У аэробіцы ёсць месца і мужчынам

11 Dec, 2014.

Чемпионат Республики Беларусь

Паднімаючыся ў спартыўную залу БДУ, размешчаную ў галоўным корпусе, яшчэ на лесвічнай пляцоўцы пачула запальную, рытмічную музыку. Падумала, што дзесьці ў суседняй зале займаюцца танцамі, а мне прыйдзецца ісці далей. Бо мэта візіту – патрапіць на трэніроўку па спартыўнай аэробіцы – вось там не да танцаў пад такую музыку! Мой стэрэатып быў развеяны, калі я адчыніла дзверы спартзалы. Шэсць дзяўчат у пярэстых гарнітурах, з прыгожым макіяжам на тварах рытмічна, пад музыку рабілі расцяжку, садзіліся на шпагат, а трэнер уважліва сачыла за іх кожным рухам і адбівала такт. Так, злітыя разам рытмічныя рухі, гнуткасць, вытанчанасць, музычнасць і сіла за адну хвіліну заваражылі мяне.

У нашым універсітэце ёсць зборная па спартыўнай аэробіцы. Пра аэробіку, зборную каманду і спорт у цэлым мы пагутарылі са старшым выкладчыкам кафедры фізвыхавання і спорту, трэнерам зборнай нашага ўніверсітэта па спартыўнай аэробіцы Валянцінай Васільеўнай Сяўбо.

 

— Валянціна Васільеўнаў, распавядзіце, калі ласка, пра гэты від спорту?

3XE3Vuhjzxg

— Што тут утойваць: спартыўная аэробіка – вельмі цяжкі спорт. Тут неабходная не толькі фізічная сіла і цягавітасць, але і ўменне адчуваць музыку, сваё цела пад яе рытм.  Гэты спорт пачаў зараджацца і развівацца ў канцы 1980-х гадоў. Першапачаткова за аснову былі ўзяты  практыкаванні з класічнай аэробікі (комплекс практыкаванняў для падтрымання фізічнай формы), пасля спартыўная аэробіка стала паўнавартасным відам спорту.

У Беларусі дадзены від спорту развіваецца з 1994 года. З гэтага часу я і працую са зборнай каманды БДУ па спартыўнай аэробіцы.

На сёння ў нашай зборнай шэсць майстроў спорту, два кандыдаты ў майстры спорту. Каманда выступае на розных спаборніцтвах у Беларусі – кубак Рэспублікі Беларусь, чэмпіянат Рэспублікі Беларусь, студэнцкая ўніверсіяда. Таксама мы імкнёмся актыўна ўдзельнічаць у спаборніцтвах міжнароднага ўзроўня – у Латвіі, Эстоніі, Чэхіі.

Не буду хаваць – наша каманда лічыцца моцнай. Папярэднія спаборніцтвы – студэнцкія гульні 2014 года – мы выйгралі, першае месца. Нам нават саступіла зборная БДУФК. На міжнародных спаборніцтвах у нас таксама заўсёды ёсць прызавыя месцы.

— Па якіх крытэрах адбіраліся людзі ў каманду?

6STnLreRfqg

— Цяпер у нас у зборнай камандзе шэсць чалавек: Чакулаева Юлія (5 курс ФМА), Верамей Анастасія (2 курс ФПМІ), Дараселія Дыяна (2 курс ФФСН), Саід Руслан (5 курс фізфак), Серадзенка Наталля (3 курс мехмата), Клімковіч Вольга (3 курс эканамфака), Жук Ірына (выпускніца ДІКСТ). Большасць удзельнікаў майстры спорту, толькі Дараселія Дыяна і Клімковіч Вольга –  кандыдаты ў майстры спорту.

З усімі мы працуем ужо на працягу шматлікіх гадоў, з некаторымі – са школы. За гэты час я ўсіх добра вывучыла. Ведаю, хто на што здольны, каму над чым неабходна папрацаваць, каб дасягнуць жаданага выніку. Мы працуем у пэўным сінтэзе, што прыводзіць да жаданых поспехаў.

— У камандзе ёсць адзін хлопец. Існуе стэрэатып, што аэробіка – жаночы від спорту, што Вы скажаце з гэтай нагоды?

—  Саід Руслан – майстар спорту. Хлопец бездакорна выступае на спаборніцтвах рознага ўзроўню. І ні ў якім разе не трэба думаць, што спартыўная гімнастыка толькі жаночы від спорту. Спаборніцкія праграмы гімнастаў уяўляюць сабою розныя кампазіцыі, якія падзелены наступным чынам: сола жанчына – сола мужчына, трыа жанчына – трыа мужчына і група ў любым складзе. Спартсмены пад музыку павінны выканаць элементы на сілу, гнуткасць, спрыт і цягавітасць. Тут, безумоўна, ёсць месца і мужчынам!

 

— У кожным відзе спорту ёсць свае асаблівасці і перавагі. Чым карысная спартыўная аэробіка, як заняткі ёй уплываюць на арганізм?

— Па-першае, любы спорт карысны, калі ім займацца правільна, і дае развіццё – цягавітасць, унутраную і фізічную сілу. Жадаю падкрэсліць, што нашы студэнты-спартсмены паспяваюць усё: прыйсці на трэніроўку, схадзіць на заняткі, ды яшчэ і працаваць паспяваюць. Як кажуць яны самі, гартуе цвёрдая дысцыпліна. Бо сталы трэніравальны рэжым, дысцыпліна на занятках спортам – лепш за ўсё навучаць правільна размяркоўваць свой час і сілы ў паўсядзённым жыцці. Гэта дае любы спорт.

Па-другое, спартыўная аэробіка спрыяе гарманічнаму развіццю функцый арганізма, фарміраванню правільнай паставы, развіццю агульнай фізічнай падрыхтоўкі, спрыяе развіццю харэаграфічных, музычных, акрабатычных навыкаў, а таксама маральна-валявых якасцяў.

 

— Валянціна Васільеўна, як даўно Вы займаецеся спартыўнай аэробікай?

— З дзяцінства я займалася мастацкай гімнастыкай, мне гэта падабалася, і далейшы шлях быў вызначаны – паступленне ва ўніверсітэт фізічнай культуры. Пасля заканчэння я два гады працавала ў Гомелі ў ДЮСШ. У 1969 годзе мяне запрасілі працаваць у БДУ, бо на той час у маёй каманды былі перамогі ў шматлікіх спаборніцтвах, у тым ліку і чэмпіянатах свету, Еўропы. У БДУ я вырашыла заняцца трэнерскай дзейнасцю па спартыўнай аэробіцы. І вось ужо шмат гадоў працую на гэтай ніве. Думаю, плённа – 15 майстроў спорту, удзельнікаў чэмпіянатаў свету, чэмпіянатаў Еўропы і вельмі шмат разраднікаў падрыхтавала.

 

— У нашым універсітэце ўсяляк падтрымліваецца спорт сярод студэнтаў. Як кіраўніцтва падтрымлівае зборную па спартыўнай аэробіцы?

wdg92QjJ1II

— Універсітэт аплаціў выдаткі на пашыў новай формы для зборнай. Так атрымліваецца, што на ўсе спаборніцтвы мы выязджаем за свае грошы, за сродкі спонсараў. Універсітэт ніякіх выдаткаў у гэтым плане на сябе не бярэ. Кіраўніцтва актыўна фінансуе ўніверсіяду, таму што там дзеці адстойваюць гонар роднага ўніверсітэта, зарабляюць яму ачкі, што ўплывае на прэстыж навучальнай установы. Да гэтага года спартсменам рабілася выплата ў памеры 200 тыс. руб. у месяц, з верасня гэтага года аплата знята.

Хачу адзначыць, што дзяўчаткі вялікія разумніцы! Усе імкнуцца дзе-небудзь падзарабляць. Іншы раз дзіўлюся, як яны ўсё паспяваюць – вучоба, трэніроўкі, праца. Вядома, засмучае, што многія выкладчыкі негатыўна ставяцца да іх спартыўнай дзейнасці, з вялікай незадаволенасцю і папрокамі адпускаюць на спаборніцтвы. Лічу, што гэта няправільна – бо мы адстойваем гонар БДУ!

 

— Як Вы лічыце, ці патрэбны спорт сучаснай моладзі?

— Тэндэнцыя ідзе да таго, што студэнцкі спорт знікае – гэты факт запалохвае. Але сучаснай моладзі проста неабходна займацца спортам, каб здабыць унутраную радасць, каб дасягнуць гарманальнай і фізічнай раўнавагі. Цяперашняе жыццё дыктуе вельмі хуткі рытм. Атрымаць максімальна правільную гарманічную нагрузку сёння можна толькі ў спартыўнай зале.

Лідзія СКУЛАВЕЦ

F-FnGUVuIbc

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: