Сэнс любой канферэнцыі – павучыцца адзін у аднаго. Нездарма нямецкі дзеяслоў “erfaren” (пазнаваць) паходзіць ад слова “faren” (ездзіць). Сёлетняя міжнародная канферэнцыя ў Расійскім універсітэце дружбы народаў, з якім БДУ звязваюць сумесныя навуковыя і адукацыйныя праекты, была прымеркавана да 55-гадовага юбілею гэтай унікальнай навучальнай установы і прысвечана праблеме інтэрнацыяналізацыі адукацыі.
Тэма гэта блізкая БДУ і надзвычай важная для РУДН. Пасля таго, як 5 лютага 1960 гады Урад СССР “загадаў” народам сябраваць і заснаваў Універсітэт дружбы народаў, яшчэ нікому ў свеце не атрымалася паўтарыць шматнацыянальны досвед РУДН, у якім сёння вучацца 28 000 студэнтаў больш як 500 нацыянальнасцяў з 152 краін свету. У іх ліку і нашы магістранты, якія навучаюцца па сумесных праграмах Сеткавага ўніверсітэта СНД, заснаванага па ініцыятыве БДУ і РУДН у 2009 годзе.
З-за рознапляменнага складу навучэнцаў і выкладчыкаў і пастаяннага павелічэння бюджэту, у сценах РУДН адчуваецца высокая энергетыка і адначасова стабільнасць. Для студэнтаў са шматлікіх неспакойных краін Афрыкі, Блізкага Усходу, Лацінскай Амерыкі ўніверсітэт застаецца зручным для жыцця і вучобы месцам. РУДН стабільна займае ў Расіі першыя месцы па добраўпарадкаванні і азеляненні студэнцкіх кампусаў, стварэнні ўмоў для развіцця фізічнай культуры і спорту. Вядома, галоўнай крыніцай гэтай энергіі і стабільнасці з’яўляецца бачанне кіраўніцтвам і выкладчыкамі таго, якім будзе іх універсітэт у перспектыве і як гэты вобраз увасабляецца ўжо цяпер пры вельмі дзейснай падтрымцы дзяржавы.
Як і наш БДУ, з кожным годам РУДН змяняецца і становіцца лепшым. Факультэты ўзбуйняюцца. Можна вучыцца па некалькіх напрамках і дадаткова атрымліваць адразу 2–3 дыпломы перакладчыкаў, нават адвучыўшыся на прыродазнаўчых спецыяльнасцях. Гэта дае магчымасць, як казаў К. Ціміразеў, выгадаваць два каласы там, дзе рос адзін. Групы памяншаюцца да 20–25 студэнтаў. Уведзены ўласныя адукацыйныя стандарты. Аўтаномнасць дазваляе праводзіць закупкі па гнуткіх правілах, паскараючы набыццё патрэбных тавараў і паслуг. Але галоўным з’яўляецца тое, што пры ўсіх структурных зменах і мадэрнізацыях РУДН атрымліваецца захоўваць свой твар, сваю місію, якая звязана з дыялогам цывілізацый і культур пры адначасовым павышэнні ўзроўню навучання студэнтаў.
Сёння асноўныя патрабаванні да выпускнікоў дыктуюць ужо не адукацыйныя ўстановы, а працадаўцы і сучаснае грамадства, таму і акцэнт у навучанні пераносіцца з таго, што “трэба вывучыць”, на фарміраванне ў студэнтаў умення вучыцца. Зыходзячы з гэтага, у РУДН прытрымліваюцца наступных пастулатаў: 1. Пераход ад навучання да самаадукацыі. 2. Студэнты – у навуку. 3. Паспяховы не той, хто больш ведае, а хто хутка знаходзіць патрэбную інфармацыю, гэта значыць акцэнт робіцца на skills (уменні).
Вынікам з’явілася не толькі ўваходжанне РУДН у апошняе 10-годдзе ў сусветныя рэйтынгі найлепшых ВНУ ў свеце, але і тое, што па ліку патэнтаў на вынаходствы РУДН займае другое месца ў Расіі сярод усіх навуковых і навучальных устаноў. Бачным пацвярджэннем гэтага з’явіліся, да прыкладу, створаныя пад кіраўніцтвам выпускніка з Іярданіі, суперхуткасны балід і высокаэкалагічны электрабайк, “жыўцом” прадстаўленыя ў холе канферэнц-залы. Сюды ж варта аднесці і завяршэнне ўводу ў дзеянне ва ўніверсітэце рэальнага дубля Цэнтра кіравання касмічнымі палётамі Расіі. У структуры медыцынскай службы функцыянуе суперсучасны Цэнтр усходняй медыцыны, які стварылі і дзе практыкуюць студэнты і выпускнікі з краін Паўднёва-Усходняй Азіі.
Дыялог культур сапраўды з’ява касмічнай сілы. Выступленні шматнацыянальных студэнцкіх калектываў на святочным вечары, які адкрыла Старшыня Савета Федэрацыі Расіі В. І. Матвіенка, якая ўзначальвае Назіральны савет РУДН, і які адбыўся ў Дзяржаўным Крамлёўскім палацы, прымусілі плакаць і смяяцца ўсю велічэзную зала на 6000 гледачоў.
Асабліва пранікліва прагучалі два выступленні, прысвечаныя Беларусі, на аснове твораў А. Пахмутавай і І. Лучанка.
У чым жа загадка паспяховасці РУДН? Думаецца, што ў першую чаргу гэта звязана з узаемным узбагачэннем культур. Любы замежны студэнт разглядаецца галоўным чынам як “акно” ў новы свет. Яшчэ толькі ўсяліўшыся ў інтэрнат, студэнт ужо вымушаны становіцца мультыкультурным, таму што паселяць яго з “іншапляменнымі” народамі. Гэта традыцыя РУДН. Узаемапранікненне і дыялог культур дае дадатковую творчую энергію і фарміруе, па-сутнасці, тую мадэль інтэрната, да якой імкнецца чалавецтва. Бо менавіта праз культуру мы лепш разумеем адзін аднаго, культура дае нам сапраўднае бачанне, дакладныя арыенціры будучыні, дапамагае лепш зразумець шматстайнасць свету і яго гармонію. Жыццё пацвярджае, што эканоміка важная, таму што задавальняе базавыя запатрабаванні, але без развітой культуры цяжка ўсвядоміць вектары яе развіцця і яна дакладна доўга не працягне.
РУДН – гэта мультыкультурны кацёл, які ўвесь час кіпіць, у якім талерантнасць, г. зн. памяркоўнасць, як сцвярджаюць ва ўніверсітэце, гэта толькі самая пачатковая кропка сумеснага пражывання, далей стаіць павага, разуменне і прыняцце субрата па вучобе такім, які ён ёсць, а затым ідзе працэс узаемапранікнення культур, засваенне ўсяго таго, што з’яўляецца карысным: звычаяў і традыцый, унікальнага досведу і ведаў іншых народаў і нацый. У выніку малады чалавек становіцца лепшым, усебакова развітым і памяркоўным, у яго паўней развіваюцца здольнасці вырашаць шматпланавыя і рознабаковыя задачы, што так неабходна ў сучасным складаным і дынамічным свеце.
Множанне ведаў шляхам узаемадзеяння і шматстайнасці культур – галоўная перавага РУДН. Выгадаваныя за шмат гадоў адмысловыя традыцыі з’яўляюцца неабходнай умовай для доўгага жыцця ўніверсітэта. Гэта выявілася ў дні імпрэзы юбілею. У Маскву прыбыло больш за 3000 выпускнікоў з розных краін, многія з сем’ямі. Міністр К. Лаўроў выдаў загад, каб усім далі візы без абмежаванняў. Па традыцыі бясплатна сялілі і кармілі. Многія з былых студэнтаў успаміналі, як у савецкі час іх сустракалі ў аэрапортах з кветкамі, прыводзілі ў маскоўскі ГУМ і бясплатна забяспечвалі цёплай вопраткай. Але больш з любоўю ўспаміналі сваіх выкладчыкаў, дзякавалі за перададзеныя ім уменні і веды, паказвалі фільмы пра тое, чаго ім атрымалася дамагчыся ў жыцці. Мяркуючы па атмасферы, якая панавала на канферэнцыі, можна сказаць, што РУДН, несумненна, з’яўляецца адным з самых паспяховых і даўгавечных праектаў нашай былой агульнай краіны. Праект, у якім зусім малымі сродкамі, выдаткаванымі на пэўную дапамогу, на фарміраванне духу спагады і аказанне дапамогі маладым людзям з розных краін, галоўным чынам небагатых і не ва ўсе часы шчасных, атрымалася сфарміраваць планетарнага маштабу супольнасць, у якой для кожнага выпускніка слова РУДН з’яўляецца незгасальнай шчаслівай зоркай з імем Рудруна, так у гонар сваёй alma mater выпускнікі назвалі адну з зорак Сусвету.
Цяжка сёння пералічыць усе знакі РУДН. Іх шмат. Але, напэўна, галоўны знак – гэта Сяброўства Народаў, гэта выхаванне ў студэнтаў умення зразумець і прыняць іншую культуру, выпрацаванай звычкі вырашаць любыя канфлікты пасродкам дыялогу і ўзаемапавагі. Невыпадкова сярод выпускнікоў РУДН дзясяткі прэзідэнтаў, прэм’ераў, паслоў, выбітных бізнесменаў і дзясяткі тысяч проста выдатных прафесіяналаў. Бо па вялікім рахунку любы ўніверсітэт – гэта ў канчатковым выніку бясконцы і сумесны пошук той мадэлі грамадства, у якім людзям хацелася б жыць.
Сёння карабель РУДН упэўнена рухаецца ў будучыню. Яго капітан і экіпаж выразна бачаць арыенціры, назапашаная пазітыўная інэрцыя вялікая, і гэта дапамагае пераадольваць усялякія перашкоды.
У добры час, РУДН, у добры час усім універсітэтам і ўсёй адукацыі, асвеце і выхаванню.
Прафесар Барыс ПАНЬШЫН