Сяргей Шафаловіч: «Пра тое, што раскажам мы, не напіша больш ніхто»

6 Jan, 2015.

шафалович сергей университет бгу

Сяргей Шафаловіч вядзе заняткі ў рэдакцыі са студэнтамі 5 курса журфака

Наша газета «Універсітэт» святкуе 85-годдзе. З гэтай нагоды да месца пагутарыць з чалавекам, які ўжо на працягу 8 гадоў кіруе дадзеным выданнем. Сяргей ШАФАЛОВІЧ распавёў пра цікавыя факты з гісторыі газеты, пра яе багатыя здабыткі і пра сённяшнюю трансфармацыю.

– Сяргей Сяргеевіч, як так здарылася, што агульнаўнівер­сі­тэцкая газета з’явілася толькі праз 8 гадоў пасля стварэння самога БДУ?
– Сапраўды, на першы погляд гэта трохі дзіўна, але, падумаўшы, усё заканамерна. Для стварэння сур’ёзнага выдання павінны быць перадумовы, каб у гэтым была неабходнасць, досвед і рэсурсы. А што мелася на той час? Універсі­тэт ствараўся ў 1921 годзе з нуля ў вельмі складаных абставінах. Адра­зу паўсталі тры факультэты, а навучанне вялося больш чым у дзясятку будынкаў. А жыллё для студэнтаў і выкладчыкаў, іх матэрыяльнае забеспячэнне, недахоп кадраў (нездарма ж у першыя гады існавання ў БДУ былі запрошаны многія спецыялісты з Масквы і Ленінграда), а стварэнне нарма­тыўнай базы, а вучэбныя планы ў рэшце рэшт? Асаблівыя цяжкасці цягам гадоў былі з арганізацыяй працы ў зімовы перыяд. Крыху пазней кіраўніцтва ўніверсітэта турбавалася перадусім першымі выпус­камі маладых спецыялістаў, аргані­зацыяй навуковай сферы, ну і, зразумела, будоўлямі і паляпшэннем матэрыяльнага стану.
З другога боку, неўзабаве пас­ля стварэння БДУ на існых факультэтах пачалі ўзнікаць уласныя насценгазеты, такія як «Голас раб­факаўца», «Голас студэнта», усе­маг­чымыя бюлетэні і нават ча­сопісы, а крыху пазней пачалі выпускацца абагульняльныя альма­нахі да розных угодкаў дзейнасці БДУ, тыя ж зборнікі навуковых прац. Усе яны, па-першае, давалі досыць звестак (на той момант) пра развіццё ўніверсітэта, а па-другое, узбага­чалі практыку перыядычнага друку тым самым каштоўным вопытам, які спатрэ­біўся на рубяжы 20–30-х гадоў. Ну і трэба ўлічваць таксама такі фактар, як рэспубліканская прэса: у першае дзесяцігоддзе існавання БДУ яго дзейнасці на­давалася надзвычай важнае значэнне, бо гэта была адзіная ВНУ ў краіне, і любыя пе­раўтварэнні ва ўніверсітэце таксама шырока ас­вятляліся.
У канцы 1920-х гадоў ужо склалася крыху іншая сітуацыя. Уні­версітэт стаяў на парозе маштабнай рэарганізацыі, якая атрымала ў гісторыі назву «разбуй­ненне», з яго складу неўзабаве будуць створаны некалькі навучальных уста­ноў. Акрамя таго, змяніў­ся ста­тут БДУ, рэфармаваны наву­чаль­ны працэс, пры гэтым увогуле ста­ві­­ліся задачы мацавання гра­мад­­с­­ка-палітычнага ладу.
У каст­рычніку 1929 г. на змену першаму рэктару БДУ Уладзіміру Пічэту быў абраны (дарэчы, у апошні раз)  Язэп Кара­неўскі, які адразу ўба­чыў неабходнасць кар­паратыўнага органа і паспрыяў хуткаму выхаду перша­га нумара агульна­ўнівер­сітэцкай газеты «Ленінскім шляхам». Пасля яна некалькі разоў мяняла назву. Найбольш працяглы час з 1955 г. па 2006 г. яна назы­валася «Беларускі ўніверсітэт», і шмат хто са старэйшага пакалення дагэтуль так лі­чыць.
– Якімі здабыткамі можа ганарыцца наша газета ў першую чаргу?
– Перш за ўсё ўвесь універсітэт можа ганарыцца тымі людзьмі, якія яе стваралі. Каб пералічыць усіх значных асоб, газетнай паласы бу­дзе мала. Прывяду толькі факты, што ў сталенні нашай газеце да­памагалі легендарныя Якуб Колас і Кандрат Крапіва, яе традыцыі стваралі народныя пісьменнікі Беларусі Іван Мележ, Іван Навуменка, Рыгор Барадулін і Ніл Гі­левіч, тут праца­валі вядомы пу­бліцыст Адам Мальдзіс, кіна­рэ­жы­сёр Віктар Дашук, цэлае сузор’е знакамітых паэтаў: Пятро Глебка, Мікола Аўрамчык, Генадзь Бураў­кін, Яўге­нія Янішчыц, Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак і іншыя. Шмат выбітных «акул пяра» вырас­лі тут у самавітых прафесіяналаў. У газеце БДУ пачыналі Уладзімір Скапа, шматгадовы галоўрэд абласной газеты «Віцебскі рабочы», пісь­мен­нік і рэдактар слонім­скай раёнкі Анатоль Ярохін, былы прэс-сак­ратар Па­латы прадста­ў­нікоў РБ Ірына Саветкіна, рэдактар «Мала­дзечанскай газеты» Аляксандр Ла­зоўскі, былы міністр ін­фармацыі Уладзімір Бельскі, карэспандэнт «Народнай газеты» Ірына Дзяргач, дырэктар фотаагенцтва «Рыфтур» Сяргей Плыткевіч, фотакарэспандэнт Reu­ter Васіль Фядосенка, фотакарэспандэнт Associa­ted Press Сяргей Грыц, намеснік галоўрэда «Кам­самольскай праў­ды» Мікалай Лах­віч і шмат хто іншы.
На жаль, з даваеннай гісторыі газеты нам вядома вельмі мала. Зразумела, што жывых сведкаў таго часу ўжо не засталося. І нават архіўныя нумары знаходзяцца не ў нашай краіне, а ў Санкт-Пе­цяр­бургу ў бібліятэцы імя Сал­тыкова-Шчадрына, дзе яны зас­таліся пасля эвакуацыі БДУ падчас вайны. Толькі дзякуючы прафесару Алегу Яноўскаму мы маем копіі некаторых нумароў тагачасных газет і вельмі фрагментарныя звесткі пра людзей, якія яе выдавалі.
Такім чынам, нам сталі вядомымі прозвішчы рэдактараў С. М. Гузея, І. М. Левіна і І. М. Малюкевіча. Апошні кіраваў газетай да самай вайны, а ў 1949 г. стаў рэктарам Гродзенскага ўніверсітэта (тады педінстытута). Да таго ж першыя гады газета падпісвалася калек­тыўным аўтарам – рэдкалегія, і вы­светліць тых адказных асоб наў­рад ці ўжо ўдасца.
З пасляваенным часам яснасці больш, але і тут хапае недаклад­насцяў, бо недзе да пачатку 60-х гг. рэдактарам газеты часта выступаў яе куратар ад парткама, а не чалавек, адказны за яе падрыхтоўку. Адным з першых тагачасных рэдак­тараў газеты быў Аляксандр Ан­дрэевіч Філімонаў, герой Савецкага Саюза, які пакінуў нам свае ўспаміны. Паводле яго, да ад­наўлення газеты ў 1947 г. спры­чыніліся прафесары Нікольскі і Перцаў, а таксама малады паэт Мікола Аўрамчык. Не мог застацца ўбаку ад дзейнасці газеты сакратар камсамольскай арганізацыі БДУ будучы народны пісьменнік Беларусі Іван Мележ і ўсе тага­часныя навукоўцы, моладзевыя актывісты, кіраўнікі і творчыя ра­ботнікі ўніверсітэта.
Асаблівым гонарам газеты можна лічыць амаль штомесячную літаратурную старонку, якую цягам доўгага часу вяло літаратурнае аб’яднанне «Узлёт» на чале з прафесарам Алегам Лойкам. На ёй публікаваліся самыя цікавыя творы сучасных беларускіх паэтаў, у тым ліку студэнтаў БДУ. Да вышэйзга­даных прывяду Уладзіміра Паўла­ва, Юрася Свірку, Петруся Броўку, Сяргея Законнікава, Уладзіміра Ка­рызну, Алеся Разанава і іншых. У 60-х гадах нават быў выпушчаны зборнік, прысвечаны творчасці паэтаў БДУ – гэта скарбонка айчыннай літаратуры.
– Як прадстаўлена газета за межамі БДУ, і ці ацэнена яна па вартасці?
– Увогуле наша газета, як і любая карпаратыўная прэса, арыентавана на ўніверсітэцкую супольнасць. Вядома, што яна рассылаецца па міністэрствах і некаторых ведамствах, поўныя яе падшыўкі ўтрымліваюцца ў Нацыянальным архіве і Нацыянальнай бібліятэцы. Акрамя таго, мы пастаянна ўдзель­нічаем у шматлікіх рэспубліканскіх і міжнародных выставах і маем вы­сокі аўтарытэт.
Газета БДУ ўзнагароджвалася Ганаровай граматай Вярхоўнага савета БССР, у 1983 годзе яна заслужыла медаль ВДНГ у Маскве і была прызнана найлепшай уні­версі­тэцкай газетай сярод ВНУ Савецкага Саюза. У сучаснасці мы ста­лі пераможцам V нацыяналь­нага конкурсу «Залатая літа­ра» ў намінацыі «Найлепшая шмат­тыражная газета», акрамя таго дамагаліся прызнання на міжна­род­ных конкурсах «Націскай на RECord» ва Украіне і «Універсітэц­кая кніга» ў Расіі ў верасні гэтага года. Таксама ў 2014 годзе мы сталі лаўрэатам конкурсу «Най­лепшае інтэрнэт-выданне» на зімо­вай школе журналістыкі. Выданне ўзнагароджана Ганаровай граматай БДУ, а яе рэдактар – Ганаровай граматай Беларускага саюза жур­налістаў. У сувязі з 85-годдзем рэдакцыя «Універсітэта» адзначана Ганаровай граматай Міністэрства інфармацыі нашай краіны.
Сімвалічна, што рэдакцыя размяшчаецца на Кальварыйскай, 9. Наколькі шчыльна вы стасуецеся з Інстытутам журна­лістыкі БДУ?
– Гэта не толькі сімвалічна, але і практычна (смяецца). Сувязь газеты з журфакам ва ўсе часы была моцная. Многія рэдактары газеты, а тым больш карэспандэнты былі прафесійнымі журналістамі. Я таксама належу да гэтай супольнасці. Нават зараз на грамадскіх пачатках пры газеце віруе студэнцкая рэдакцыя «Універсітэта», якая складзена са старшакурснікаў жур­­фака. Акрамя таго, я сам з’яўляюся выкладчыкам кафедры перыядычнага друку і вяду спецкурс журна­лісцкага майстэрства. Таксама ўлічвайце, што за год на базе газеты праходзяць практыку каля 30 студэнтаў журфака. З гэ­тага кантынгенту ў асноўным і фарміру­ецца студрэдакцыя. Да­рэчы, звяртаюцца да нас па супрацоўніцтва і з іншых факуль­тэтаў.
– А якія зараз у вашай рэ­дакцыі прыярытэты?
– Газета зараз уваходзіць у структуру медыяцэнтра БДУ і з’яў­ляецца сутнасцю аддзела ўну­тры­ўніверсітэцкіх камунікацый, які я ўзначальваю. З аднаго боку, ужо хутка год, як у нас з’явіўся новы сайт, які цесна інтэграваны ў са­цыяльныя сеткі. Імкнёмся, каб як мага больш публікацый насіла канвергентны выгляд, то бок супра­ва­джалася відэа і іншымі відамі ін­фармацыі. Мы маем шмат карысных сэрвісаў, арыентаваных на чытачоў з рознымі інтарэсамі. Стараемся ўсяляк прасоўваць свой рэсурс, тым больш ён таго варты. З другога боку, трэба далей разві­ваць друкаваную версію, хоць сфера ўплыву яе зараз звужаецца…
– …Ёсць меркаванне, што друкаваныя выданні вымруць праз 5–10 гадоў.
– Я раю не быць такім катэгарычным. Гадоў 20 таму я чуў, што нафта скончыцца ў 2010 годзе… Не так даўно я стажыраваўся ў Шве­цыі ў рэдакцыях мясцовых газет, і там, вядома, таксама пануюць тэн­дэнцыі пераходу чытачоў ў ін­тэр­нэт, але існуюць розныя стра­тэгіі развіцця, і там глядзяць на гэты працэс даволі аптымістычна. Да таго, наша выданне належыць да карпаратыўнай прэсы, а яна найбольш запатрабаваная і стрэ­са­­ўстой­лівая. Вось уявіце, што агуль­ны тыраж усіх шматтыражак у нашай краіне перавышае сумесны тыраж усіх рэспу­блікан­скіх газет!
Яшчэ адным важным кірункам нашай працы з’яўляецца вядзенне фотагалерэі на сайце БДУ і частковае падтрыманне яго беларуска­моўнай версіі. Акрамя таго, зараз мы займаемся падрыхтоўчай ра­ботай па стварэнні функцыянальнага фотаархіву БДУ.
– А як Вы, Сяргей Сяргеевіч, самі ўспрымаеце сваё рэдактарства?
– Адкажу проста: яно мне падабаецца. Я лічу, што мы робім важную справу для гісторыі ўнівер­сітэта і крыху спрыяем яго развіц­цю. Тут, магчыма, выяўляецца, мая першая гістарычная адукацыя (смяецца). З нагоды юбілею газеты я тут мусіў пагартаць усе даступныя архівы газет, і вы ведае­це: гэта вельмі цікавая і нават кра­нальная рэч. Па-сапраўднаму жывая гісторыя альма-матар! Я ўпэўнены, што калі рэспублікан­скія газеты асвятляюць значныя падзеі, то ўсе апісваюць адно і тое ж, толькі з розных ракурсаў, а пра шмат якія падзеі і многіх людзей, пра якіх раскажам мы, не раскажа больш ніхто. І ў гэтым наша ўні­кальнасць.
Яшчэ адным вызначальным момантам з’яўляецца мая шчырая ўлюбёнасць у бела­рускую мову, бо ўся духоўная спадчына нашага народу грунтуецца на ёй. Уся высакародная літара­тура белару­саў – а гэта творы Янкі Купалы, Яку­ба Коласа, Уладзіміра Карат­кевіча, Васі­ля Быкава і іншых выдатных пісь­меннікаў – частка сусветнай культурнай скарбніцы. Уся гісто­рыя беларусаў напісана на роднай мове, а без гэтага мы – ніхто. Пад­трымліваць беларус­ка­моўны асяродак ва ўніверсітэце – наша гіс­­т­арычная місія. І дзякуй Богу, што гэта знаходзіць жывы водгук у нашых чытачоў!
Гутарыла
Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ

студенты с газетой1

газета университет бгу

газета университет бгу

Беларускі ўніверсітэт

print

Вам таксама можа спадабацца: