Гран-пры ХI Адкрытага моладзевага музычнага фэсту БДУ «Такія пернікі» атрымала рок-група «Чып і Дэйл». Вынікі конкурсу вызначылі гледачы галасаваннем 27 лістапада на гала-канцэрце фэсту ў сталічным клубе «Тытан». Уладальнікам галоўнага прыза будзе прадстаўлена магчымасць папрацаваць у адной з прафесійных студый музычнай кампаніі BOOM. Акрамя таго, дыпломамі 2 і 3 ступені адзначаны музыкі калектываў forAboutFrom і Denmi адпаведна.
Гэта штогадовае мерапрыемства прымеркавана да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам пад дэвізам «Спыніць СНІД. Выканаць абяцанне». Мэта фэсту – падтрымка маладых выканаўцаў і новых формаў эстраднага мастацтва, павышэнне ўзроўню выканальніцкага майстэрства і развіццё творчых і прафесійных здольнасцяў.
Нагадаем, у сёлетнім адборачным туры прынялі ўдзел 30 музычных калектываў вышэйшых і сярэднеспецыяльных навучальных устаноў Мінска. Рэпертуар суіскальнікаў быў цікавым і разнастайным. Толькі шэсць музычных каманд «прабіліся» ў фінал і сталі ўдзельнікамі гала-канцэрта: Des Moines, ForAboutFrom, SAMELI, DENMI, Free Lite і «Чып і Дэйл».
У якасці спецыяльных гасцеў у гэтым святочным музычным шоу прынялі ўдзел папулярныя групы: пераможцы фэсту «Такія пернікі» 2013 года – група «Хурма» і WEEFP.
Адзначым таксама памятныя сувеніры ў форме нотнага знака і дыпломы ўдзельнікаў ХI Адкрытага моладзевага музычнага фэсту БДУ «Такія пернікі» атрымалі «каманды» ў намінацыях: «Найлепшая група» – SameliХ, «Найлепшае выкананне» – група «Чып і Дэйл», «Найлепшы бас-гітарыст» – ForAboutFrom, «Найлепшы барабаншчык» – «Чып і Дэйл», «Найлепшы вакал» – Denmi, « Найлепшая песня» – Sameli, «Найлепшы гітарыст» – Sameli.
Арганізатары музычнага гэтага змагання – упраўленне па справах культуры БДУ і аддзел культуры адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы. Наш карэспандэнт у перапынку гала-канцэрта сустрэўся з намеснікам начальніка ўпраўлення па справах культуры Аляксандрам Ігнатчыкам.
– Аляксандр, арганізатары падобных рок-канцэртаў звычайна абяцаюць нечуваныя ганарары ўдзельнікам, а гледачам – сапраўднае шоу з якасным гукам, незвычайным святлом, перформанснымі інсталяцыямі…
– На жаль, як цяпер кажуць, такі фармат нам не падыходзіць. Адкрыты моладзевы музычны фэст БДУ «Такія пернікі» – некамерцыйны праект. У ім могуць браць удзел музыкі з розных адукацыйных устаноў, а геаграфія ўдзельнікаў, як вядома, упрыгожыць любы конкурс. Аднак заўважу, БДУ – невычэрпная крыніца маладых талентаў, і кожны год у першым адборачным туры ўдзельнічаюць каля 30 аматарскіх каманд толькі з нашай ВНУ. Наша мэта празрыстая: мы жадаем падтрымаць сваёй увагай маладых выканаўцаў новых формаў эстраднага мастацтва. «Пернікі» – гэта не проста серыя вялікіх канцэртных тураў, адбор груп для гала-канцэрта і г. д. Тут выпісваюць «пуцёўку» ў вялікае эстраднае жыццё аматарскім калектывам. Далей калектыў можа развівацца ў любым кірунку – стаць прафесійным або застацца на самадзейным узроўні.
– Музычныя прадзюсары наведваюць фінальны тур?
– Вядома. Вельмі часта мы запрашаем у журы вядомых музыкаў. Спадзяемся, што ў будучыні наш аматарскі конкурс адкрые новыя імёны на прафесійнай сцэне, у прыватнасці, у рок-музыцы. Тут няма выпадковых людзей. Фэст БДУ – гэта даніна ўсім рок-фэстам, якія 20-30 гадоў паднялі імёны цяперашніх класікаў року і альтэрнатыўнай музыкі.
Жанна ВАСАНСКАЯ