Пакуль за акном пануе яшчэ зімовае надвор’е, надвор’е ва ўнутраным свеце БДУ становіцца цяплейшым і ўтульнейшым, а сям’я студэнцкага гарадка і інтэрнатаў павялічваецца. Зараз у больш як 1100 студэнтаў БДУ ёсць новы дом, новае месца, дзе можна сагрэцца халоднымі яшчэ зімовымі вечарамі.
Да пачатку новага семестра студэнты БДУ атрымалі падарунак – адкрыццё новага інтэрната. 12 студзеня пасля капітальнага рамонту свае дзверы для студэнтаў адчыніла доўгачаканая “тройка”. Але нічога ўсярэдзіне і знадворку будынка не нагадвае пра тое, што самому інтэрнату ўжо 40 гадоў. 13 паверхаў, 24 кухні, 2 ліфты, новая мэбля і тэхніка, утульнае хатняе абсталыванне – усё гэта і не толькі зроблена для большага камфорту студэнтаў вядучага ўніверсітэта краіны.
Гэтай зімой у інтэрнат будуць заселены студэнты розных факультэтаў: біялагічнага, механіка-матэматычнага, гістарычнага, юрыдычнага, факультэта журналістыкі і іншых. Мабыць, гэта ўжо стала своеасаблівай традыцыяй – “замкаддзе” аб’ядноўвае ўвесь універсітэт. Ужо падчас сесіі ў інтэрнат № 3 пачалі засяляцца першыя жыхары: невялікая чарга, пара папер, рэгістрацыя – і ты жыхар “тройкі”. Вядома, самае поўнае засяленне інтэрната адбудзецца напачатку новага навучальнага семестра. А мы пагаварылі з тымі, хто ўжо засяліўся і абжывае свае новыя пакоі.
Трубяцкі Павел: “Мне падабаецца маё новае месца жыхарства. Вядома, складана меркаваць, як тут будзе, калі заселіцца ўвесь паверх, але пакуль нас тут ужо трое, поўны камплект для пакоя, чакаем суседзяў па блоку. Досыць асабістай прасторы, добры выгляд на горад, цешыць, што засялілі разам са сваім факультэтам. Ёсць яшчэ пара нявырашаных пытанняў, напрыклад, пра інтэрнэт і паліцы для кніг, але тут усё залежыць ад нашай ініцыятывы”.
Яўген Будрык: “Я вучуся на трэцім курсе і ўпершыню засяліўся ў інтэрнат, вельмі задаволены. У многіх можа ўзнікнуць здзіўленне ў стылі “ну вас жа там шмат, як у санаторыі і г. д.”, на такія заўвагі мне ёсць што адказаць. Да таго, як заехаць у “тройку”, я жыў на здымнай кватэры, а ўмовы там былі далёка не пяцізоркавыя, ды і жыў я таксама не адзін. Паспрабаваў заехаць самым першым у пакой, каб абраць самае лепшае месцейка. Ужо троху папрацаваў на карысць інтэрната. Галоўнае, што я паспеў зразумець: інтэрнат – гэта зносіны. Тут ёсць дзве агульныя кухні на паверх, так што з часам усе пазнаёмімся. А ў суседнім інтэрнаце ёсць сталовая, гэта, напэўна, для тых, хто не хоча знаёміцца на кухні. А яшчэ я чуў, што нам абяцалі ў хуткім часе адкрыць трэнажорную залу, чакаем”.
Інтэрнат № 3, як і іншыя інтэрнаты БДУ, са сваім статутам, правіламі і асаблівасцямі. У холе ля ўваходу стаяць мяккія канапы, вісіць стэнд з інфармацыяй пра студэнцкі гарадок БДУ і агульныя палажэнні. Упершыню засяляючыся ў інтэрнат, як дзіця, цешышся кожнай дробязі. Ты атрымліваеш ключы ад пакоя, а яшчэ падушку, коўдру і шматлікае іншае. Асабліва ўразіў жыхароў інтэрната кілімок ля ўваходных дзвярэй – самая нечаканая з атрыманых у камплекце рэчаў.
Інтэрнат не новы, ён атрымаў “другое нараджэнне”. У першы тыдзень “тройка” працавала ў спецыяльным рэжыме: першыя жыхары тэставалі ўсё што маглі. Кухні, душы, вокны, дзверы, пліты, навучальныя пакоі, разеткі – усё праверана і ацэнена.
Утульныя пакоі, еўравокны з шырокімі падваконнікамі, батарэі з самастойным выбарам цеплавога рэжыму, пакоі самападрыхтоўкі на кожным паверсе… толькі пражыўшы пару дзён у гэтай атмасферы, пачынаеш разумець, як гэта выдатна. А пагутарыўшы з тымі, хто жыў тут да гэтага, усведамляеш, якая вялікая праца была прароблена.
Хуткім часам жыхароў інтэрната № 3 чакае яшчэ некалькі прыемных неспадзевак, сярод якіх адкрыццё трэнажорных, тэнісных і фітнэс-залаў, а таксама з’яўленне мікрахвалевых печаў на кухнях.
Вось так жывуць студэнты ў тройцы, абжываюцца і чакаюць усіх цікаўных у госці, на чай.
Вольга ШАНЧУК, Грамадская інфармацыйная служба
На фота 3: Злева інтэрнат № 3
На фота 4: Знакаміты Дубовы гай. Выгляд зверху. Фота http://www.bio.bsu.by/news/