Круглы стол «Студэнцкае самакіраванне Беларусі праз прызму Балонскага працэсу» сабраў 23 снежня лідараў моладзевых арганізацый сталічных ВНУ.
У ім бралі ўдзел прарэктар РІВШ Ігар Цітовіч і прадстаўнікі ўпраўлення па справах моладзі Мінадукацыі. Ігар Цітовіч распавёў пра перспектывы далучэння Беларусі да адзінай еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі. Былі абмеркаваны сістэмы студэнцкага самакіравання ў ВНУ і ідэі па ўдасканаленні дзейнасці. Арганізавала мерапрыемства Студэнцкая асамблея БДУ.
* * *
Прарэктар па пытаннях міжнароднага супрацоўніцтва Карлава ўніверсітэта Ян Шрга (Чэхія) сустрэўся з першым прарэктарам БДУ Міхаілам Жураўковым, дэканам ФМА Віктарам Шадурскім і намеснікам дэкана гістарычнага факультэта Андрэем Прохаравым. Абмяркоўвалася выкананне дамоўленасцяў пра супрацоўніцтва ў сферы адукацыі і навукі.
З 2003 г. БДУ прыняў 26 студэнтаў з Чэхіі. Замежныя студэнты наведваюць бясплатныя курсы рускай мовы, атрымліваюць стыпендыю і пражываюць у інтэрнаце. У сваю чаргу студэнты БДУ таксама штогод накіроўваюцца ў Карлаў універсітэт. Увесну 2014 года навучанне ў Чэхіі прайшлі дзве трэцякурсніцы філалагічнага факультэта. У рамках дзейсных дамоў ажыццяўляюцца таксама стажыроўкі і павышэнне кваліфікацыі выкладчыкаў нашага ўніверсітэта.
* * *
Прэзідэнт фонду міжнароднага супрацоўніцтва былы прэм’ер-міністр Італіі Рамана Продзі выступіў 16 снежня з лекцыяй у БДУ. Разглядалася палітычна-эканамічная сітуацыя ў Еўропе і свеце.
Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