“Містар International БДУ”, цi як прайшла Misterыя на журфаку (+ чароўная музыка)

28 Mar, 2015.

Містар International БДУ 19 сакавіка ў актавай зале Інстытута журналістыкі пачаўся, дасягнуў свайго апафеозу і паспяхова завяршыўся конкурс “Містар International БДУ”. Само па сабе мерапрыемства можна ахарактарызаваць як неверагодна стыльны фармат міжнацыянальных і міжкультурных зносін. У зале было даволі шмат нашых усходніх і паўднёвых сяброў. І яны зусім не адрозніваюцца ад нас. Так жа апантана пляскаюць у ладкі, падтрымліваюць канкурсантаў, фатаграфуюцца з дапамогай, даруй божа, палкі для сэлфі. Дык што сабрала тут нас усіх? Конкурс, вядома! Такім чынам, па парадку. Пасля прадстаўлення нам удзельнікаў, сяброў журы і яшчэ нейкіх людзей, нашы ашамляльныя дзяўчаты-вядучыя Оля Шыбека і Лера Казлова, крыху адцяніўшы Алега Шчуцкага, які “неверагодна хораша прамаўляў назву конкурсу”, правялі караткія інтэрв’ю з удзельнікамі, чамусьці назваўшы гэта віктарынай. Пытанні былі не складанымі, аднак многія ўдзельнікі спрабавалі, у меру валодання рускай мовай, звесці гаворку да прыгажосці беларускіх дзяўчат. Цалкам іх падтрымліваю. Дзяўчаты ў нас – што трэба. Увесь конкурс наша вока і слых цешылі і выступы самадзейнасці. Некаторыя нумары злёгку прыгняталі дэцыбеламі, некаторыя дзівілі пластыкай і вакальным майстэрствам. Некаторыя выклікалі пытанні. Напрыклад, сяму-таму з гледачоў было не ясна, адкуль у БДУ дзіцячы танцавальны ансамбль. Апынулася, што пры БДУ існуе калектыў “Літарынка”, у якім займаюцца дзеці супрацоўнікаў і выкладчыкаў. Такім чынам, пакровы сарваны, пераходзім да самага цікавага. А менавіта – да творчых нумароў. Пачын паклаў будучы “Містар Стыль” – Ян Цзячэн (КНР). Пачалася песня не зусім у ноты. Але потым хлопец сабраўся, выраўняўся і проста агаломшыў залу магутным вакалам. Да таго трэба дадаць, што хлопец вялікай камплекцыяй і хвацкім запалам пахіснуў стэрэатыпы пра азіятаў, у каго яны, вядома, былі. Наступным нумарам выйшаў дашчэнту пазітыўны нігерыец Істыфанус Ішаку Іджай. З самага пачатку конкурсу было ясна, што “Містар Усмешка” – гэта ён, і толькі ён. бгу мистер улыбка Істыфанус з сябрамі паказаў нам, як трэба адрывацца пад музыку. Кожны з чатырох танцораў рашуча таптаў нашы закаснелыя шаблоны, якія запэўнівалі, што пад музыку трэба рухацца ў такт, сінхронна ці штосьці падобнае. Наступным быў добразычлівы кітайскі хлопец Цянь Іцюнь, які прадставіўся нам як Юра. Напэўна, яму такім прыёмам удаецца сысці за свайго ў любой кампаніі. Юра выйшаў на сцэну і стаў выконваць лірычную песню на рускай мове. А потым раздумаў і даспяваў на англійскай. А не, ізноў раздумаў… Але спяваў, трэба сказаць, годна. Наступны нумар прадстаўлены будучым пераможцам конкурсу, Бекзатам Дастанавым (Казахстан). Загадкава выскачыў ён на сцэну ў суправаджэнні яшчэ больш загадкавага напарніка ў каптуры, ён загадкавым чынам прымусіў пульсаваць ад захаплення ўсю залу, здзейсніўшы сапраўдны прарыў у сферы клубнага танца. Мухамад Шарыпаў з Таджыкістана, мініяцюрны, але нясхільны, будучы “Містар Мужнасць”, выканаў пад гітару сумную лірычную песню, прысвяціўшы яе маме. І дзяўчатам у зале, вядома. А вось група падтрымкі паводзіла сябе не так лірычна, зрываючыся з месца, носячыся па зале і падтрымліваючы выканаўца дружным гудам. Скончыўся выступ абсалютна нечакана. На сцэну выскачыла дзяўчына і ў гарачым парыве танга літаральна звалакла Мухамада за кулісы. Поспехаў, сябар. Чартыеў Мердан (Туркменістан), які атрымаў прыз глядацкіх сімпатый, у сваім нумары як бы адступіў на другі план, акампануючы на сінтэзатары дзяўчыне, якая выконвала папулярныя кампазіцыі. На жаль, апаратура падводзіла. Але пара не здавалася і праспявала-сыграла нам усё, што планавала. Хоць за гэты конкурс прыз, зразумела, варта было б аддаць дзяўчыне. Нумар Нізара Харфуша (Сірыя), у будучыні “Містара Рамантычнасць”, стартаваў з пантамімы, падчас якой Нізар і яго каманда высвятлялі, што менавіта яны хочуць нам выканаць. Спыніліся на жаночым вакале пад дзве гітары. І зноў канкурсант усклаў асноўную нагрузку на далікатныя дзявоцкія плечы. Каму прызы-та даваць, а, хлопцы? бгу Містар International БДУ І завяршыў конкурс Тахірджон Аліеў з Таджыкістана. Хлопец, відавочна натхнёны сценамі, у якіх праходзіў конкурс, пранікліва прачытаў верш А. С. Пушкіна “Прызнанне”, шматзначна паглядаючы на кагосьці ў зале. Класік прынёс Тахірджону тытул “Віцэ-містар”. Конкурс завяршыўся, журы абвясціла вынікі, і дружны натоўп розных па колеры скуры, але абсалютна аднолькава гарачых і мэтанакіраваных студэнтаў пацёк на вуліцу. Не было тых, хто перамог і хто прайграў. Кожны з удзельнікаў атрымаў сваю долю славы, прызнання і нясмелых дзявоцкіх поглядаў. Мікалай ІЗАІТКА

бгу Містар International БДУ

Фота тут

+ камплiмент ад жаночай паловы рэдакцыi : AIR. Sexy Boy 

print

Вам таксама можа спадабацца: