Летась ва ўніверсітэце было зладжана свята сямейных дынастый «Лёсам злучаныя з БДУ». Пачынальнікі адной з найбольш прыкметных дынастый Уладзімір і Людміла Навумовічы адсвяткавалі нядаўна залатое вяселле.
Усе 50 гадоў сумеснага жыцця яны разам прапрацавалі ў альма-матар, выхавалі дзяцей і гадуюць унукаў.
Уладзімір і Людміла зноў, як у 20 гадоў, прызнаюцца адзін аднаму ў каханні і абменьваюцца залатымі пярсцёнкамі ў ЗАГСе. Гэта пра іх можна сказаць, як пра зорак, што ў свае сталыя гады яны яшчэ лепшыя, чым у юнацтве: папрыгажэўшыя і памудрэўшыя, са сваім асноўным багаццем – гадамі, пражытымі разам «у горы і радасці». Дарэчы, пра зорак – не перабольшванне. Навумовічы ў БДУ навідавоку.
ЯНА НЕ СКАЗАЛА ЯМУ «НЕ»
Пачынаючы са студэнцкіх часоў абодва былі ў віры грамадскага жыцця, дасягнулі многага і займелі шмат сяброў. Уладзімір Аляксандравіч – дацэнт, кандыдат філалагічных навук, эксперт гісторыі беларускай літаратуры, а Людміла Арсеньеўна – былы вядучы інжынер і кіраўнік аддзела патэнтава-вынаходніцкай працы НДЧ, а сёння салістка хору супрацоўнікаў БДУ «Родніца». Усё жыццё яны былі звязаны творчасцю.
Вось і на днях з друку выйшла новая кніжка Уладзіміра Аляксандравіча пра іх каханне і жыццё з Людмілай Арсеньеўнай пад назвай «НЕТ», и как его сказать». У ёй жыццё галоўнага героя руйнавалася разам з савецкімі каштоўнасцямі, аднак душа гарэла ад таго, што яна не сказала яму «не». Уладзімір Навумовіч называе толькі што надрукаваную кніжку «сваім «Ціхім Донам». Яму, як і галоўнаму герою гэтага рамана, калісьці прыходзілася адстойваць сваё пачуццё і нават змагацца за каханую.
З таго часу, як ён першы раз убачыў Людмілу Арсеньеўну, прайшло шмат гадоў. Аднак Уладзімір Аляксандравіч прызнаецца, што нават сёння гатовы зрабіць усё, каб заслужыць увагу і позірк сваёй жонкі. Ён гатовы і цяпер ёй дагаджаць, угадваць усе яе жаданні, імкнуцца, каб яна як мага лепш выглядала. «Бо і сама жанчына гэтага вартая», – гаворыць Уладзімір Аляксандравіч.
Людміла Арсеньеўна дагэтуль беражэ паштоўку, у якой Уладзімір Аляксандравіч віншуе яе з шаснаццацігоддзем. Колькі сябе памятае, з юнацкіх гадоў была на сцэне, спявала. Яе голас адразу заваражыў новага вучня, які перайшоў у іх школу з сямігодкі. З таго часу яны на сцэне былі заўсёды разам: яна спявала, а ён чытаў вершы. Іх вёскі знаходзіліся недалёка ад гістарычнага Міра. І «маладыя артысты» ў складзе школьнай групы часта ездзілі туды выступаць.
Па сутнасці сёння нічога не змянілася. Уладзімір Аляксандравіч – першы госць на канцэртах хору «Родніца», дзе саліруе яго жонка. А яна – першы чытач яго кніг. Людміла Арсеньеўна нават дала назву адной з аповесцяў Уладзіміра Аляксандравіча «Такое бывае аднойчы». Яна напісана пра іх каханне і выйшла асобнай кніжкай.
«Я заўсёды ведаю, над чым працуе мой муж, якія творчыя задумы выношвае, – дзеліцца Людміла Арсеньеўна. – У першыя гады нашага знаёмства ён падараваў мне шмат паэтычных зборнікаў. Яны і цяпер стаяць у шафе».
