Штодня ў халодныя перыяды года ў вестыбюлях навучальных карпусоў першымі нас сустракаюць менавіта гэтыя людзі, але часцяком мы нават не задумваемся пра тое, якія незвычайныя гісторыі са свайго жыцця яны могуць у сабе ўтойваць. Мы пагутарылі з Маяй Мікалаеўнай Тароцька – гардэробшчыцай на геаграфічным факультэце. Гэта жанчына за свае гады паспела пражыць 20 гадоў у Сярэдняй Азіі, 2 гады ў Паўночнай Афрыцы і атрымаць дыплом оптыка-механіка, але пры гэтым яна паўжыцця прапрацавала настаўнікам рускай мовы ў школе.
— Мая Мікалаеўна, распавядзіце, што Вам больш за ўсё прыносіць радасць у жыцці?
— Шчыра кажучы, мне даюць велізарнае задавальненне, вядома ж, зносіны з маладымі людзьмі – у дадзены момант са студэнтамі. Мне падабаецца падказваць ім штосьці, падабаецца, калі яны радасна бягуць, здаўшы іспыт падчас сесіі, а перад іспытамі я ім заўсёды наказваю – “Ні пуху, ні пер’я!”.
— Вы любіце падарожнічаць, дзе Вам давялося пабываць?
— Мой муж – ваенны тапограф. Мы вельмі шмат ездзілі па яго службе – у 70-х гг. прыехалі ў Таджыкістан і пражылі там 20 гадоў. Там я прапрацавала 12 гадоў картографам у геолага-выведвальнай экспедыцыі ў горадзе Ура-Цюбэ. Пазней, там жа, у Таджыкістане, я скончыла педінстытут і пачала працаваць настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў школе. Акрамя таго, 2 гады бязвыезна я пражывала ў Афрыцы – у Рэспубліцы Малі, куды майго мужа таксама накіравалі на працу. Там я працавала на дыппошце пры пасольстве – было вельмі цікава. Пасля Малі мы вярнуліся ў Таджыкістан, дзе пражылі яшчэ 2 гады. Пазней нас перакінулі ва Украіну – у горад Жытомір. Там я працавала ў школе настаўніцай рускай мовы і літаратуры, а таксама чарчэння. Пасля ўсяго гэтага мы з мужам вярнуліся ў Мінск, дзе ўжо да самай пенсіі я працавала ў 195 школе.
— Нішто сабе! Гэта вельмі цікава. Дык, атрымліваецца, Вы па адукацыі настаўніца рускай мовы?
— Насамрэч, у мяне 2 адукацыі: першы дыплом, які я атрымала, быў дыплом па спецыяльнасці “оптыка-механіка” ў Мінскім політэхнічным каледжы, а другі, як я ўжо казала, – дыплом настаўніка рускай мовы і літаратуры ў педінстытуце горада Ленінабад (зараз Худжанд – заўв. рэд.), Таджыкістан. У політэхнічным каледжы было вельмі цікава вучыцца. Я адначасова і працавала, і вучылася. Гэта было вячэрняе аддзяленне: мяне накіравалі на навучанне ад завода. А працавала я тады ў канструктарскім бюро на кінафотаапаратуры. Жыла ў інтэрнаце. Было вельмі весела – таксама як і цяперашнія студэнты, час ад часу мы прагульвалі лекцыі. На заводзе я тады прайшла вельмі добрую практыку – мяне навучылі выдатна чарціць, і, калі я абараняла дыплом, мае чарцяжы былі самымі лепшымі. Гэтым я карысталася ўжо потым, калі працавала картографам у Таджыкістане. У горадзе Ленінабад я скончыла завочнае аддзяленне педінстытута імя Кірава – тады мне было ўжо 40 гадоў. Адначасова з вучобай там я ўжо працавала ў школе.
— А як Вы патрапілі на працу ў БДУ?
— На пенсіі сядзець дома я, вядома, не магла. А сюды я патрапіла, можна сказаць, выпадкова. Мне проста падказала мая прыяцелька, якая ўжо даўно працавала ў гардэробе пры ўніверсітэце, што ёсць такая праца. Вось я і паспрабавала. А калі паспрабавала – так тут і засталася.
— Распавядзіце, што Вам дае гэта праца. Магчыма, Вы набылі нейкія новыя якасці тут?
— Тут я якасці не набываю, а імкнуся хутчэй штосьці аддаваць студэнтам. Дапамагаю часам радамі. Мы часта размаўляем з дзяўчатамі-студэнткамі на розныя тэмы. Часцяком гутарым і з выкладчыкамі. Тым больш, улічваючы маю ранейшую занятасць у картаграфіі і геалогіі, у нас з імі шмат агульных тэм для гутаркі. Адзін з выкладчыкаў, ужо нябожчык, нават падарыў мне асабістую кнігу ўспамінаў.
— Дарэчы пра кнігі, а якую апошнюю кнігу Вы прачыталі?
— Я вельмі люблю гістарычныя раманы. Вось цяпер, у вольны час на працы, я чытаю раман украінскага пісьменніка Паўло Заграбельскага пад назвай “Дзіва” пра ўтварэнне і прыняцце праваслаўя на Русі. Кніга цудоўная!
— Ну і пара пытанняў, якія проста немагчыма не задаць. Скажыце, што Вы робіце ў сітуацыях, калі працоўны дзень ужо скончыўся, а курткі студэнты яшчэ не забралі?
— Калі куртак шмат (калі праходзіць які-небудзь сход ці мерапрыемства) сяджу і чакаю, пакуль студэнты не забяруць іх. А калі куртак застаецца 2–3, то мы іх перадаём дзяжурным па вахце.
— А як Вы ставіцеся да студэнтаў, у якіх на куртцы няма гафтачкі?
— Часам я іх вучу, як трэба рабіць гафтачкі, але галоўным чынам прышываю іх сама – для гэтага ў мяне заўсёды пад рукой ляжаць ніткі з іголкай.
— Гэта проста выдатна. Вы так трапятліва ставіцеся да студэнтаў. Магчыма, за час працы тут, геаграфічны факультэт стаў для Вас другім домам?
— Тут я працую ўжо 13 год, але я б не сказала, што ён стаў для мяне другім домам. Калі б я была выкладчыкам, то іншая справа. А так да геафака я вельмі прывыкла – нават не ўяўляю, каб я шукала штосьці іншае. Вось як прыйшла сюды – так я тут і застыла, прыкіпела да гэтага месца. Можа і дзякуючы таму, што знаходжу тут агульную мову з-за геалогіі і што магу пагаварыць тут з людзьмі менавіта пра гэта. Бо ўсё маё жыццё прайшло праз гэта – камандзіроўкі і паездкі.
— Майя Мікалаеўна, пад канец скажыце, што для Вас БДУ?
— БДУ для мяне – гэта храм навукі. Я вельмі паважаю студэнтаў, якія вучацца тут. Мне імпануе тое, што яны такія культурныя, і вельмі падабаецца, што я магу з імі мець зносіны – яны не проста праходзяць міма, а спыняюцца, размаўляюць. Мне гэта вельмі падабаецца – размаўляць з моладдзю.
Размаўляў Багдан ПАЧАПСКІ
Фатаграфіі Аляксандры Крук