Наш «Крыжачок» скарыў італьянцаў (+відэа)

31 Mar, 2015.

крыжачок

Напярэдадні свайго юбілейнага канцэрта, які адбудзецца ў красавіку, заслужаны ансамбль танца «Крыжачок» БДУ з поспехам гастралюе па замежных краінах. Нядаўна калектыў вярнуўся з аўтаномнага рэгіёна Італіі Сардзініі.

З канцэртамі, якія былі прысвечаны Міжнароднаму жаночаму дню, нашы артысты выступалі ў сталіцы рэгіёна горадзе Кальяры. Яны з задавальненнем успамі­на­юць, як іх цёпла сустракаў у гэтай сонечнай краіне сам ганаровы консул Рэспублікі Беларусь на Сардзініі Джузэпэ Карбоні. Ён клапаціўся пра арганізацыю кан­цэртаў «Крыжачка», рэкламаваў іх гастролі ў прэсе, сачыў за рас­паўсюджваннем запрашэнняў і інш. У першы ж дзень для бела­рускіх гасцей была прыгатавана святочная вячэра, на якой сеньёр Карбоні пазнаёміў танцораў са сваёй сям’ёй.
Першы канцэрт «Крыжачок» даў 7 сакавіка ў маленькім гарадку Мандас. Другі адбыўся ў зале прэстыжнага тэатра «Масіма» ўжо ў сталіцы Сардзініі горадзе Кальяры. У пачатку канцэрта з прыві­тальным словам выступілі ганаровыя асобы. Сярод іх – прадстаўнікі дыпламатычных місій, а таксама прадстаўнікі каталіцкай і права­слаўнай цэркваў.
Прадстаўлялі «Крыжачок» на Сар­дзініі дзве пары тан­цораў, салісты Аляксандр Глазко, Марыя Брыгадная, Віталь Ціцянкоў, Вераніка Ка­лаўр, а таксама музыканты Андрэй Дзяргай і Таццяна Машанская.
Вераніка Калаўр распавядае, што была прыемна ўражана, калі ўбачыла, што зала тэатра «Масіма» была запоўнена цалкам: многім не хапіла нават месца, і яны былі згодны назіраць за выступленнем стоячы. У рэпертуары беларускіх артыстаў былі не толькі нацыя­нальныя, але і казацкі, цыганскі, яўрэйскі і іншыя танцы.

крыжачокМенавіта гэта і майстэрства танцораў прыцягнула ўвагу гледачоў тэатра. Чатыры танцоры «Крыжачка» змаглі больш за гадзіну пратрымаць сваіх прыхільнікаў у напружанні. Калі ў канцы канцэрта артысты выйшлі ў залу, каб падараваць жанчынам на свята мімозы, то ўбачылі, што шмат італьянцаў ім усміхаюцца і штораз гучна выклікаюць на біс.
Вераніка гаворыць, што сваім поспехам на Сардзініі танцоры «Крыжачка» сёння ўдзячны мас­тацкаму кіраўніку Ігару Муза­леўскаму. Для таго, каб патрапіць у склад салістак «Крыжачка», ёй прыйшлося на працягу чатырох гадоў некалькі разоў на тыдзень наведвацца пасля заняткаў на рэпетыцыі.
У «Крыжачок» яна прыйшла пасля таго, як паступіла на гума­нітарны факультэт БДУ. За плячыма ў Веранікі на той час ужо было харэаграфічнае вучылішча ў Пін­ску. І танцавальны калектыў яна выбрала невыпадкова. Вераніка Калаўр гаворыць, што яна і да паступлення ў БДУ чула, што танцавальны ансамбль «Крыжачок» вельмі паважаны ў нашай краіне. Аднак, апынуўшыся ў ім, яна зразумела, што гэта не проста калектыў, а адзіны арганізм, у танцораў якога агульныя інтарэсы, тут кожны гатовы дапамагчы ін­шаму ў цяжкую хвіліну. Хоць Вераніка ў мінулым годзе ўжо скончыла БДУ, танцам у калектыве «Крыжачок» яна працягвае аддавацца ўсёй душой.
Танцавальны ансамбль «Крыжачок» пабываў у Германіі, Партугаліі, Літве, Латвіі, Іспаніі і іншых краінах. І ў кожнай яго сустракалі цёпла. Але паездка на Сардзінію танцорам падалася асаблівай. Пасля яе яны займелі шмат італьянскіх сяброў, якія цэняць іх майстэрства.
Ганна ЛАГУН

Акрамя таго, у БДУ дзейнічаюць:
«НЕРУШ» – заслужаны аматарскі калектыў РБ, фальклорна-этнагра­фічны ансамбль
НАРОДНЫ АРКЕСТР НАРОДНЫХ ІНСТРУМЕНТАЎ
НАРОДНАЯ ХАРАВАЯ КАПЭЛА
«НА БАЛКОНЕ» – народны сту­дэн­цкі драматычны тэатр
«НА ФІЛФАКУ» – народны студэнцкі музычны тэатр
«РОДНІЦА» – народны хор народнай песні выкладчыкаў і супрацоўнікаў
«ТУТЭЙШАЯ ШЛЯХТА» – народны фальклорны ансамбль
ВАКАЛЬНАЯ СТУДЫЯ БДУ, таксама мужчынскі вакальны гурт «Галант», дзіцячы ансамбль танца «Літарынка», Клуб інтэлектуальных гульняў, Клуб вясёлых і знаходлівых БДУ, студыя эстраднай песні і г. д.
Дадатковую інфармацыю пра мерапрыемствы і калектывы ўпраў­лення па справах культуры БДУ можна знайсці па адрасе http://vk.com/cultura_bgu.
крыжачок

І відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: