27 лістапада ў актавай зале Інстытута журналістыкі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў аднаго з самых яркіх конкурсаў універсітэта – «БДУ ў тваім фармаце». Конкурс фота і відэапрац праводзіцца з 2012 года, яго заўсёды арганізуюць упраўленне выхаваўчай працы з моладдзю і студэнцкі саюз БДУ. Сёлета на конкурс студэнты прапанавалі 350 фатаграфій. Ад сесіі да сесіі здымай моманты весела!
БДУ ў тваім фармаце – праект для тых, хто любіць родны ўніверсітэт і здольны перадаць праз аб’ектыў камеры ўсе грані насычанага студэнцкага жыцця. Працы ўдзельнікаў не абмяжоўваліся сценамі ўніверсітэта. Як той казаў, хто як папала: мы змаглі і акунуцца ў атмасферу Таўрыды, і нацешыцца відэанататкамі вандроўцаў. Але пра ўсё па парадку.
Адразу ж пацешылі вока фатаграфіі з серыі «Нечаканы ракурс». Пераможцам у гэтай намінацыі стала Марыя Долбіч.
Далей гледачы ўбачылі відэапрацы ў намінацыі «Нататкі вандроўцы». Вось вы бывалі ў Нью-Ёрку? Праводзілі вечары ля фантанаў аднаго з найбуйнейшых атэляў Лас-Вегаса? Назіралі з заміраннем сэрца за Ніягарскім вадаспадам ці захапляліся Гранд-Каньёнам? Мы – не, але дзякуючы працы Багдана Жорава нацешыліся ўсёй гэтай прыгажосцю з вялікім задавальненнем.
Акрамя таго, вачыма нашых удзельнікаў мы ўбачылі Літву, Італію ў самых пазітыўных фарбах, Ісландыю і Нарвегію з усім хараством велапаходу, дзякуючы якому перамогу ў намінацыі атрымаў Захар Пладуноў.
Вельмі ўразіла відэа пра Таўрыду: проста неймаверная колькасць пазітыву перанесла нас на некалькі хвілін у стромкую атмасферу моладзевага форуму.
Гэтым не сканчаюцца панадлівыя кадры, бо апроч ролікаў пра замежнае жыццё мы нацешыліся фотапрацамі вандроўцаў у намінацыі «Цуды прыроды», якія мімаволі прымусілі ўсміхнуцца кожнага. Пераможца намінацыі – Лізавета Шавель.
Не абышлося і без саміх студэнтаў, дакладней, іх эмоцый. Намінацыя «БДУ ў эмоцыях» ажывіла залу, бо мы ўбачылі такія знаёмыя твары і такія блізкія ўсім нам пачуцці. З пазітыўнай фатаграфіяй перамагла Аляксандра Крук.
Раз ужо загаварылі пра знаёмыя твары, то ўспомнім намінацыю «Персоны БДУ». Там былі ўсе: ад малога да вялікага. І вядомыя актывісты, і звычайныя студэнты, і людзі, якія дапамагаюць нам зрабіць навучальны працэс як мага больш цікавым і насычаным. Так, пераможцам стала фатаграфія з намеснікам дэкана філфака Сяргеем Важнікам. І не абышлося без неспадзеўкі – адмысловай намінацыі экспертнай камісіі «Галоўная персона БДУ». Перамог кадр з рэктарам БДУ Сяргеем Абламейкам, аўтарам якога з’яўляецца Кацярына Лукша.
Наступная намінацыя «Будні БДУ» мела на ўвазе зусім розныя відэа, звязаныя з жыццём студэнта. Аднак хто б мог падумаць, што працы будуць такімі кранальнымі. Упэўнена, што ўся зала назірала за імі з замілаваннем. Бо спачатку нам распавялі гісторыю сімпатыі хлопца да дзяўчыны, затым усе мімаволі прасякнуліся любоўю да журфака. Аляксандр Лапуцька паказаў нам эмоцыі, падзеі, твары журфака, перадаў творчую і прыязную атмасферу свайго факультэта. Тым самым павіншаваў яго з круглай датай – 70 гадоў!
Пасля такіх ролікаў наш універсітэт ужо сапраўды не мае патрэбы ў рэкламе. Аднак намінацыя «Рэклама БДУ» даказала нам, што добрая рэклама ніколі не бывае лішняй.
Сусед журналістаў ФФСН таксама паказаў сябе, распавёўшы пацешную гісторыю пра тое, як студэнт абраў менавіта БДУ. Там і паркур, і трукі – на ўсё гатовыя абітурыенты, абы патрапіць у найлепшую ВНУ краіны. А ў намінацыі TimeLapse Уладзіслаў Саніковіч паказаў нам ужо жыццё студэнта БДУ знутры. Атрымалася вельмі захапляльна.
Але на гэтым эфектныя кадры не скончыліся. Намінацыя «Сакавітае фота» не змагло не ўчапіць гледача і пакінуць абыякавым ад такіх яркіх і крэатыўных прац. Аднак кадры ў стылі «Люстраное адлюстраванне» мелі не меншы поспех. Гэтулькі варыянтаў, гэтулькі краін, гэтулькі арыгінальнасці. І перамог Яўген Махнавец, які знайшоў у адлюстраванні нашу сталіцу – Мінск.
А падагульніць усё хацелася б успамінамі ад намінацыі «Фотарэпартаж». Бо менавіта там сабраны і эмоцыі, і твары, і нечаканыя ракурсы, і вандраванні. Іншымі словамі, усё жыццё вачыма студэнта БДУ. А вось і найлепшае фота гэтай намінацыі ад Вікторыі Мяховіч.
Варта адзначыць, што прыз за найлепшую аператарскую працу атрымаў Канстанцін Жук, а найлепшы сцэнарый удаўся Таццяне Паўлоўскай. Сама цырымонія ўзнагароджання таленавітых студэнтаў прайшла ў пазітыўным рэчышчы і пакінула вельмі прыемны водар дзякуючы выдатнай арганізацыі, цудоўнай атмасферы ў зале і выдатным працам удзельнікаў!
Марыя ПЯТРАШКА