“Навошта мне займацца гэтымі паперкамі, паддобрывацца да “патрэбных людзей”, выслухваць прыдзіркі зайздроснікаў, якія прайшлі праз мяне пры падрыхтоўцы дыпломаў і дысертацый. З-за гэтай пустой мітусні я магу не паспець зрабіць столькі цікавай і патрэбнай працы. А мне ж так дарагі мой час!”
Памяці А. Д. Коўрыкава
Аляксандр Дзмітрыевіч КОЎРЫКАЎ нарадзіўся 9 лютага 1937 г. у Мінску. Жыў на вуліцы Шчорса разам са сваёй бабуляй-матухнай Дар’яй Рыгораўнай. Лёс іх сям’і быў цяжкі. Дзядуля і бабуля (Ілья і Дар’я Харытановічы) былі раскулачаныя і сасланыя ў Сібір, дзе дзядуля загінуў. Толькі трынаццацігадовы бацька Аляксандра быў папярэджаны і збег. Ён з’ехаў, паступіў вучыцца ў тэхнікум, стаў камсамольцам. Але пасля артыкула “Кулацкае насенне гуляе на свабодзе” бацьку вылічылі і яму прыйшлося збегчы далей – у Расію. Там ён змяніў прозвішча, імя, імя па бацьку і стаў Коўрыкавым Дзмітрыем Якаўлевічам. Толькі перад самай вайной ён вяртаецца на Радзіму, у Мінск, дзе ў яго з’яўляецца сям’я і сын Аляксандр.
З пачаткам вайны Дзмітрый Коўрыкаў заклікаецца ў войска, а сям’я застаецца ў вёсцы Хальч. Праз некаторы час гіне маці Аляксандра, яна была застрэленая фашыстамі. Дзеці трапляюць у канцлагер “Чырвоны Бераг” у Жлобінскім раёне, а пасля ў “Дзіцячае сяло Скаброўка” пад Пухавічамі, дзе малалетніх вязняў трымалі як “расходны матэрыял”. Пасля таго як партызаны, пасля некалькіх няўдалых спроб, вызваляюць дзяцей, ледзьве жывы Саша трапляе ў вёску да сваёй бабулі Дар’і, якая была гатовая да самага горшага, бо хлопчык паміраў, урачы адводзілі яму ўсяго два тыдня жыцця. Але здарыўся цуд! Бабуліна любоў і вера вярнулі Сашу да жыцця, ужо праз тыдзень ён змог самастойна хадзіць.
Пасля вайны яго забірае бацька, але ненадоўга. Саша часова трапляе ў дзіцячы дом, затым у школу, рамеснае вучылішча, а ўжо пасля вяртаецца ў Мінск да сваёй бабулі Дар’і, з якой ужо больш ніколі не расставаўся.
У 1954 г. ён паступае ў Мінскі індустрыяльна-педагагічны тэхнікум на спецыяльнасць “прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. З цягай да ведаў ён ідзе ў “Працоўныя рэзервы”, дзе з ахвотай наведвае кружкі радыёфізікі і электронікі. Сам збірае тэлевізар для дарагой бабулі, радыёпрыёмнікі, прайгравальнікі, мікраскопы.
У 1957 г. Саша павінен быў скончыць тэхнікум, але не трапіў на Першамайскую дэманстрацыю і быў выключаны без права абароны ўжо гатовага дыплома.
У 1958 г. яго заклікаюць у войска, дзе высока ацанілі яго веды, эрудыцыю, працаздольнасць, таварыскасць. Праз год камісія пры палітупраўленні БелВА прысвойвае яму кваліфікацыю кінамеханіка гукавога кіно другой катэгорыі. Тады ж кіраўніцтва воінскай часткі звярнулася да дырэкцыі МІПТ аб тэрміновым рашэнні пытання абароны і выдачы дыплома аб заканчэнні тэхнікума Коўрыкаву А. Д., што і адбылося ў 1960 г.
Пасля дэмабілізацыі Аляксандр ідзе працаваць выкладчыкам па працоўным навучанні ў СШ № 39 г. Мінска. За добрасумленную працу ён атрымлівае рэкамендацыю для паступлення ў 1962 г. на вячэрняе аддзяленне ў БДУ імя У. І. Леніна па спецыяльнасці “радыёфізіка і электроніка”. Пасля заканчэння ўніверсітэта яго залічваюць на пасаду механіка навучальна-вытворчых майстэрняў, з наступным пераводам на пасаду радыёмайстра па дакладных механізмах.
Прафесійныя якасці Аляксандра былі высока ацэненыя ва ўніверсітэце. Пры зацвярджэнні новых тэм кіраўніцтва першым выканаўцам прызначыла А. Д. Коўрыкава, які меў права карыстання закрытым бібліятэчным фондам пры распрацоўцы прылад касмічнага і спецыяльнага прызначэння.
1968 год – лёсавызначальны ў жыцці Аляксандра, ён не толькі заканчвае ўніверсітэт, але і сустракае будучую жонку Леанору Скрыган, якая таксама працуе ў БДУ. Іх сумесная праца прыносіла добры плён.
Рэдкі выпадак, але ў энцыклапедыю “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь. 1999 г.” А. Д. Коўрыкаў патрапіў, не маючы навуковай ступені.
Не з’яўляючыся навукоўцам на паперы, ён быў навукоўцам ад Бога. Аляксандр Дзмітрыевіч з’яўляецца аўтарам больш за 90 навуковых прац і патэнтаў, яму належаць такія распрацоўкі, як сістэма аўтаматычнага кантролю параметраў фазавых антэнных рашотак; сістэма прыёму-перадачы інфармацыі па лазерным промні; пірометры для медыцынскіх мэт. Ён суаўтар такіх патэнтаў, як спосаб лячэння мясцовараспаўсюджаных нізкадыференцыяваных і генералізаваных сарком мяккай тканкі; спосаб лячэння неаперабельных злаякасных пухлін печані; спосаб дыягностыкі пухлін малочнай залозы; спосаб комплекснага лячэння распаўсюджаных і рэцыдыўных форм злаякасных пухлін і інш.
Упершыню ў свеце ім быў распрацаваны і ўкаранёны камп’ютарызаваны комплекс агульнай электрамагнітнай гіпертэрміі “Пціч”, які з дапамогай высокай тэмпературы дазваляе змагацца з анкалагічнымі захворваннямі. Праца вялася ўніверсітэцкімі навукоўцамі сумесна з калегамі з РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава і стала для А. Д. Коўрыкава справай жыцця. Дадзены комплекс вярнуў здароўе тысячам людзей, а закладзеныя ў ім ідэі разышліся і працуюць па ўсім свеце.
Усё дасягненні таленавітага навукоўца патрабавалі не толькі часовых і фізічных выдаткаў, але і псіхалагічных, бо першыя ўзоры выпрабоўваліся на сабе. І гэта адбілася на здароўі Аляксандра Дзмітрыевіча.
У 1996 г. пры распрацоўцы свайго чарговага “цуд-апарата” – аўтаматызаванай сістэмы сачэння за станам хворага з запісам на ПЭВМ-386 гіпертэрмічнай працэдуры – Аляксандр Дзмітрыевіч, як заўсёды, выпрабоўвае апарат на сабе. Хваляванне, недапрацоўкі электрыкаў адбіліся на здароўі – мігальная арытмія, што прывяло да шпіталізацыі. Але ў БДУ не могуць знайсці замену таленавітаму навукоўцу, і ён працягвае працаваць далей, а таксама, як і раней, удзельнічае ў правядзенні гіпертэрмічных працэдур. 6 снежня 2013 г. Аляксандра Дзмітрыевіча не стала.
Ён быў сапраўдным чалавекам, працавітым, настойлівым, удумлівым, катэгарычным. Дзеля сваёй улюбёнай справы быў гатовы на любыя ахвяры, а вось кар’ера, званні, навуковыя ступені яго не цікавілі. Аляксандр Дзмітрыевіч так і не абараніў дысертацыю, хоць матэрыялу для яе было набрана звышдастаткова. Гэта сімвалічна, што чалавек, які выжыў пасля варварскіх “медыцынскіх” вопытаў і стаў сведкам столькіх смерцяў, прысвяціў сябе выратаванню чалавечых жыццяў, нібы імкнучыся выправіць наступствы несправядлівай жорсткасці вайны.