Аэракасмічныя даследаванні паспяхова развіваюцца ў НДІ ПФП

26 Jan, 2015.

DSC_5599

Дырэктар НДІ ПФП імя А. Н. Сеўчанкі Пётр Кучынскі, лётчык-касманаўт Уладзімір Кавалёнак, прафесар Барыс Бяляеў і лётчык-касманаўт Алег Навіцкі.

Навуковая школа ў галіне аэракасмічных даследаванняў паспяхова развіваецца ў НДІ ПФП імя А. Н. Сеўчанкі БДУ. На працягу многіх гадоў яе ўзначальвае прафесар Барыс Бяляеў, загадчык аддзела аэракасмічных даследаванняў, доктар фіз.-мат. навук, лаўрэат Дзяржпрэміі СССР ў галіне навукі і тэхнікі. Сёння Барыс Іларыёнавіч лічыць самым важным вынікам працы свайго аддзела створаную па кантракце з ракетна-касмічнай карпарацыяй «Энергія» імя С. П. Каралёва відэаспектральную сістэму (ВСС).

ПРЫБОРЫ БДУ – НА БОРЦЕ МКС
ВСС ужо трэці прыбор, які са снежня мінулага года працуе на Міжнароднай касмічнай станцыі. Ён з’яўляецца лагічным працягам папярэдняй распрацоўкі – фотаспектральнай сістэмы (ФСС), якая паспяхова функцыянуе на МКС з 2010 года. А з 2011 года для касмічнага эксперымента «Сейсмапрагноз» быў распрацаваны блок касмічных датчыкаў, якія ўстаноўлены на знешняй паверхні касмічнага сегмента МКС.
Відэаспектральная ж сістэма выкарыстоўваецца ў межах праграмы касмічнага эксперымента «Ураган» пад эгідай Інстытута геа­графіі РАН, з якім аддзел аэра­кас­мічных даследаванняў НДІ ПФП цесна супрацоўнічае.
Касманаўты з дапамогай навуковай апаратуры беларусаў могуць атрымліваць каляровыя лічбавыя фотавыявы высокага прасторавага разрознення, а таксама мноства спек­тральных характарыстык адлюстраванага выпраменьвання зям­­­нымі паверхнямі, што дазваляе прад­казваць і вывучаць працэсы і наступствы прыродных і тэхнагенных з’яў.

ТРЫ ЛАБАРАТОРЫІ ВЫРАШАЮЦЬ АДНУ НАВУКОВУЮ ЗАДАЧУ
Сістэмы такога кшталту з’яўля­юцца вынікам навукова-тэхнічнай дзейнасці аддзела аэракасмічных даследаванняў, які ўзначальвае прафесар Барыс Бяляеў. «Мы займаемся прыкладной фізічнай навукай. І таму, як «прыкладнікі», навуковую ідэю абавязкова даводзім да лагічнага завяршэння і ўваса­бля­­ем у касмічным прыборы, які перад тым, як паляціць у космас, падвяргаецца шматлікім выпрабаванням у ракетна-касмічнай кар­парацыі «Энергія», – з гонарам гаворыць Барыс Іларыёнавіч. Камплектуючыя дэта­лі да касмічных сістэм шукаюць па ўсім свеце. Некаторыя з іх вырабляюць самі. Аднак канчаткова касмічныя сістэмы збіраюцца ў НДІ ПФП. Тут пасля выпрабаванняў прыбораў і карэк­ціроўкі ў сувязі з гэтым канструктарскай дакумен­тацыі выпускаецца некалькі ўзораў, адзін з якіх павінен стаць запасным.
Працэсу садзейнічае тое, што  аддзел аэракасмічных дасле­да­ванняў НДІ ПФП мае ў сваім скла­дзе тры лабараторыі, якія дапаў­няюць адна адну і таму зладжана працуюць над агульнай задачай.

DSC_5604

Навуковы супрацоўнік Юрый Крот ля стэнда НДІ ПФП

«У лабараторыі дыстанцыйнай фотаметрыі займаюцца даследаваннем фотаздымкаў і спектраў, атрыманых з космасу з дапамогай сваёй апаратуры. Лабараторыя ж оптыка-электронных сістэм выконвае функцыю канструктарскага бюро, якое вырашае прыкладныя задачы, пачынаючы з афармлення канструктарскай дакументацыі і заканчваючы кантролем за зборкай прыбораў. Лабараторыя оп­тыка-фізічных вымярэнняў – гэта нашы метролагі. Менавіта тут мы каліб­руем сваю апаратуру, – рас­­казвае Барыс Бяляеў. – Для гэтага маем спецыяльны калібровачны комплекс «Камелія М», атэставаны Дзяржстандартам РБ». Аднак усе гэтыя тры лабараторыі ставяць перад сабой адну і тую ж навуковую задачу. І заключаецца яна ў атры­манні аптычных характарыстык розных прыродных, антрапагенных і штучных аб’ектаў з космасу.
«Мы ў першую чаргу спектра­скапісты. І ў нашых сістэмах, якія працуюць у космасе, акрамя каляровай фатаграфіі Зямлі, абавязкова магчымы і спектр, які часам складаецца з 3000 каналаў, – тлумачыць Барыс Бяляеў. – Гэта да­зваляе выявіць больш тонкія ха­ракта­рыстыкі аб’ектаў, чым тыя, якія бачныя на каляровай фата­графіі».
У выніку апрацоўкі і аналізу спектраў і спектразанальных выяў супрацоўнікамі аддзела аэракас­міч­ных даследаванняў былі сфар­мі­ра­ваны базы дадзеных (каталогі спектраў) розных аб’ек­таў, прапанаваны цэлы шэраг новых пера­ўтварэнняў спектразанальных і палярызацыйных выяў для таго, каб палепшыць кантрастныя і каляровыя вылучэнні розных аб’ектаў. Распрацаваны і створаны праграмы кіравання прыборнымі сістэ­ма­мі і комплексамі, а таксама імітата­ра­мі касмічных эксперы­ментаў.

НАВУКОЎЦЫ І КАСМАНАЎТЫ ПРАЦУЮЦЬ РАЗАМ
«Мне пашанцавала, што я ўсё сваё жыццё займаюся оптыкай», – дзеліцца Барыс Іларыёнавіч. Сваю навуковую дзейнасць Барыс Бяляеў пачынаў яшчэ ў 70-я гады ў Інстытуце фізікі АН БССР на пасадах стажора-даследчыка, малодшага навуковага супрацоўніка і старшага навуковага супрацоўніка. У НДІ ПФП, дзе ён арганізаваў лабараторыю дыстанцыйнай фота­метрыі і стаў яе загадчыкам, Барыс Іларыёнавіч патрапіў па запрашэнні тагачаснага рэктара БДУ акадэміка Леаніда Кісялеўскага ў 1985 годзе. Хутка лабараторыя, якую ён стварыў, будзе святкаваць свой 30-гадовы юбілей. Пад яго кіраў­ніцтвам з таго часу быў сфарміра­ваны сістэмны падыход да ўдас­каналення тэхна­логій дыстанцыйнага маніторынгу прыродных утва­рэнняў і антрапагенных аб’ектаў (метады, апаратура, метралогія, алгарытмы апра­цоўкі і прадстаў­лення дадзеных).

sistema_kosmiceskogo_bazirovania_videospektral_naa_sistema__vss_

Борт-інжынер МКС Антон Шкаплераў тэсціруе ВСС

Менавіта захаванне навуковай школы ў галіне аэракасмічных да­следаванняў паставілі яму ў заслугу касманаўты Уладзімір Кавалёнак, Пётр Клімук і Алег Навіцкі, якія ў канцы кастрычніка мінулага года спецыяльна прыязджалі на VI Беларускі касмічны кангрэс. «Наогул, прызнаецца Барыс Бяляеў, многія навуковыя касмічныя распрацоўкі – гэта вынік суаўтар­ства навукоўцаў і касманаўтаў. Напрыклад, так з’явіўся прыбор СКІФ, які потым жартам называлі спектрометрам Кавалёнка і Інстытута фізікі. Знаёмства навукоўца з Уладзімірам Кавалёнкам адбылося, калі касманаўт вярнуўся з першага палёту. «Калі ў 1976 годзе ён першы раз паляцеў у космас, у яго быў наш прыбор, –  распавядае Барыс Бяляеў. – Сваімі ўражаннямі ад яго выкарыстання ён падзяліўся з навукоўцамі Нацыянальнай ака­дэміі навук Беларусі і папрасіў стварыць мабільны ручны варыянт, каб касманаўт мог зрабіць любыя здымкі, якія яму захочацца. Так і з’явіўся СКІФ. Пазней Уладзімір Кавалёнак абараніў дысертацыю па выніках здымак пры дапамозе гэтага прыбора». З касманаўтамі Пятром Кліму­ком, Віталем Севасцьянавым і Георгіем Грэчкам у бе­ларускага навукоўца Барыса Бя­ляева таксама склаліся добрыя адносіны. Яны надрукавалі нямала сумесных навуковых артыкулаў у вядучых часопісах свету.
Апошнім прыборам, ство­­раным аддзелам аэра­касміч­ных даследа­ванняў НДІ ПФП, у космасе карыс­таліся іншыя касманаўты: Антон Шкаплераў і Аляксандр Самаку­цяеў. Іх заўвагі і прапановы таксама будуць улічаны, бо ўдаскана­ленню не можа быць канца.
У найбліжэйшай будучыні ка­лектыў беларускіх навукоўцаў плануе ўдаска­наліць відэаспект­раль­ную сістэму (ВСС), стварыўшы аўтамат, які б дазваляў наводзіць яе без удзелу касманаўтаў. Сістэ­ма аўтаматыч­нага навядзення відэа­спектраль­най сістэмы, якая ўклю­чыць тэхніку ў патрэбны час, будзе называцца «САВА».

КОСМАС ДАСТУПНЫ МАЛАДЫМ
Летам 2013 года БДУ ўпершы­ню правёў сеанс радыёсувязі з Міжнароднай касмічнай станцыяй, які быў арганізаваны пры дапамозе Паўднёва-Заходняга дзяржаўнага ўніверсітэта (г. Курск, РФ). У сеансе ўзяў удзел і прафесар Барыс Бяляеў.
Экіпаж 36/37-й экспедыцыі ў складзе Фёдара Юрчыхіна, Лукі Пармітана і астранаўта NASA Карэн Най­берг прыстыкаваўся да станцыі 29 мая на касмічным караблі «Саюз ТМА-07М». Іх сус­тракалі спецыя­лісты, якія там ужо працавалі: ка­мандзір Павел Вінаградаў, борт­інжынеры Аляксандр Місуркін і Крыстафер Кэ­сідзі. Касманаўты Фёдар Юрчыхін і Павел Вінаградаў адказалі на пытанні студэнтаў факультэта радыёфізікі і камп’ю­тар­ных тэхна­логій, якія навучаюцца па спе­цыяльнасці «Аэракасмічныя радыё­­электронныя і інфармацыйныя сіс­тэмы і тэхналогіі».
У сакавіку мінулага года супра­цоўнікі аддзела аэракасмічных даследаванняў былі адзначаны ў конкурсе праектаў касмічнага эксперымента для ўніверсі­тэцкага нанаспадарожніка «Дашлі сваю ідэю ў космас». Найлепшай названа распрацоўка Юрыя Крата «Фазавыя пераходы ва ўмовах бяз­важкасці і касмічнай радыяцыі». Юрый Крот, навуковы супрацоўнік лабараторыі оптыка-фізічных вы­мя­рэнняў, з’яўляўся адным з рас­працоўшчыкаў ФСС. На сёння малады навуковец падрыхтаваў да абароны кандыдацкую дысер­тацыю.
Апошнім часам БДУ працуе над стварэннем спадарожніка для сту­дэнтаў з мэтай павышэння зацікаў­ленасці моладзі да тэмы космасу.
Барыса Бяляева вельмі радуе той факт, што ў яго аддзел прыхо­дзяць студэнты, магістранты, якія цікавяцца касмічнай прасторай. Ён памятае, як моладзь сыходзіла з навукі ў цяжкія 90-я гады. І прыйшлося прыкласці шмат намаганняў, каб яе захаваць і не згубіць напрацаваныя сувязі за мяжой. Ёсць надзея, што вопыт дасле­да­ванняў у касмічнай галіне будзе запатрабаваны маладым пакаленнем.
Ганна ЛАГУН

белта

Барыс Бяляеў і генерал-палкоўнік лётчык-касманаўт Пётр Клімук

print

Вам таксама можа спадабацца: