Упершыню ў Беларусі створаны звышправодны ніобіевы рэзанатар для паскаральнікаў электронаў і пазітронаў.
Навукоўцы БДУ і НАН Беларусі падчас выпрабавання першага звышправоднага ніобіевага рэзанатара айчыннай вытворчасці дасягнулі з’явы звышправоднасці. У эксперыменце ўдзельнічалі супрацоўнікі Нацыянальнага цэнтра фізікі часціц і высокіх энергій БДУ (НЦ ФЧВЭ), НДІ ядзерных праблем БДУ і НПЦ НАН Беларусі па матэрыялазнаўстве. Прамым апаратурным метадам вымерана значэнне мацунку рэзанатара 1,49х109 на частаце 1,3 Ггц. Такі ўнікальны вынік атрыманы ў Беларусі ўпершыню.
Звышправодныя рэзанатары (ЗПР) з асабліва чыстага ніобію з’яўляюцца ключавым элементам паскаральных секцый Міжнароднага лінейнага калайдара (МЛК). МЛК павінен стаць наступным этапам у развіцці фізікі высокіх энергій пасля Вялікага адроннага калайдара (ВАК). Перавагі МЛК абумоўлены магчымасцю выкарыстоўваць палярызаваныя пучкі электронаў і пазітронаў з лёгка перабудаванай энергіяй, кропкавасцю памераў гэтых часціц і поўнай аднаўляльнасцю падзей, якія адбываюцца пры сутыкненнях пучкоў у калайдары.
Апроч далейшага вывучэння базона Хігса, адкрытага на ВАК, на МЛК будуць даследавацца актуальныя пытанні сучаснай фізікі і касмагоніі: чаму Сусвет складаецца толькі з матэрыі і чаму ў ім няма антыматэрыі? З якіх часціц складаецца цёмная матэрыя, і што такое цёмная энергія (толькі 4 % Сусвету складаецца з часціц, якія мы ведаем)? Ці маюцца дадатковыя вымярэнні ў прасторы? Ці існуюць іншыя сілы, акрамя электрамагнітных, слабых, моцных і гравітацыйных, і іншыя станы матэрыі? Ці магчымае Вялікае аб’яднанне – аб’яднанне пералічаных сіл у адзіную ўніверсальную сілу Прыроды?
Праца па стварэнні ЗПР праводзіцца па замове і ў цесным супрацоўніцтве з Аб’яднаным інстытутам ядзерных даследаванняў (г. Дубна, Расія) у рамках праекта «Міжнародны лінейны калайдар: паскаральная фізіка і тэхніка». Кіруе навуковай праграмай галоўны інжынер АІЯД член-карэспандэнт РАН Рыгор Шыркоў, а навуковай працай – Юльян Будагаў і Мікалай Азаран. Каардынатарам праекта ад Беларусі выступае намеснік дырэктара НЦ ФЧВЭ БДУ Міхаіл Батурыцкі.
У рэалізацыі праекта задзейнічаны тры найбуйнейшыя навуковыя ўстановы нашай краіны: БДУ, БДУІР, НАН Беларусі. Падчас працы па стварэнні і ўдасканаленні звышправодных ніобіевых рэзанатараў ужо ў нашай краіне абаронены дзве кандыдацкія дысертацыі і атрымана 9 патэнтаў. Акрамя таго, наладжана супрацоўніцтва з вядучымі сусветнымі цэнтрамі, якія валодаюць тэхналогіяй вырабу ніобіевых рэзанатараў. Гэтыя кампаніі зацікаўлены ў з’яўленні новых вытворцаў, бо для МЛК патрабуецца 20 тыс. рэзанатараў, а для Еўрапейскага лазера на вольных электронах – 800. Таму Беларусь хуткім часам можа стаць паўнапраўным вытворцам звышправодных ніобіевых рэзанатараў.
Даведка
Міжнародны лінейны калайдар (МЛК) – складаная машына-паскаральнік даўжынёю ў некалькі дзясяткаў кіламетраў, якая будзе здольная разганяць зараджаныя элементарныя часціцы высокачастотным электрамагнітным полем да субсветлавых хуткасцяў. Такія высокаэнергетычныя часціцы неабходныя фізікам для глыбейшага пранікнення ў аб’екты мікрасвету з мэтай даследавання яго ўнутранай прыроды. На МЛК мяркуецца дасягнуць энергіі сутыкненняў часціц каля 1 ТВ. Мэта дадзенага праекта складаецца ў спробе зразумець, з чаго складаецца Сусвет і як яго складовыя блокі ўзаемадзейнічаюць адзін з адным.
Паскаральнік будзе створаны на тэрыторыі Японіі. На яго запатрабуецца $7,8 мільярдаў, што амаль удвая перавышае кошт стварэння найбуйнейшага паскаральніка – 27-кіламетровага Вялікага адроннага калайдара.
Жанна ВАСАНСКАЯ