Сістэма касмічнага базавання «Відэаспектральная сістэма» (ВСС) дастаўлена на Міжнародную касмічную станцыю. Над праектаваннем, распрацоўкай аптычнай схемы, тэхнічных паказчыкаў, а таксама стварэннем навуковай апаратуры працавалі навукоўцы аддзела аэракасмічных даследаванняў НДІ прыкладных фізічных праблем імя А. Н. Сеўчанкі (НДІ ПФП БДУ). Кіраваў навуковым працэсам загадчык аддзела прафесар Барыс Бяляеў.
У наш час навуковая апаратура БДУ працуе ў штатным рэжыме па праграме касмічнага эксперыменту «Ураган» па вывучэнні працэсаў і наступстваў прыродных і тэхнагенных з’яў і катастроф ВСС, распрацаваная ў БДУ, прызначана для дыстанцыйнага зандавання Зямлі з космасу шляхам атрымання каляровых лічбавых фотавыяў высокага прасторавага разрознення і адначасова атрымання мноства спектральных характарыстык адлюстраванага выпраменьвання зямнымі паверхнямі.
Праца дадзенага апарата дазволіць назіраць за экалагічнай сітуацыяй, праводзіць маніторынг стану атмасферы над гарадамі, выяўляць тэхнагенныя выкіды прамысловых прадпрыемстваў, сачыць за рухам і распаўсюдам салявых бур, снежнага покрыва над мегаполісамі. Акрамя таго, у задачы ВСС уваходзяць адсочванне неспрыяльнага ўздзеяння вытворчага нафтапрамысловага комплексу на навакольнае асяроддзе і фіксаванне ачагоў узгарання ў лясных масівах.
Навукоўцы БДУ актыўна ўдзельнічаюць у рэалізацыі розных міжнародных касмічных эксперыментаў. Так, з чэрвеня 2010 г. на борце МКС была ўсталявана «Фотаспектральная сістэма» (ФСС), распрацаваная супрацоўнікамі аддзела аэракасмічных даследаванняў НДІ ПФП БДУ для праграмы «Ураган». У наш час ФСС паспяхова выкарыстоўваецца кожнай расійскай экспедыцыяй пры працы на МКС. А з 2011 г. для касмічнага эксперыменту «Сейсмапрагноз» па адпрацоўцы метадаў маніторынгу прадвеснікаў надзвычайных сітуацый распрацаваны блок знешніх датчыкаў.
Алена МАРЦУЛЕВІЧ