Многія супрацоўнікі нашага ўніверсітэта карыстаюцца магчымасцю правесці апошнія выхадныя студзеня не за хатнімі клопатамі ці звычайнымі пакупкамі, а ў спартыўным суперніцтве са сваімі калегамі ва ўтульнай атмасферы «Брыганціны». Да таго гэтым разам удзельнікаў спартакіяды «Здароўе» сярод адміністратыўна-кіраўніцкага складу чакаў яшчэ і прыемны бонус у якасці цудоўнага канцэрта, пра які патурбаваліся службоўцы САК.
А пачалося ўсё, як звычайна, з ад’езду ўдзельнікаў спартакіяды ўвечары пятніцы 30 студзеня ад галоўнага корпуса БДУ двума камфартабельнымі аўтобусамі. Надвор’е тады яшчэ спрыяла прыўзнятаму настрою. Усім невыпадковым пасажырам было прыемна адчуць сябе непасрэднымі ўдзельнікамі ўніверсітэцкіх спаборніцтваў і паспытаць сапраўдны спартыўны азарт. Нагадаў усім, для чаго яны тут сабраліся і капітан зборнай факультэтаў Сяргей Ходзін, які звярнуўся да калег з «фізкультпрывітаннем».
…Прыехалі, размясціліся, расклалі рэчы ды на вячэру. Работнікі сталовай «Брыганціны», як заўсёды, знайшлі чым пачаставаць жаданых гасцей. Пасля сябры бавілі час на марозным паветры, у вясёлых кампаніях ды на дыскатэцы. Пэўны час было шумна і гаманліва, але апоўначы ўсе пайшлі адпачываць, бо трэба было выконваць спартыўны рэжым. А на наступны дзень абрынулася страшэнная слота, якая вымусіла ўнесці змены ў праграму мерапрыемства. На ўрачыстым адкрыцці рэктар паведаміў, што лыжныя гонкі суддзямі адмененыя. Гэта, канешне, не магло парадаваць аматараў зімовых забаў, але астатнія віды давалі магчымасць праявіць сябе.
Па словах галоўнага суддзі Васіля Юшко, да спаборніцтваў спрычыніліся 4 каманды-заўсёднікі спартакіяды. Сфарміраваныя зборныя ВНУ выступілі ў 5 відах спорту: більярд, валейбол, настольны тэніс, плаванне і шахматы.
У выніку, у більярдзе найлепшай апынулася каманда «ГУН, НДІ і прадпрыемствы», перш за ўсё дзякуючы майстэрскай гульні Сяргея Чайкуна, дырэктара «Шчомысліцы». Добры ўзровень паказалі і прадстаўнікі каманды рэктарата Уладзімір Панарадаў і Аляксей Данільчанка. У шахматах па-за канкурэнцыяй аказалася каманда факультэтаў, якую вялі кандыдат у майстры спорту Аляксей Забайловіч і намеснік дэкана мехмата Валерый Курсаў. У плаванні перамога дасталася таксама зборнай факультэтаў дзякуючы свайму лідару ў гэтым відзе – 68-гадоваму «непатапляльнаму» Анатолю Лягчыліну. Сярод жанчын асабліва адзначылася Святлана Наганава з каманды № 4. У настольным тэнісе ўпэўненую перамогу атрымаў сплаў маладосці і вопыту з каманды факультэтаў – «віват!» Івану Роўду і Дзмітрыю Ушакову, якія пераўзышлі моцную каманду рэктарата, за якую гуляў сам рэктар.
Ну і нарэшце самы масавы від – валейбол. Тут разгарнулася ўпартая барацьба, дзе тры каманды здолелі атрымаць па пяць ачкоў. Па розніцы партый заслужаная перамога дасталася камандзе № 4 «Цэнтры, філіялы, агульнаўніверсітэцкія кафедры, навучальныя ўстановы комплексу БДУ, іншыя структурныя падраздзяленні і арганізацыі» (капітан – Руслан Папок).
Пасля такога насычанага дня людзям быў патрэбны добры адпачынак. І адміністрацыя «Брыганціны» падрыхтавала для сваіх гасцей сапраўдны сюрпрыз. Па запрашэнні начальніка САК Уладзіміра Палякова перад універсітэцкай супольнасцю выступіў вакальны калектыў, лаўрэат міжнародных фестываляў, суперталенавіты сямейны ансамбль «Прасніца» ў складзе баяніста-віртуоза Івана Зяленіна, яго жонкі Валянціны і дзвюх дачок-прыгажунь. Жаночае трыа праспявала беларускія і рускія народныя песні ў эстраднай апрацоўцы, а малодшая Ірына прадэманстравала запальвальны ўсходні танец і касцюміраваную «пляску матылька».
Гледачы былі вельмі ўражаны дынамічным відовішчам, горача пляскалі ў ладкі, падтанцоўвалі і напрыканцы нават высыпалі на сцэну, каб быць бліжэй да ўпадабаных артыстаў. Старшыня прафкама БДУ Ігар Вярэнчыкаў ад імя супрацоўнікаў паабяцаў сустрэцца з імі яшчэ не раз.
Агульную ж перамогу ў спартакіядзе «Здароўе», як няцяжка здагадацца, здабыла каманда «Факультэты, Інстытут журналістыкі». Другое месца заняла каманда «Рэктарат, галоўныя ўпраўленні, упраўленні». Трэцяе месца дасталася аматарам спартыўных актыўных змаганняў – зборнай супрацоўнікаў цэнтраў, філіялаў, агульнаўніверсітэцкіх кафедраў і інш.
Узнагароджанне каманд і індывідуальных пераможцаў адбылося ў нядзелю 1 лютага. Дарэчы, дадзеная спартакіяда пачала ладзіцца па ініцыятыве рэктара БДУ Сяргея Абламейкі і прайшла ўжо ў пяты раз. Гэтым разам у ёй удзельнічала амаль 200 чалавек. Арганізатарамі спартакіяды выступілі пярвічная прафсаюзная арганізацыя супрацоўнікаў БДУ разам з кафедрай фізічнага выхавання і спорту з мэтай папулярызацыі здаровага ладу жыцця, далучэння супрацоўнікаў да фізічнай культуры, спорту і забеспячэння рухомага адпачынку.
Сяргей ШАФАЛОВІЧ
Фота Аляксандра СНАПКА