручана галоўнаму рэдактару “Беларус-МТЗ агляду” Аліцыі Пінюце. Выступаючы на ўрачыстым адкрыцці, Аліцыя Францаўна сказала:
— Інстытут журналістыкі БДУ і газету Мінскага трактарнага завода “Беларус-МТЗ агляд” злучае даўняе творчае супрацоўніцтва. Азнаямленчую, вытворчую і пераддыпломную практыку ў нашай газеце прайшлі сотні студэнтаў. Толькі сёлета прафесійны досвед спецыялістаў рэдакцыі пераймалі 15 будучых журналістаў, якія навучаюцца на дзённым аддзяленні, і 11 “завочнікаў”.
Акрамя таго, можна сказаць, што з лёгкага рукі нашай газеты журналісцкую адукацыю атрымалі дзясяткі выпускнікоў БДУ. Досвед нашай газеты абагульнены ў дзясятках курсавых, дыпломных і навуковых прац. Без цеснага ўзаемадзеяння з Інстытутам журналістыкі дасягнуць такіх важкіх вынікаў навукова-даследчай дзейнасці было б складана.
Першае сумеснае мерапрыемства Інстытута журналістыкі БДУ і “Беларус-МТЗ агляду” ў новым статусе не абмежавалася толькі прэзентацыяй праекта. Пасля таго, як чырвоная стужачка была перарэзаная, у рэдакцыі прайшоў “круглы стол” на тэму “Узаемадзеянне навукі і вытворчасці – аснова падрыхтоўкі высокапрафесійных спецыялістаў”. Ад Інстытута журналістыкі ўдзел у ім прынялі намеснік дырэктара – загадчыца кафедры перыядычнага друку Вольга Самусевіч, намеснік дэкана па творчым супрацоўніцтве са СМІ Таццяна Сіліна-Ясінская, загадчыца кафедры замежнай журналістыкі і літаратуры Таццяна Дасаева, рэдактар аддзела творчых праектаў “7 дзён” Алена Яловік, рэдактар газеты БДУ “Універсітэт” Сяргей Шафаловіч, дырэктар музея Інстытута журналістыкі Пётр Дарашчонак і іншыя супрацоўнікі. На ўрачыстым адкрыцці філіяла таксама прысутнічалі намеснік генеральнага дырэктара ААТ “МТЗ” па ідэалагічнай працы, кадрах і сацыяльным развіцці Васіль Тымановіч, старшыня прафкама ААТ “МТЗ” Аляксандр Карцаў, прадстаўнік адміністрацыі Партызанскага раёна Мінска Наталля Заранок, старшыня Беларускага прафсаюза супрацоўнікаў АСМ Валерый Кузьміч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ Аляксандр Валчанкоў, прэс-сакратар міністра прамысловасці Сяргей Шалай.
Намеснік дырэктара Інстытута журналістыкі БДУ Вольга Самусевіч падкрэсліла важнасць падзеі, якая адбываецца, і выказала ўпэўненасць, што супрацоўніцтва ВНУ і газеты будзе плённым. Яна таксама запэўніла прысутных, што будзе ўсяляк спрыяць узаемадзеянню навукі і вытворчасці.
На прадпрыемстве дзейнічае некалькі філіялаў кафедраў найбуйнейшых ВНУ краіны, якія рыхтуюць спецыялістаў для машынабудаўнічай галіны. Зараз гэтая вытворчая база ўключае і пляцоўку для адпрацоўкі практычных навыкаў будучых журналістаў, тым, хто ў перспектыве будзе прасоўваць перадавыя ідэі і тэхналогіі ў вялізнай інфармацыйнай прасторы.
Наталля КАВАЛЁВА
Фота Кацярыны ГУРТАВОЙ
P.S: Чырвоную стужачку перарэзалі Вольга Самусевіч, Аліцыя Пінюта, Васіль Тымановіч і Аляксандр Карцаў