Апошняя нядзеля студзеня ўжо даўно стала святочнай для беларускіх навукоўцаў. У гэты час яны адзначаюць сваё прафесійнае свята – Дзень беларускай навукі.
З дапамогай сучасных навуковых дасягненняў наша краіна мае магчымасць выйсці на прынцыпова новы ўзровень рашэння маштабных задач, якія стаяць перад грамадствам. У цяперашні час сур’ёзная навуковая работа праводзіцца ва ўсіх беларускіх ВНУ, у лабараторыях вядучых прамысловых прадпрыемстваў і навуковых цэнтраў, у буйных медыцынскіх установах. Арганізацыю і каардынацыю фундаментальных і прыкладных навуковых даследаванняў і распрацовак па найважнейшых напрамках прыродазнаўчых, тэхнічных, гуманітарных, сацыяльных навук і мастацтваў ажыццяўляе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, заснаваная ў 1928 годзе.
Плённая праца і высокая кваліфікацыя беларускіх навукоўцаў атрымалі шырокае прызнанне ва ўсім свеце. На міжнародным узроўні таксама прызнана, што Беларусь валодае велізарным інтэлектуальным патэнцыялам. Гэта з’яўляецца прадметам законнага гонару рэспублікі і закладам паспяховага развіцця беларускай навукі ў будучыні.
Важкі ўнёсак у павелічэнне навуковага патэнцыялу нашай краіны робіць Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Паводле рэйтынгу ВНУ СНД «Эксперт РА», БДУ ўпэўнена займае другую пазіцыю пасля МДУ і адзіны ў Беларусі аднесены да групы ВНУ з вельмі высокім узроўнем падрыхтоўкі выпускнікоў. Значны аўтарытэт наш універсітэт займеў яшчэ з канца пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя, калі, аднавіўшы сваю дзейнасць пасля ваеннага ліхалецця, увайшоў у склад 25 найлепшых ВНУ СССР.
Развіццё вышэйшай адукацыі ў краіне, развіццё навукі з’яўляецца надзённай неабходнасцю ў наш час. Калі ўважлівей прасачыць этапы сучаснай эвалюцыі эканамічна найбольш магутных краін, то выявім, што ў кожнай з іх былі сканструяваны і рэалізаваны стратэгічныя дактрыны ў галіне адукацыі. А імклівы пасляваенны ўздым Японіі і Паўднёвай Карэі шмат у чым забяспечаны канцэнтраваннем рэсурсаў у адукацыі. Толькі развіццё навукі і яе рэалізацыя шляхам стварэння высокаэфектыўнай нацыянальнай інавацыйнай сферы дазваляе вытрымліваць сучасны ўзровень жорсткай рынкавай канкурэнцыі і гарантаваць у выніку суверэнітэт краіны.
У гэтых адносінах нашаму ўніверсітэту адведзена роля вядучай ВНУ ў сістэме вышэйшай адукацыі Беларусі. Дзяржава актыўна падтрымлівае і заахвочвае навуковую дзейнасць у БДУ. У сценах універсітэта засяроджаны магутны навукова-адукацыйна-вытворчы комплекс. Гэта і «класічны» складнік універсітэта – факультэты і асобныя кафедры; і навукова-даследчыя інстытуты і цэнтры; і навукова-вытворчыя прадпрыемствы. Ва ўніверсітэце ёсць магчымасць рэалізацыі паўнавартаснага інавацыйнага ланцужка – «ад ідэі да серыйнага выпуску прадукцыі».
Калі разглядаць універсітэт як сучасны навукова-інавацыйны цэнтр, то вядучае месца пры такім падыходзе належыць навуковай дзейнасці. Усяго ў 2014 годзе ў БДУ ў адпаведнасці з планам навукова-даследчай працы (НДР), выкананай па прыярытэтных кірунках фундаментальных і прыкладных даследаванняў Рэспублікі Беларусь, было прынята да выканання 1745 тэм НДР. Пры выкананні навуковых прац задзейнічана больш за 95 % прафесарска-выкладчыцкага складу, дактарантаў, аспірантаў і магістрантаў універсітэта. Увесь час расце колькасць студэнтаў, якіх прывабліваюць навуковыя даследаванні. Іх лік дасягнуў 8500 чалавек.
Навукова-даследчая дзейнасць дае прадукт, які яшчэ неабходна рэалізаваць на рынку. У гэтым важным кірункам інавацыйнай дзейнасці становіцца камерцыялізацыя вынікаў навуковых пошукаў. Летась з гэтай мэтай у Галоўным упраўленні навукі БДУ ў аддзеле суправаджэння інавацыйнай дзейнасці і аховы інтэлектуальнай уласнасці была арганізавана праца на электронных гандлёвых пляцоўках як Беларусі, так і Расіі. Цяпер шляхам удзелу ў працэдурах закупак універсітэцкія навуковыя распрацоўкі могуць быць прапанаваны ў любым рэгіёне Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі. З камерцыйнага пункта гледжання такі падыход стаў вельмі прадуктыўным – на сёння заключана кантрактаў на суму 15 305 млн руб. Праводзіцца пастаянны маніторынг электронных гандлёвых пляцовак РБ і РФ з мэтай удзелу ў аўкцыёнах. Такім чынам, зроблены вельмі істотны крок па камерцыялізацыі навукова-тэхнічнай прадукцыі БДУ.
Ужо традыцыйнымі становяцца чарговыя поспехі нашых распрацоўшчыкаў навукова-тэхнічнай прадукцыі на прадстаўнічых расійскіх выставачных форумах. Дэлегацыя БДУ брала ўдзел у працы XX Міжнароднай выставы-кангрэса «Высокія тэхналогіі. Інавацыі. Інвестыцыі» (HI-TECH’2014) у рамках Пецярбургскага тэхнічнага кірмашу. Па выніках праведзенага конкурсу нашы праекты атрымалі ўзнагароды: 1 спецыяльны прыз, 6 залатых і 13 сярэбраных медалёў, а таксама 2 дыпломы.
2014 год стаў за апошняе дзесяцігоддзе рэкордным у плане абарон доктарскіх дысертацый. Усяго супрацоўнікамі ўніверсітэта іх было абаронена адзінаццаць. Усё гэта буйныя абагульненні сучасных навуковых кірункаў развіцця ў фізіцы, філалогіі, гісторыі
і інш.
Паспяховая праца супрацоўнікаў універсітэта ў галіне прыродазнаўчых навук на высокім узроўні магчымая толькі пры наяўнасці дзейснага парку дарагога спецыяльнага абсталявання. У наш час яно засяроджана ў чатырох цэнтрах калектыўнага карыстання (ЦКК). Штогод на падтрымку ЦКК і закупкі ўнікальнага навуковага абсталявання Міністэрства адукацыі вылучае ўніверсітэту досыць вялікія сумы грошай. Летась міністэрствам было вылучана і рэалізавана ўніверсітэтам больш за 14 млрд руб. З гэтай сумы больш за 8 млрд руб. пайшло на падтрымку дзейнасці ЦКК «Біяаналіз» біялагічнага факультэта.
Рамкі артыкула дазваляюць толькі тэзісна апісаць найбольш буйныя падзеі з навуковага жыцця ўніверсітэта за мінулы год. У нас працуюць тысячы неабыякавых, творчых, высокакваліфікаваных супрацоўнікаў, і кожны з іх увесь час уносіць важкі ўклад у агульнаўніверсітэцкую скарбонку навуковых пошукаў. Таму ў свята Дня беларускай навукі ад душы віншуем усіх супрацоўнікаў нашай вядучай ВНУ краіны, усіх калегаў нашай краіны, якія абралі галоўным кірункам свайго жыццёвага шляху навуковую працу. Жадаем усім вам цікавых ідэй, энергіі ў іх ажыццяўленні, здароўя і дастатковага фінансавання для ўвасаблення творчых задум.
Мікалай КАСЦЮК,
намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення навукі