2–4 снежня на базе Дзяржаўнага інстытута кіравання і сацыяльных тэхналогій БДУ ў трэці раз прайшла міжнародная студэнцкая алімпіяда па менеджменце і эканоміцы «Бізнес-праект», якая арганізуецца кафедрай кіравання нерухомасцю.
Сёлетняя алімпіяда праводзілася ў 3 туры. Для ўдзелу ў першым (завочным) туры кожнай камандзе неабходна было распрацаваць пад кіраўніцтвам навуковага кансультанта бізнес-прапанову. У адрас аргкамітэта алімпіяды паступіла 39 заявак. Пасля кожная з каманд павінна была распрацаваць бізнес-план.
Па выніках другога тура 22 каманды з Беларусі, Расіі, Украіны і Казахстана былі дапушчаны да ўдзелу ў трэцім (вочным) туры.
Алімпіяда прайшла пры фінансавай падтрымцы Фонду «Новая Еўразія» за кошт сродкаў, прадстаўленых Агенцтвам ЗША па міжнародным развіцці USAID. Фінальны тур алімпіяды складаўся з асобных конкурсаў:
«…І зноў дабрыдзень!» – прывітанні каманд, у якім студэнты на працягу трох хвілін распавядалі пра сябе, пра сваю ВНУ, горад і краіну;
«Я лічу, што …» – індывідуальнае камп’ютарнае тэсціраванне па пытаннях з галіны маркетынгу, менеджменту, а таксама эканамічнага, фінансавага, рэкламнага забеспячэння прадпрымальніцкай дзейнасці;
«Я – кіраванец!» – рашэнне экспрэс-сітуацый па менеджменце, маркетынгу, фінансавай і кадравай палітыцы арганізацыі;
«Мы прапануем!..» – абарона студэнцкіх бізнес-праектаў.
Усе бізнес-праекты былі размеркаваны па трох секцыях:
праекты ў сферы прамысловай вытворчасці (секцыя 1);
праекты ў сферы паслуг (секцыя 2);
праекты ў сферы турызму і адпачынку (секцыя 3).
Перамагла ў секцыі 1 каманда БрДУ з бізнес-праектам «Стварэнне нейрарэабілітацыйнага цэнтра для асоб з траўмамі пазваночніка».
У секцыі 2 перамагла каманда Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта з бізнес-праектам «Анлайн-платформа адукацыйных паслуг EasyWay».
Першае месца ў секцыі 3 заваявала каманда МДУ імя А. А. Куляшова з бізнес-праектам «Велатур».
Ад ДІКСТ БДУ ў алімпіядзе прынялі ўдзел тры каманды ў трох секцыях; дзве з іх занялі другія месцы, а адна – трэцяе.
У склад першай каманды ўваходзілі студэнты 4 курса кафедры кіравання нерухомасцю: Анушкін Аляксей, Васілеўская Алена, Домніч Лілія і Альховік Алена. Яны падрыхтавалі праект «Адкрыццё кампаніі Comfort & Trust». Іх кампанія гатовая аказваць комплекс паслуг для замежных грамадзян і грамадзян Беларусі, якія жадаюць добра правесці час у Мінску, але не жадаюць займацца пры гэтым арганізацыйнымі пытаннямі. Гэта сустрэча замежных грамадзян і грамадзян Беларусі ў аэрапорце, пошук транспарту, перакладчыка і гіда, падбор жылля, арганізацыя святаў, юрыдычная кансультацыя і інш. Ідэя кампаніі ўзнікла ў іх яшчэ ў перыяд правядзення алімпіяды –2012 і перарасла ў праект, бізнес-план якога ўдзельнікі прадставілі на алімпіядзе–2014.
У другую каманду ўвайшлі студэнты 3 курса ад кафедраў кіравання нерухомасцю і кіравання фінансамі: Багдан Дар’я, Іманаў Камран, Жалнерчык Канстанцін, Лушына Юлія і Серада Віктар. Яны распрацавалі бізнес-праект пад назвай «Кулінарны навігатар». Сутнасць яго складаецца ў стварэнні сайта, праз які кожны чалавек зможа па існай базе рэцэптаў замовіць інгрэдыенты з дастаўкай на дом. Дастаўку інгрэдыентаў ажыццяўляе крама-партнёр буйной сеткі рознічнага гандлю. На прапрацоўку дэталяў каманда выдаткавала шмат часу; як яны самі прызнаюцца, часам нават спалі ўначы ўсяго па пары гадзін. Але гэта было варта! Яны здолелі дасканала прапрацаваць праект, крэатыўна яго прадставіць, годна адказаць на пытанні каманды-суперніка і журы.
Алімпіяда па менеджменце і эканоміцы «Бізнес-праект» карысная для студэнтаў. Бо задача яе не проста ў тым, каб выявіць пераможцаў, а і навучыць мастацтву стварэння, а, магчыма, і ўкаранення бізнес-праектаў, кожны з якіх можа стаць як сацыяльна значным для горада і рэгіёна, так і проста асабістым поспехам кожнага.
Дацэнт Таццяна БАРЗДОВА, загадчык кафедры кіравання нерухомасцю ДІКСТ