Паўднёвы тэмперамент, самба і гукі дуды: у БДУ прайшоў гала-канцэрт народнасцяў

8 Dec, 2014.

студенческий гала-концерт бгу
Вы калі-небудзь чулі гукі дуды? Можа, бачылі грузінскія ці турэцкія народныя танцы? Многія мараць дакрануцца да культур розных народнасцяў, прыадчыніць завесу таямніцы над іх традыцыямі. Міжуніверсітэцкі фэст нацыянальных культур, які прайшоў у Ліцэі БДУ 3 снежня, дазволіў гэта зрабіць і пазнаёміў гледачоў і ўдзельнікаў фэсту з мастацтвам чатырнаццаці розных краін, якія былі прадстаўлены студэнтамі 10 сталічных ВНУ. Мерапрыемства, арганізатарам якога выступіў Студэнцкі гарадок БДУ, у чарговы раз дазволіла студэнтам паказаць свае таленты, раскрыць творчы патэнцыял і, вядома, пасябраваць.
Гец Інга Аляксандраўна, педагог-арганізатар у БГМУ, распавяла пра ўдзел свайго ўніверсітэта ў фэсце: “Медыцынскі ўніверсітэт штогод удзельнічае ў фэсце. Кожны раз гэта штосьці новае: змяняюцца людзі, нацыянальнасці, нумары. Для ўдзельнікаў гэта выдатная магчымасць пазнаёміцца з традыцыямі іншых дзяржаў, паказаць сябе і завесці новыя знаёмствы. Фэст умацоўвае адносіны паміж студэнтамі і ВНУ. Ініцыятыўныя дзеці з розных краін рыхтуюць сумесныя нумары, дзеляцца сваімі эмоцыямі і светапоглядам – мне здаецца, гэта сапраўды важна”.
Студэнты прызналіся, што для іх галоўнае ў фэсце – гэты настрой. Ім падабаецца цешыць людзей, дзяліцца з імі сваёй творчасцю і глядзець на шчаслівыя твары гледачоў. Хлопцы і дзяўчаты поўныя запалу, некаторыя з іх ужо не ў першы раз бяруць удзел у мерапрыемстве. Удзельнікі і арганізатары адзначаюць адмысловую атмасферу фэсту, якая адчуваецца з першых хвілін творчага вечара.
Адкрыў фэст заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь ансамбль танца “Крыжачок”.

студенческий гала-концерт крыжачок бгу Ён задаў настрой вечара: забіяцкія рухі і фальклорная музыка наладзілі гледачоў на пазітыўны лад. Наступныя танцавальныя нумары былі не менш каларытнымі: народныя танцы Грузіі, Турцыі, Туркменістана і Азербайджана дазволілі адчуць характар гэтых краін і адчуць паўднёвы тэмперамент іх жыхароў. Запальная самба ад Шый Сюйміня (БНТУ) і беларуска-кітайскае брэйк-данс-трыа з БДУКМ канчаткова пераканалі гледачоў, што разнастайнасць танцавальных талентаў студэнтаў нечуваная.
Хочацца адзначыць музычныя нумары студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Кожны выступ быў старанна прадуманы і па-майстэрску выкананы, артысты спявалі і ігралі на музычных інструментах (флейта і саксафон) пранікліва, шчыра і непаўторна. Не менш яркімі былі музычныя выступы студэнтаў з Кітая, В’етнама, Малайзіі, Украіны, Казахстана, Ірана і Манголіі.
Прадстаўнік Кітая Гэ Чааі на здзіўленне ўсіх гледачоў выканаў песню на тэкст Якуба Коласа “Мой родны кут…” на беларускай мове. Яго выступ крануў і ўразіў залу: ён быў гарманічным, адлюстроўваў беларускі каларыт і характар і Гэ Чааі здолеў перадаць усю меладычнасць і прыгажосць беларускай мовы. Гэ прызнаўся, што ён ужо даўно палюбіў мелодыю гэтай песні і лірычнае гучанне беларускіх вершаў.
Надоўга гледачам запомніцца і эмацыйны выступ дуэта з Нігерыі: Аканіма Аква і Акпанокпа Файвор, студэнтаў БДМУ. У іх выкананні песні на роднай мове адчувалася адмысловая энергетыка. Артысты з радасцю распавялі, што, хоць яны ў Беларусі першы год, ім ужо палюбілася наша краіна і яны з радасцю пазнаюць яе культуру.

студенческий гала-концерт бгу
Фінальнай кропкай фэсту стала песня “Белая Русь”, якую выканалі студэнты з Туркменістана Дар’я Дукарт і Ахмед Ататджанаў. Гэта песня сабрала на сцэне ўсіх артыстаў. Гледачы і выступоўцы спявалі разам, і гэта стала галоўным доказам таго, што мерапрыемства атрымалася. Так фэст ізноў згуртаваў прадстаўнікоў розных краін і ВНУ, зрабіўшы іх адной вялікай сям’ёй пры дапамозе мастацтва, якое, як вядома, не ведае межаў.

Алеся ШАЛАЙ

DSC_0375

print

Вам таксама можа спадабацца: