БДУ зноў наперадзе! Наша ВНУ на працягу паўгода паднялася на 61 прыступку

3 Mar, 2015.

гл.корпусБГУверх-967x1024

Па выніках сусветнага вэбаметрычнага рэйтынгу ўніверсітэтаў Webometrics Ranking of World Universities БДУ заняў 612 месца! Такім чынам, наша ВНУ на працягу паўгода паднялася на 61 прыступку.  

Адзначым, што сярод краін СНД БДУ саступіў толькі найстарэйшым ВНУ: Маскоўскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя М. В. Ламаносава і Санкт-Пецярбургскаму дзяржаў­наму ўніверсітэту.
Прарэктар па вучэбнай рабоце БДУ Аляксей Толсцік адзначыў: «Наша ВНУ ўвесь час удзельнічае ў сусветных рэйтынгах, якія адлю­строў­ваюць прадстаўленасць уні­версітэта ў сусветнай навукова-адукацыйнай прасторы. У снежні 2013 г. па версіі расійскага агенцтва «Інтэрфакс» Белдзярж­уні­вер­сітэт заняў другое месца пасля МДУ ў рэйтынгу ВНУ краін СНД, Грузіі і Балтыі. У 2014 г. вядомае брытанскае агенцтва QS (QS World University Rankings) уключыла БДУ ў лік 500 найлепшых уні­версітэтаў свету. У снежні 2014 г. былі апублі­каваны вынікі новага рэйтынгу найлепшых універсітэтаў краін у стадыі развіцця Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Сярод 368 уні­версітэтаў з 30 краін Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт увайшоў у топ-50 найлепшых ВНУ гэтага рэ­гіёна, заняўшы 38 месца.
І вось цяпер новы поспех у рэйтынгу Webometrics. Безумоўна, нам прыемна ўсве­дамляць, што мы чарговы раз трапляем у 2 % найлепшых універ­сітэтаў свету. Як вядома, аргані­затары Webometrics Ranking of World Universities пра­аналізавалі 22000 вышэйшых на­вучальных устаноў (усяго ў свеце звыш 30000 ВНУ – заўв. рэд.). Атрыманыя вынікі на працягу адзінаццаці гадоў апрацоўвае іс­панская даследчая лабараторыя Laboratorio de Internet.  Дадзеныя абнаўляюцца два разы ў год: у студзені і ліпені. Вышэйшыя навучальныя ўстановы ранжыруюцца па чатырох паказчыках, якія характарызуюць узровень навуковых публікацый і прысутнасць універ­сітэтаў у сусветнай навукова-адукацыйнай інтэрнэт-прасторы: «уплыў» – цытаванасць сайта, «прысутнасць» – памер сайта, «адкрытасць» – колькасць файлаў па дадзеных пошукавай сістэмы Google і «якасць» – колькасць публі­кацый супрацоўнікаў універ­сітэта па дадзеных Scopus, што патрапілі ў 10 % найбольш цытаваных у свеце. У прыватнасці, у нас істотна палепшылася бачнасць у інтэрнэце (спасылкі), што тлумачыцца нашай актыўнай пазіцыяй па прасоўванні БДУ ў сетцы. Пры гэтым па параметры «адкрытасць», які характарызуе наяўнасць навучальных і навуковых матэрыялаў на сайце ўніверсітэта, БДУ займае 38 месца ў свеце.
І тут вялікі ўклад нашай фундаментальнай бібліятэкі. Яна адна з першых у Беларусі пачала працу па рэгістрацыі ў сус­ветных базах дадзеных паўна­тэкставых навуковых публікацый, навучальных і метадычных матэ­рыялаў навукоўцаў і выкладчыкаў універсітэта, а таксама часопісаў, якія выдаюцца ў БДУ. Электронная бібліятэка Бел­дзяржуніверсітэта ўвайшла ў першую сотню найлепшых біблі­ятэк свету. Гэта першы ў Беларусі паказчык такога ўзроўню».
Акрамя таго, у студзені міну­лага года БДУ ўзначаліў рэйтынг айчынных устаноў вышэйшай аду­кацыі па выніках прыёмнай кам­паніі 2013 г. У гэтым дасле­даванні Міністэр­ства адукацыі нашай краіны ўдзель­нічала 48 бе­ларускіх ВНУ. Дарэчы, другое месца заняў БНТУ, а трэцяе – БДУІР.
Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ

print

Вам таксама можа спадабацца: