1. Інтэгральныя мікрасхемы і навуковыя прыборы для мікраэлектронікі
Аб’ём экспарту паслуг – 370 тыс. дол. ЗША.
Заказчык – Аб’яднаны інстытут ядзерных даследаванняў, г. Дубна, Расія.
Распрацоўка: НЦ фізікі часціц
і высокіх энергій. Каардынатары – дырэктар доктар фіз.-мат. навук М. М. Шумейка, нам. дырэктара канд. тэх. навук М. А. Батурыцкі.
Ва ўзаемадзеянні з НВА «Планар» і філіялам «Белмікрасістэмы» ААТ «Інтэграл» у НЦ ФЧВЭ БДУ створаны новае навуковае абсталяванне і інтэгральныя мікрасхемы, якія пастаўлены ў АІЯД. Устаноўка зондавая ЭМ-6190А (каардынатар – М. М. Шумейка) прызначана для тэсціравання паўправадніковых дэтэктараў іанізацыйнага выпраменьвання на паскаральных комплексаў. Камплекты 8-канальных узмацняльнікаў, кампаратараў (каардынатар – М. А. Батурыцкі) прызначаны для шматдрацяных прапарцыйных камер MPC устаноўкі СВД-2 на паскаральніку У-70 (ІФВЭ, г. Пратвіно Маскоўскай вобл., Расія) і для лавінных дыёдаў MAPD-1 у эксперыменце PANDA на паскаральным комплексе FAIR (г. Дармштат, Германія).
2. Даследаванні графенавых структур і нанапамерных формаў вугляроду
Аб’ём экспарту паслуг – 290 тыс. дол. ЗША.
Заказчык – ФДБАУ ВПА «Разанскі дзяржаўны радыётэхнічны ўніверсітэт», Расія.
Навуковы кіраўнік – дырэктар НДІ ядзерных праблем доктар фіз.-мат. навук С. А. Максіменка.
У другім паўгоддзі 2014 г. супрацоўнікамі лабараторыі электрадынамікі неаднародных асяроддзяў і лабараторыі моцнатокавай электронікі НДІ ЯП у супрацоўніцтве з РДРУ, галоўным расійскім цэнтрам падрыхтоўкі спецыялістаў для радыётэхнічнай і абароннай прамысловасці, заключана пяць кантрактаў у галіне даследавання і выкарыстання нанаструктур з агульным фінансаваннем на 2014–2016 гг. 39 млн
рас. руб.
Мэтамі з’яўляюцца:
– атрыманне значных навуковых вынікаў у выкарыстанні новага пакалення ультралёгкіх (пены і аэрагелі) і ультратонкіх (графен, нанаметровыя плёнкі піралітычнага вугляроду, сэндвічы палімер/графен, плёнкі вугляродных нанатрубак) праводных матэрыялаў для мікрахвалевых і ТГц прылад;
– фарміраванне навукова-тэхнічнага зачыну ў галіне стварэння халодных выбухаэмісійных катодаў для выкарыстання ў вакуумных прыладах моцнатокавай электронікі.
Сфера выкарыстання: электроніка, прыборабудаванне.
3. Арыгінальныя ўстаноўкі з фізічнымі прыборамі
Аб’ём экспарту паслуг – 170 тыс. дол. ЗША.
Заказчык – РНПЦ «Дарын» Міністэрства адукацыі і навукі Казахстана.
Распрацоўка – фізічны факультэт. Каардынатар праекта – канд.фіз. мат. навук А. І. Слабадзянюк.
Вытворчасць – РУП «Актыў БДУ».
Распрацаванае абсталяванне дазваляе паставіць 20 арыгінальных лабараторных прац па асноўных кірунках лазернай фізікі, нелінейнай і кагерэнтнай оптыкі, валаконнай оптыкі, аптычнай апрацоўкі інфармацыі. Абсталяванне адаптавана да праграм навучання краін СНД, пастаўляецца поўнае праграмнае і метадычнае забеспячэнне лабараторных прац.
