Студэнты БДУ ў пятнiцу 21 лютага ва ўніверсітэцкім дворыку маляўніча сустрэлі Масленіцу.
Масленіца – адно з самых яркіх і вясёлых народных святаў, якое дагэтуль спраўляюць беларусы. Свята сімвалізуе канец непагодлівай зімы і прыход доўгачаканай вясны. Спрадвеку Масленіцу святкавалі ярка: спальвалі традыцыйнае пудзіла, каталіся на санках, гулялі ў разнастайныя гульні і, вядома ж, пяклі апетытныя бліны, якія з’яўляюцца знакам сонца.
Зладзіць Масленіцу ў БДУ і зрабіць гэтае свята традыцыяй вырашыла пярвічная прафсаюзная арганізацыя студэнтаў. Ініцыятары Масленіцы не сталі адыходзіць ад народных звычаяў і правялі гэта сонечнае свята па ўсіх правілах. Гонар «разрэзаць чырвоную стужку» дастаўся прарэктару па вучэбна-выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Уладзіміру Сувораву. Са святочнай прамовай выступіла і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў Вольга Локцева.
На ўваходзе студэнтаў, выкладчыкаў і гасцей БДУ сустракалі вясёлыя скамарохі, розныя казачныя персанажы, наймілейшыя роставыя лялькі.
Святочную атмасферу дапаўнялі народныя прыпеўкі, задзірыстыя мелодыі баяністаў і ўсмешкі ўдзельнікаў.
Ярчэй за ўсіх усміхаліся тыя, каму ўдалося займець запаветнага пеўнічка на палачцы або пару абаранкаў. Значную частку забаўляльнай праграмы складалі выступленні этна-фолк-калектыву Guda, фальклорныя песні, розныя конкурсы, вясёлыя танцы і дружныя карагоды. Кожны ахвотнік змог паспрабаваць сябе ў змаганнях у армрэстлінгу, дартсе, а таксама ў гонках на мётлах і кіданні кольцаў.
Найбольшую ўвагу гасцей свята прыцягнулі намёты з гарачымі залацістымі блінамі. Чарга, вядома, была немаленькая, але ўсе засталіся задаволеныя і, што самае галоўнае, пад’еўшы. Акрамя таго, шмат хто паспеў зрабіць памятныя фота з багінямі вясны і зімы, а таксама з упадабанымі персанажамі Масленіцы.
Уваход на мерапрыемства быў вольны, адзінай умовай з’яўлялася наяўнасць выдатнага настрою. У студэнцкім прафкаме лічаць, што пачынаць трэба з малога, таму Масленіца БДУ – гэта толькі пачатковы этап сярод цікавых, пазнавальных і масавых мерапрыемстваў.
А мы Масленіцу сустракалі,
Сырам гару набівалі,
Маслам гару налівалі,
На шырокі двор гукалі
Ды блінамі частавалі.
(Песні на гуляннях з вёскі Мадора Рагачоўскага раёна)
Падрыхтавала Лізавета МАКАРАНКА
Фота 1, 3, 4, 5, 6 Ганны Занковiч
Яшчэ больш фота тут