З 18 па 21 лютага ў Томскім дзяржаўным універсітэце (НДТДУ) прайшоў міжнародны экспертна-аналітычны семінар «Арганізацыя адукацыйнай дзейнасці ў даследчым універсітэце». У якасці экспертаў у працы семінара ўзялі ўдзел супрацоўнікі Цэнтра праблем развіцця адукацыі ГУВНМР БДУ Аляксандр Палоннікаў і Дзмітрый Кароль.
Гэты тэматычны выбар абумоўлены новай арыентацыяй ТДУ, звязанай з набыццём статусу «Нацыянальнага даследчага ўніверсітэта» і напружанымі пошукамі шляхоў свайго развіцця ў зменлівых сацыяльна-эканамічных акалічнасцях.
Даследчы ўніверсітэт – гэта форма інтэграцыі адукацыі і навукі, якая добра сябе зарэкамендавала галоўным чынам у ЗША. Сучасныя амерыканскія даследчыя ўніверсітэты – гэта магутныя навуковыя, адукацыйныя і вытворчыя комплексы, цесна звязаныя з індустрыяй і сістэмамі кіравання. Яны валодаюць асаблівым прававым статусам, уласнымі статутамі і канстытуцыямі, якія даюць ім высокую ступень аўтаноміі. Амерыканскія ўніверсітэты выступаюць суб’ектамі гаспадарання (маюць у сваім распараджэнні зямлю, падатковыя льготы), трывалую сувязь з бізнесам і яго інтарэсамі. Да цяперашняга часу шматлікія даследчыя ўніверсітэты ЗША выступаюць ключавым фактарам развіцця рэгіёнаў пасродкам стварэння пры іх тэхнапаркавых структур.
У Расійскай Федэрацыі ключавую ролю ў станаўленні і развіцці даследчых універсітэтаў іграе дзяржава. Тым, хто прайшоў конкурсны адбор, з федэральнага бюджэту вылучаецца асобнае фінансаванне, прызначанае для набыцця навучальна-лабараторнага і навуковага абсталявання, павышэння кваліфікацыі і прафесійнай перападрыхтоўкі навукова-педагагічных работнікаў, распрацоўкі навучальных праграм, развіцця інфармацыйных рэсурсаў, удасканалення сістэмы кіравання якасцю адукацыі і навуковых даследаванняў.
У 2010 г. ТДУ стаў пераможцам конкурсу на прысваенне катэгорыі «Нацыянальны даследчы ўніверсітэт». У гэтым жа годзе ўніверсітэт атрымаў фінансаванне на рэалізацыю двух комплексных праектаў па стварэнні высокатэхналагічнай вытворчасці і для прыцягнення вядучых навукоўцаў ва ўніверсітэт.
У межах трансфармацыі Томскага дзяржуніверсітэта як навучальнай установы класічнага тыпу ў «Нацыянальны даследчы ўніверсітэт» і быў запланаваны семінар, на які былі запрошаны беларускія эксперты. На семінары прысутнічалі праекціроўшчыкі, аналітыкі, прадстаўнікі навучальнага кіравання, выкладчыкі і супрацоўнікі НДТДУ, прадстаўнікі мясцовай прамысловасці і бізнес-структур. У экспертна-аналітычнай падзеі бралі ўдзел навуковыя групы з універсітэтаў Масквы, Новасібірска, Іркуцка, а таксама ВНУ Казахстана, Вялікабрытаніі і ЗША.
Семінар адкрыўся выступленнем прарэктара па навучальнай працы НДТДУ Віктара Дзёміна, які прадставіў стратэгічную інавацыйную задуму пад назвай «Дарожная карта». У спісе прапанаваных да абмеркавання тэм – арганізацыя партнёрства ўніверсітэта і бізнес-структур у галіне падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў, аптымізацыя ўніверсітэцкага кіравання, стварэнне інавацыйных навукаёмістых вытворчасцяў – цэнтраў перавагі, забеспячэнне якасці адукацыі ва ўніверсітэце з прагматычным акцэнтам на даследчую парадыгму.
У рамках вячэрняй праграмы выступілі П. Джозэфсан (каледж Колбі, г. Вотэрвіль, штат Мэн, ЗША) «Сімбіёз даследавання і выкладання ў амерыканскай вышэйшай адукацыі: ад спадарожніка да нашых дзён»; Г. Дэніэлс (дэпартамент адукацыі, каледж Green Templeton, Оксфардскі ўніверсітэт) «Лідарства для навучання. Стварэнне саманавучальнай адукацыйнай арганізацыі»; А. А. Палоннікаў (Цэнтр праблем развіцця адукацыі БДУ) «Іканічны паварот» у культуры як шанец для ўніверсітэтаў»; Т. М. Кавалёва (Маскоўскі педагагічны дзяржаўны ўніверсітэт) «Індывідуалізацыя адукацыі – магчымы адказ на запыт Чалавека, Рынку працы, Навукі і Дзяржавы да Універсітэта».
Тры дні інтэнсіўнай працы семінара не толькі дазволілі правесці шматпланавую ацэнку праробленай праектнымі групамі НДТДУ працы, але і выявілі «вузкія» месцы, якія ўтварыліся пры рэалізацыі інавацыйных адукацыйных працэсаў.
Удзел супрацоўнікаў БДУ ў экспертызе і аналізе досведу адукацыйнай дзейнасці ў даследчым універсітэце – падзея не толькі сімвалічная, але і прагматычна значная. Перш за ўсё ў ёй можна ўбачыць сведчанне прызнання Томскім універсітэтам БДУ ў якасці аўтарытэтнага партнёра ў даследаванні праблем развіцця ўніверсітэцкай адукацыі. Дамова аб супрацоўніцтве паміж БДУ і НДТДУ пачынае напаўняцца пэўным зместам, прычым у двух аспектах: і як прадмет рэальнага міжуніверсітэцкага і міждзяржаўнага ўзаемадзеяння і як агульная справа практычнага развіцця ўніверсітэцкай адукацыі ва ўсёй складанасці і шматмернасці. Не меншае значэнне мае і набыццё навукоўцамі БДУ досведу рэальнага ўдзелу ў аналізе і практыцы ўніверсітэцкіх трансфармацый, што з’яўляецца базавай умовай яго наступнай адаптацыі да рэалій БДУ. Наш універсітэт, як вядома, таксама не стаіць на месцы, фарміруючы і рэалізуючы рознаўзроўневыя і разнапланавыя праграмы ўніверсітэцкага развіцця. Пачатак каардынацыі практык удасканалення адукацыі ўніверсітэтаў-партнёраў і быў пакладзены на экспертна-аналітычным семінары ў Томску.
А. А. Палоннікаў,
Д. Ю. Кароль