У чэрвені 2014 г. прадпрыемствам было выраблена і адгружана 425 камплектаў арыгінальных установак з фізічнымі прыборамі для эксперыментальнага тура міжнароднай алімпіяды па фізіцы, якая праводзілася Міністэрствам адукацыі і навукі Казахстана.
Сфера выкарыстання: адукацыя, навуковыя даследаванні.
4. Тэрмаўстойлівыя матэрыялы на аснове фасфатнага злучальніка
Аб’ём экспарту паслуг – 150 тыс. дол. ЗША.
Заказчык – Інстытут нафтахіміі Хэйлунцзянскай акадэміі навук, Кітай.
Навуковы кіраўнік – вяд. навук. супр. НДІ фізіка-хімічных праблем кандыдат хім. навук К. М. Лапко.
Распрацаваны склад тэрмаўстойлівых поліфункцыянальных фасфатных кампазіцыйных матэрыялаў з тэмпературамі эксплуатацыі да 1500°С. Матэрыялы не гараць, нетаксічныя, вытворчасць кампазітаў безадкідная і не патрабуе складанага абсталявання. Важнай перавагай тэхналогіі вырабу тэрмаўстойлівых матэрыялаў з’яўляюцца паніжаныя тэмпературы іх ацвярдзення (20-300°С). Выкарыстанне распрацаваных матэрыялаў дазволіла вырабіць серыю тэксталітаў з нізкай шчыльнасцю (1,5-2,5 г/см3) і высокімі трывальнымі ўласцівасцямі (мяжа трываласці на сціск і выгін > 150 МПа).
Сфера выкарыстання: ракетна-касмічная і авіяцыйная тэхніка, металургія, вытворчасць вогнеўпораў, машынабудаванне.
5. Імпульсныя крыніцы сілкавання і генератары моцнатокавых імпульсаў магутнасцю 1–10 кВт з убудаваным мікрапрацэсарам
Аб’ём экспарту паслуг – 115 тыс. дол. ЗША.
Заказчык – ФКП «Навукова-выпрабавальны цэнтр ракетна-касмічнай прамысловасці», г. Перасвет, Расія.
Навуковы кіраўнік – вяд. навук. супр. НДІ прыкладных фізічных праблем імя А. Н. Сеўчанкі кандыдат фіз.-мат. навук В. А. Лапшын.
Апошнія тры гады адным з найбольш удалых інавацыйных праектаў з’яўляецца распрацоўка і пастаўка крыніц сілкавання імпульснага тыпу для электратэхнічных прылад па замове прадпрыемстваў Федэральнага касмічнага агенцтва Расіі (Раскосмас). Зароблена 272 тыс. дол. ЗША. У 2014 г. складзены і выкананы 2 новыя кантракты з расійскім заказчыкам.
Тэхналагічная навізна прылад заключаецца ў кардынальнай змене структуры крыніц сілкавання – ва ўжыванні метаду шыротна- імпульснай мадуляцыі і наяўнасці мікрапрацэсарнага кіравання. Зніжэнне энергазатрат за кошт павышэння ККД і надзейнасці працы крыніц сілкавання дасягае ад 2 да 5 разоў у шэрагу тэхналагічных працэсаў.
Сфера выкарыстання: тэхналагічныя плазменныя паскаральнікі, зварка, кінапраекцыйная тэхніка, асвятляльная апаратура вялікай магутнасці.
6. Тэхналогія вытворчасці кампазіцыйнага цвёрдага паліва з адкідаў нафтапрадуктаў і гідролізнага лігніну
Аб’ём паслуг – 110 тыс. дол. ЗША.
Заказчык – ААТ «Цэнтральная кампанія Міждзяржаўнай прамыслова-фінансавай групы «Фармаш», Расія.
Навуковы кіраўнік – заг. лаб. НДІ ФХП, доктар хім. навук, прафесар Д. Д. Грыншпан.
Выраблена нестандартнае абсталяванне па сумяшчэнні шматтанажных адкідаў гідролізнага лігніну і адпрацаваных нафтапрадуктаў, якія страцілі свае спажывецкія ўласцівасці, з мэтай стварэння вопытна-прамысловай вытворчасці цвёрдага кампазіцыйнага паліва з цеплынёй згарання больш высокай, чым у вядомых відаў цвёрдых паліваў – торфу, каменнага вугалю, антрацыту. Распрацавана тэхнічная дакументацыя для арганізацыі вопытнай вытворчасці цвёрдага кампазіцыйнага паліва магутнасцю 20 000 т у год на ААТ «Бабруйскі завод біятэхналогій».
Сфера выкарыстання: хімічная прамысловасць, энергетыка.
7. Відэаспектральная сістэма (ВСС)
Аб’ём экспарту паслуг – 100 тыс. дол. ЗША.
Заказчык – ракетна-касмічная карпарацыя «Энергія», г. Масква, Расія.
Навуковыя кіраўнікі – заг. аддзела НДІ ПФП імя А. Н. Сеўчанкі доктар фіз.-тэх. навук Б. І. Бяляеў і вяд. навук. супр. доктар фіз.-тэх. навук Л. В. Каткоўскі.
Відэаспектральная сістэма (ВСС) прызначана для выканання маніторынгу зямной паверхні падчас навукова-прыкладных даследаванняў у касмічным эксперыменце «Ураган» на Міжнароднай касмічнай станцыі. 29 кастрычніка 2014 г. ВСС была дастаўлена на борт МКС і зараз працуе ў штатным рэжыме. З дапамогай відэаспектральнай сістэмы з МКС мяркуецца ажыццяўляць кантроль стану атмасферы над гарадамі, выяўленне тэхнагенных выкідаў прамысловых прадпрыемстваў, распаўсюд «пылавых-салявых» бур.
Сфера выкарыстання: касмічныя даследаванні.
8. Тэхналогія атрымання самазгасальнага валокна з раствораў прыродных палімераў
Аб’ём паслуг – 80 тыс. дол. ЗША.
Заказчык – ААТ «Цэнтральная кампанія Міждзяржаўнай прамыслова-фінансавай групы «Фармаш», Расія.
Навуковы кіраўнік – заг. лаб. НДІ фізіка-хімічных праблем, доктар хім. навук, прафесар Д. Д. Грыншпан.
Асаблівасць тэхналогіі ў тым, што ў гідратцэлюлозных валокнаў з’яўляецца ўнікальная ўласцівасць – самазгасанне, г. зн. валакно перастае гарэць пры выдаленні крыніцы адкрытага агню.
У 2014 г. на базе ААТ «Светлагорскхімвалакно» створана вопытна-прамысловая ўстаноўка па вытворчасці самазгасальнага кампазітнага валакна з сумесных раствораў цэлюлозы і хітазану па бессеравугляроднай тэхналогіі, распрацаванай НДІ ФХП. Атрыманы першыя эксперыментальныя ўзоры цэлюлозна-хітазанавага валакна. Тэкстыльныя матэрыялы на іх аснове ў адрозненне ад вогнеахоўных сінтэтычных тканін могуць быць скарыстаны не толькі для вырабу верхняга адзення, але і бялізнавага (ніжняга) трыкатажу.
Сфера выкарыстання: вытворчасць тэкстыльных вогнеахоўных матэрыялаў.
9. Спірометр аўтаматызаваны шматфункцыянальны «МАС-1»
Аб’ём пастаўкі прыбораў і паслуг – 70 тыс. дол. ЗША.
Заказчыкі – установы аховы здароўя Расіі – 19 прыбораў, Казахстана – 4 прыборы.
Навуковы кіраўнік – заг. лаб. УП «Унітэхпрам БДУ» кандыдат фіз.-мат. навук І. А. Манічаў.
Аўтаматызаваны шматфункцыянальны прыбор «МАС-1» прызначаны для ацэнкі стану дыхальнай сістэмы чалавека з дапамогай вымярэння і вылічэння параметраў вонкавага дыхання, іх параўнання з закладзенымі ў памяць спірометра нарматывамі, а таксама візуалізацыі працэсу дыхання. Па дакладнасці вымярэнняў, функцыянальных магчымасцях, сучасным дызайне «МАС-1» не саступае найлепшым сусветным аналагам. У наш час у Беларусі паспяхова эксплуатуецца больш за 1000 спірометраў «МАС-1». Сертыфікаваны ў Расіі (2006 г.), Казахстане (жнівень 2010 г.) і Інданезіі (2012 г.). У 2010 г. атрыманы сертыфікат на права маркіроўкі знакам СЕ ўсіх мадыфікацый спірометра МАС-1 і сертыфікат адпаведнасці міжнароднаму стандарту якасці ISO 13485:2012 еўрапейскага ўзору «Вырабы медыцынскія».
Сфера выкарыстання: медыцына, ахова здароўя.
10. Дазавальная ўстаноўка для нанясення аднакампанентных поліўрэтанавых клеяў
Аб’ём экспарту паслуг – 30 тыс. дол. ЗША.
Заказчык – ТАА «Хотвел», Маскоўская вобласць, Адзінцоўскі раён, г. Кубінка.
Навуковы кіраўнік – заг. лаб. НДІ ПФП імя А. Н. Сеўчанкі БДУ доктар фіз.-мат. навук М. А. Ксенафонтаў.
Універсальнае абсталяванне дазваляе перапрацоўваць усе тыпы аднакампанентных клеявых сістэм з вязкасцю кампанента да 15000 мПа*с. Праца абсталявання складаецца ў дакладным дазаванні і падачы клеявога складу спецыялізаванай хімічнай помпай з расходнай ёмістасці па трубаправодах з неабходнай арматурай у клеенаносную прыладу. Прадукцыйнасць дазатара па клеі разлічваецца, падтрымліваецца і кантралюецца аўтаматычна мікрапрацэсарнай сістэмай для 10 розных праграм адначасова. Абсталяванне прызначана для нанясення клею пры вытворчасці шматпластовых сэндвіч-панэляў.
Сфера выкарыстання: будаўніцтва.
Упершыню на замежным рынку
1. Экалагічна бяспечныя дэзінфектанты пралангаванага дзеяння для сельскай гаспадаркі
Аб’ём экспарту паслуг – 22,7 тыс. дол. ЗША
Заказчык – VEBED s.r.o. Прага, Рэспубліка Чэхія, ТАА “Аграперспектыва XXI стагоддзе”, Масква, РФ
Распрацоўка: НДІ ФХП БДУ, навуковы кіраўнік – Шаблоўскі
Пра праект
Экалагічна бяспечныя дэзінфектанты, распрацаваныя нашымі навукоўцамі, шырока вядомыя ў Беларусі. Прэпарат ТУБІСАН быў скарыстаны ў барацьбе з эпідэміяй афрыканскай чумы свінняў улетку 2013 года. Ужыванне сродку НАВІСАН-1 на ААТ “Савушкаў прадукт” (г. Брэст) дазволіла атрымаць сертыфікат для экспартных паставак у краіны ЕС. У 2014 годзе навукоўцы выйшлі са сваёй прадукцыяй на замежны рынак.
Сфера выкарыстання: сельская гаспадарка, харчовая прамысловасць.
2. Валідацыя методыкі вымярэння субстанцый, правядзенне аналітычнага і біястатыстычнага этапаў біяэквівалентных даследаванняў лекавых сродкаў
Аб’ём экспарту паслуг – 19,6 тыс. дол. ЗША
Заказчык – фармацэўтычны завод “POLPHARMA” (Рэспубліка Польшча), ААТ “АВВА РУСС, Расія”
Распрацоўка: біялагічны факультэт БДУ, навуковы кіраўнік – І. В. Сямак
Сфера выкарыстання: фармацэўтыка, навуковыя даследаванні