Тое, як Уладзімір Аляксандравіч чытае на публіцы вершы, ведаюць усе ўдзельнікі паэтычных вечароў у БДУ. Беларускае слова льецца ў яго з душы. Нават яго галасавыя звязкі, здаецца, настроены на мілагучнасць, поўнагалоссе, шырыню і непаўторнасць роднай мовы. «Напэўна, ніхто не ведае да канца літаратуру свайго народа, – лічыць Уладзімір Навумовіч. – Яна – аснова нацыянальнага побыту, культуры, нацыянальнай самасвядомасці». Калі з друку выйшаў яго вучэбны дапаможнік для сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў «Беларуская літаратура» і паўстала задача выпусціць да яго дыск, Уладзімір Аляксандравіч вырашыў, хто, як не ён, прачытае прозу і паэзію да яго. Каля пяці гадзін без перадыху ён начытваў тэкст у запісвальнай студыі выдавецтва «Вышэйшая школа». Сёння кожны студэнт можа пачуць паэтычны голас Уладзіміра Навумовіча на лекцыі. Уладзімір Аляксандравіч – цудоўны лектар. Ён заходзіць у шумную аўдыторыю, якая занятая сваімі справамі, а выходзіць пад апладысменты студэнтаў.
ЯНЫ РАЗУМЕЛІ АДЗІН АДНАГО
Уладзімір Навумовіч расказвае, што голас Людмілы Арсеньеўны адразу зачараваў яго.
Ён і зараз ведае, як толькі Людміла Арсеньеўна заспявала, усе паклоннікі каля яе ног. «Я заўсёды зайздросціў людзям, якія маюць такі талент, – распавядае Уладзімір Аляксандравіч. – І, калі мая жонка праяўляе сціпласць і кажа, што яна застольная спявачка, я не згаджаюся». Людміла Арсеньеўна сапраўды ніколі не думала, што яе голас такі ўжо незвычайны, хоць і не прамінала выпадку, каб паспяваць. Калі Уладзімір Аляксандравіч стаў настойваць, каб яна скончыла кансерваторыю, то не пайшла, цяпер нават і не памятае дакладна, з якой прычыны. Зараз у яе жыцці, калі выраслі дзеці і стала паболей часу, засталіся толькі спевы. Некалькі разоў на тыдзень яна наведваецца на рэпетыцыі хору супрацоўнікаў БДУ «Родніца».
Раней, пасля заканчэння хімічнага факультэта БДУ, працавала ў Інстытуце фізіка-арганічнай хіміі АН Беларусі. Затым – на мінскім заводзе «Калібр». Там, па яе словах, яна зарабляла немалыя на той час грошы, да 400 рублёў, калі многія атрымлівалі па 120. Паколькі вытворчасць была ваенная, то дзяцей у дзіцячы садок заводзіў і забіраў муж, які тады быў аспірантам БДУ. На розныя дзіцячыя мерапрыемствы таксама хадзіў ён. Аднак не варта думаць, што толькі яна прыносіла грошы ў дом, папярэджвае Людміла Арсеньеўна. Уладзімір Аляксандравіч быў ленінскім стыпендыятам. Яна памятае, як ён прывёз ёй з Амерыкі два футры, карычневае і белае, і ёй зайздросцілі многія. «У дэлегацыю ЦК ВЛКСМ ад Беларусі на IV сустрэчу савецкай і амерыканскай моладзі ў Чыкага (ЗША) у 1975 годзе пасля хельсінскіх пагадненняў Уладзімір Навумовіч быў уключаны як малады кандыдат навук, сакратар камітэта камсамола БДУ», – ганарыцца яна.
Людміла Арсеньеўна гаворыць, што яны заўсёды з мужам разумелі адзін аднаго. Калі яму патрэбна было ехаць у камандзіроўку за мяжу, яна ніколі не пярэчыла. Ды і сама часта выпраўлялася на навуковыя канферэнцыі ў Ленінград і Маскву, калі пасля заканчэння Інстытута патэнтазнаўства ў Маскве перайшла працаваць у аддзел патэнтава-вынаходніцкай працы НДЧ БДУ. Яна не пагаджаецца, што праца, звязаная з патэнтамі, сумная ў параўнанні са спевамі. Дзякуючы ёй Людміла Арсеньеўна змагла пазнаёміцца з цікавымі навукоўцамі, даведацца пра важныя навуковыя вынаходствы. Паколькі за ёю быў замацаваны хімічны факультэт, то яна магла іх адсачыць і зразумець. Людміла Навумовіч памятае, як Рэгіна Антонаўна Міхайлава доўга чакала яе, пакуль яна скончыць працу ў аддзеле, каб адвесці ў актавую залу ўніверсітэта на агляд мастацкай самадзейнасці факультэтаў. Дзякуючы яе настойлівасці Людміла Арсеньеўна і патрапіла ў хор. Разам з хорам яна пабывала ў многіх краінах свету: Германіі, Нарвегіі, Турцыі, Італіі, Македоніі, Балгарыі і іншых.
Дзеці да гэтага часу падраслі. Наогул, з імі ніколі не было ніякіх цяжкасцяў. Дзяўчаты былі самастойнымі. Пасля заняткаў у сярэдняй навучальнай школе самі ездзілі ў музычную вучыцца іграць на фартэпіяна. Аднак прафесіі выбралі нечаканыя для бацькоў.
ІХ СУМЕСНАЕ ЖЫЦЦЁ СТАЛА ПРЫКЛАДАМ
Пасля школы старэйшая Наталля паступіла ў медыцынскі ўніверсітэт і стала стаматолагам. А малодшая Таццяна пасля заканчэння юрыдычнага факультэта БДУ каля 20 гадоў працавала ў гарадской калегіі адвакатаў і дапамагала людзям адстойваць свае інтарэсы ў судах. Сёння Таццяна Уладзіміраўна выкладае канстытуцыйнае права і канстытуцыйна-прававую абарону асабістай недатыкальнасці на кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта БДУ.
Цікава, што і Таццяна і Наталля пасля шлюбу не захацелі мяняць прозвішчы і так і засталіся Навумовіч. Болей за тое, у абедзвюх – мужы Валодзі, як і іх бацька. Камусьці гэта можа падацца супадзеннем, аднак Таццяна Навумовіч гаворыць, што для іх з маленства прыкладам у асабістым жыцці заставаліся бацькі. Бацька Уладзімір Аляксандравіч заўсёды клапаціўся пра сваіх дачок, сёння з яго атрымаўся цудоўны дзядуля. Таму імя Валодзя і стала для іх лёсавызначальным.
Хутка сярэбранае вяселле будзе святкаваць са сваім мужам Валодзем старэйшая Наталля. Крыху менш, 21 год, замужам малодшая дачка Навумовічаў Таццяна, якая выкладае на юрыдычным факультэце. Першая выхавала дзве дачкі, другая мае двух сыноў.
Старэйшая ўнучка Навумовічаў Валерыя ў гэтым годзе заканчвае аддзяленне рамана-германскіх моў філалагічнага факультэта. Старэйшы ўнук Максім вучыцца на першым курсе факультэта міжнародных адносін. Яны, як калісьці іх бабуля і дзядуля, выбралі БДУ. А ўнучка Таццяна, якой 13 гадоў, як і Уладзімір Аляксандравіч, зацікавілася літаратурай. Аднак у адрозненне ад яго яна піша вершы. І выдала свой першы паэтычны зборнік «Музыка вясны». У малодшага ўнука Дзяніса праявіліся вакальныя здольнасці. Ён вучыцца ў школе з артыстычным ухілам і спявае, як бабуля.
На вяселлі Уладзіміра Аляксандравіча і Людмілы Арсеньеўны Навумовічаў ужо дарослыя дзеці і ўнукі: дзве дачкі, дзве ўнучкі, два ўнукі. Бацькоўскі прыклад сумеснага жыцця стаў для іх прыцягальным. Уладзімір Аляксандравіч жартуе, што не памятае сябе нежанатым. Людміла Арсеньеўна дае рэцэпт шчаслівага шлюбу: «Варта выходзіць замуж толькі, калі кахаеш. Тады і разводу можна пазбегнуць». Навумовічаў на працягу жыцця каля 50 разоў запрашалі быць сватамі. Уладзімір Аляксандравіч вёў вяселлі, чытаў на іх вершы, жарты, віншаванні. Людміла Арсеньеўна – спявала. Навумовіч ніколі не браў грошай. А толькі прасіў на памяць саматканы ручнік свата як напамін пра тое, што зрабіў добрую справу – стварыў яшчэ адну маладую сям’ю. Сёння ён можа пахваліцца цэлым стосам такіх ручнікоў. Дарэчы, ні адна пара, на вяселлі якой Навумовічы былі сватамі, не развялася.
Ганна ЛАГУН