Напярэдадні 85-гадовага юбілею газеты “Універсітэт” стала цікава даведацца, як склалася жыццё журналістаў, якія працавалі ў рэдакцыі. Адзін з іх – фотажурналіст Сяргей Міхайлавіч Плыткевіч. Зараз дырэктар выдавецтва “Рыфтур” і старшыня грамадскага аб’яднання фотамастацтва. У яго хацелася даведацца пра студэнцкія гады і працу як фатографа і журналіста.
— Распавядзіце, як жа з ляснога тэхнікума з фотаапаратам “Вілія” вы захацелі паступіць на факультэт журналістыкі БДУ? Калі вы сур’ёзна ўсвядомілі, што жадаеце быць менавіта фатографам?
— Справа ў тым, што спачатку гаворка ішла не пра тое, што я буду фатографам. У мяне шмат было рамантычных уяўленняў пра сваю будучую прафесію. Думаў, што буду пісьменнікам, хацеў кнігі выдаваць. А фатаграфаваць я пачаў у сёмым класе. У той час маці купіла на сваю трынаццатую зарплату фотаапарат “Вілія”. Пасля восьмага класа ў мяне быў выбар, куды паступаць. У нас было фотаатэлье, адкуль выходзілі добрыя фатографы. Але мне гэта было нецікава, мяне вабілі рамантыка, турызм, падарожжы, лес, прырода… У 7–8 класе я думаў пра стварэнне школьнага лясніцтва. Майстраваў шпакоўні, саджаў дрэвы. Таму і паступіў у лясны тэхнікум. У нас там была свая група. Мы фатаграфавалі, спрабавалі займацца фотапаляваннем. Але гэта ў прынцыпе было немагчыма без нармальнай тэхнікі, без даўгафокуснай апаратуры, аб’ектываў. Зразумела, што ўсяго гэтага ў мяне не было. Таму першы мой кадр таго часу – гэта каўка. Прыставіў да фотаапарата “Вілія” тэатральны бінокль. і зрабіў здымак каўкі на суседнім дрэве, стоячы ля акна. Пасля тэхнікума ў мяне быў чырвоны дыплом. Па размеркаванні я ішоў першым. І мне далі накіраванне ў любую вышэйшую навучальную ўстанову. Хоць спецыялізацыя была лясная, я мог паступаць куды заўгодна. Спачатку я папрацаваў паўгода ў лясніцтве і вельмі хутка зразумеў, што праца ў лесе не такая рамантычная, як падавалася. Парадокс у тым, што чым больш ты ў лесе, тым менш ты яго бачыш. Ты не бачыш той прыгажосці прыроды. Трэба быць архімагутным і моцным, каб працягваць працаваць. Таму што высаджваць, высякаць лес – гэта сур’ёзная праца. Так жа, як, напрыклад, здымкі Мінска для фатографаў з Мінска. Таму што для іх – гэта звычайна. Кожны дзень гэта бачыш, абвыкаеш. Трэба высілкі, каб вырывацца з гэтага будзённага жыцця. А вось паедзе мінскі фатограф у Парыж, Варшаву або Вільнюс… Бегае, “пстрыкае” з запалам. І, наадварот, прыязджаю да нас турысты. Для іх Мінск – гэта нешта незвычайнае… Я тады думаў-думаў і вырашыў рызыкнуць: падаў дакументы на факультэт журналістыкі.
— Як гэта: быць студэнтам-журналістам у БДУ? Можаце ахарактарызаваць сваю вучобу ў той час?
— Ну, па-першае, я быў на два года старэйшы за свой курс. Па-другое, я быў студэнтам не з Мінска. Для мяне ўсё было ў навінку. А многія мінчукі ведалі адзін аднаго. Узровень іх падрыхтоўкі быў вышэйшы. Але, вядома, ніхто не адмяняў талент прафесіяналізм і працавітасць. І ёсць ініцыятыўнасць і энергетыка – “прабіўныя” здольнасці. Таму на першапачатковым этапе адрозненне відаць. Потым, праз год, усё выраўноўваецца. І да другога–трэцяга курса застаюцца тыя, хто сапраўды хоча працаваць у журналістыцы. Могуць і жадаюць пісаць, фатаграфаваць. Напрыклад, быў фатограф Аляксандр Валошын. Ён працаваў да мяне фатографам у “Беларускім універсітэце”. А пасля яго рэдактар Васіль Пятровіч Вараб’ёў заўважыў і ўзяў мяне. Атрымалася, што канкурэнцыю за месца я выйграў.
— Праглядаючы архіў, зазначыла, што фатаграфіі, зробленыя вамі, часта знаходзяцца ў рубрыках “Фота тыдня”, “Аўтарытэт студэнта”. Гэта партрэтныя здымкі. Чыя была ідэя рабіць такія рубрыкі?
— Праўду кажучы, гэтая ідэя была прыдуманая яшчэ да таго, як я працаваў у газеце. Але сама ідэя была зразумелая. Ёсць стаўленне да фатаграфіі. У тыя гады асноўная маса фатаграфій – гэта статычныя, безаблічныя фота. Але ў гэты час у савецкую фатаграфію “вярталася жыццё”. Адкрываліся магчымасці для творчасці. Я магу сказаць, што патэнцыйна быў гатовы да гэтых змен. Таму што мой нязменны падыход да фатаграфіі: на фатаграфіі жыццё працягваецца. Калі, узяць спорт. Гэта дынаміка. Гэтак жа і на любым фота. Ты павінен бачыць, што адбылося і што будзе далей. Больш за тое, чым магутнейшая фатаграфія, тым больш эмоцый яна выклікае.
— Які для вас ідэальны партрэт і ідэальны фотажурналіст, які робіць такі партрэт?
— Калі гаварыць пра партрэт, то гэта не проста набор характарыстык чалавека: колер валасоў, фігура. А гэта характар. І яшчэ адна важная частка – гэта тэкст, які напісаны да фатаграфіі. Калі я паступаў на факультэт журналістыкі, маёй творчай працай была: “Мой ідэал у журналістыцы”. Для мяне гэта Васіль Пяскоў, Юрый Рост. У чым моц гэтых журналістаў? У іх талент не толькі фатаграфаваць але і пісаць. Калі ёсць магутная фатаграфія і да яе дадаецца такі ж тэкст, то эфект не 1+1=2, а 1+1=11. Журналіст можа вылавіць якое-небудзь імгненне, канцэнтруе ўвагу на ім, а словам ён падкрэслівае свой погляд. Самае галоўнае тое, што ёсць ідэальны сімбіёз фатаграфіі і тэксту. Звычайна існуе асобна журналіст і фотажурналіст. Я ж вырашыў для сябе, што буду і пісаць і фатаграфаваць. Таму што мог выканаць дзве працы адразу. І гэта вялікі козыр для любога журналіста.
— Хто ж сёння, на ваш погляд, можа назваць сябе фотажурналістам?
Сёння, на жаль, азначэнне “журналіст”, “фотажурналіст” даволі расплывістае. З’явілася мноства фотаапаратаў, тэлефонаў з падобнымі функцыямі. Крытэрыі ацэнкі здымкаў для шматлікіх выданняў рэзка сталі ніжэйшыя. А тэхніка дасягнула такога ўзроўню, што яна на 90 % выконвае функцыі чалавека. Тым не менш талент дагэтуль патрэбны. Пошук новых тэм, поглядаў – гэта таксама неабходная частка журналістыкі.
— У кастрычніку 1987 года ў газеце “Беларускі ўніверсітэт” з’явіўся матэрыял пра цягнік будатрада ў ГДР. Вы таксама ўдзельнічалі ў ім. Хто дапамог ажыццявіць гэтую паездку?
— Так, мы працавалі ў будатрадзе. І гэта адбылося менавіта дзякуючы газеце “Беларускі ўніверсітэт”. У тыя гады патрапіць у ГДР у будатрад – гэта была нерэальная мара для звычайнага студэнта. А газета давала пэўныя магчымасці. Васіль Пятровіч Вараб’ёў, як галоўны рэдактар, імкнуўся заахвочваць сваіх супрацоўнікаў. Я быў студэнтам і, здаецца працаваў на паўстаўкі. Але тады грошы мяне асабліва не хвалявалі. Я лічыў, што галоўнае – гэта “караскацца ўверх” і павышаць свой прафесіяналізм. А вось якраз зараз я перапрацоўваю свае архіўныя здымкі. Таму хачу паглядзець падшыўку тых гадоў, каб скласці здымкі па гадах.
— Так чаму ж вы вылучылі “Беларускі ўніверсітэт”?
— Я ў той час думаў пра працу, таму вылучыў “Беларускі ўніверсітэт”. Супрацоўнічаў яшчэ і з “Чырвонай зменай”, “Зоркай”, “На варце кастрычніка”. Хацелася чагосьці незвычайнага. Напрыклад, у 1986 годзе я вяртаюся з войска. А тут паведамляюць што адбылася чарнобыльская аварыя. Першае пытанне, якое ў мяне паўстала: “Як туды патрапіць?” Гэта закрытая зона. Але я працаваў у газеце “На варце кастрычніка”, таму мог там пабываць. Ды і не толькі ў Чарнобылі, але і іншых месцах. Мне гэта было цікава. Душа рвалася. І не было страшна. Напрыклад, землятрус у Арменіі. Проста як журналісту туды патрапіць немагчыма. Я даведаўся, што ў ЦК камсамола фарміруецца атрад студэнтаў, якія паедуць разбіраць завалы. І я пабег і падаў сваю заяўку. І не толькі працаваў, але і здымаў, рабіў інтэрв’ю, рэпартажы. Так я і рабіў матэрыялы.
— Былі ў вашай працы нечаканыя адкрыцці? Распавядзіце пра іх.
— Мы з Сяргеем Брушко вярнуліся з камандзіроўкі з чарнобыльскай зоны. Фоталабараторыя, дзе я праяўляў здымкі, тады яшчэ была на вуліцы Маскоўскай. Я, калі праяўляю плёнку, выразаю звычайна па пяць кадраў, якія адкладаю стосікам. Прыходжу, думаю: трэба аддрукаваць. А гарачай вады няма. Я думаю: “Ай, добра. Няма так няма”. І сыходжу дахаты. На наступны дзень прыходжу і чую шум вады з фоталабараторыі. Хачу адчыніць дзверы і не магу. Урэшце дзверы паддаюцца, і на мяне ліе струмень вады. Гэта я круціў і забыў выключыць кран з гарачай вадой. Успомніў пра свае плёнкі. А яны як ляжалі стосікам, так і прыляпіліся. Калі вільгаць паступала на іх – яны расплаўляліся. Там, дзе плёнка злучылася шчыльна, фота захаваліся. А па баках расплавіліся. Спачатку я выкінуў іх у сметнік. Ноч не спаў, шкадаваў, што такая здымка знікае. Раніцай прыйшоў, выцягнуў іх са сметніка, расклеіў. Некаторыя здымкі захаваліся. І атрымаліся такія сюжэты, быццам радыяцыя распраўляе жыццё.
— Многія студэнты мараць фатаграфаваць. Што можаце пажадаць ім і ўсім студэнтам БДУ?
— У першую чаргу трэба ўлічваць, тое, што сёння вельмі моцна павялічылася канкурэнцыя. Тэхніка з’яўляецца абсалютна даступнай. Яна ёсць у кожнага. Любы можа фатаграфаваць. Таму, на жаль, статус працы фотажурналіста становіцца ніжэйшы. Таму той чалавек, хто жадае сур’ёзна займацца гэтым, павінен ведаць, што самае галоўнае – гэта шукаць свой “почырк”, погляд. Чымсьці вылучыцца з натоўпу. Калі падчас маёй маладосці досыць было фатаграфаваць і пісаць, каб выйграць канкурэнцыю, то сёння гэтага недастаткова. Зараз фатаграфуюць усе. І трэба быць унікальным у сваіх матэрыялах. Павінен быць талент, сіла, мэтанакіраванасць. Але і важная спецыялізацыя. Калі студэнту цікавая якая-небудзь тэматыка, то трэба быць спецыялістам у ёй. Па-іншаму прафесіяналам ніяк не стаць.
Фаіна НАКАНЕЧНАЯ