Аспірант гістфака БДУ Аляксандр Петухоў адшукаў могілкі дваран роду Татураў

17 Apr, 2015.

татур бгу истфак

Час не крануў каменнае надмагілле, і яно добра захавалася да нашых дзён: прастакутнае, са счэсанымі кутамі. Лёгка прачытваецца эпітафія: “Тут прах двараніна Якава Вікенцьевіча Татура 77 гадоў ад роду, які сканаў у 1870 г. лютага 19 дня. Вечная яму памяць”. Адзначым, старажытны род Татураў вядомы гісторыкам з канца XVI стагоддзя. Першая згадка гэтага прозвішча адносіцца да 1596 года, калі аршанскі скарбнік і палкоўнік Літоўскіх войскаў Васіль Татур атрымаў ад караля Рэчы паспалітай Жыгімонта III Вазы ў валоданне Бярэзніцкае стараства з сялянамі. Таксама падкрэслім, спадчыннікі Васіля Татура ў розныя эпохі і часы заўсёды актыўна ўдзельнічалі ў жыцці краіны: неслі ваенную і грамадзянскую службу, за што былі ўзнагароджаны землямі. У наш час апублікавана падрабязнае генеалагічнае дрэва, а нашчадак роду Вадзім Юр’евіч Татур стварыў адмысловы сайт, прысвечаны свайму роду http://tatur.su/.

Цяперашняя цікавасць маладых навукоўцаў да імёнаў, якія ўвайшлі ў гісторыю айчыннай навукі і тэхнікі нашай краіны, цалкам апраўдана і носіць далёка не абывацельскі характар. Сувязь часоў і пераемнасць пакаленняў – аснова патрыятычнага выхавання моладзі і падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў, якія не забываюцца на свае карані і традыцыі. Так, тры года таму выйшаў трэці том серыі “Я – сын Ваш: Летапіс беларускай шляхты” Анатоля Васільевіча Сцяцкевіча-Чабаганава. Гэта кніга прысвечана 5 дваранскім родам: Татурам, Некрашэвічам, Сеўрукам, Кернажыцкім і Маствіловічам.

татур бгу истфак Даследаванні ў гэтай серыі прысвечаны гісторыі беларускіх родаў ад найстаражытнейшых часоў да нашых дзён. Акрамя апісання радаводаў, кніга змяшчае факты і займальныя сюжэты з жыцця прадстаўнікоў беларускай шляхты, а таксама копіі гістарычных дакументаў і фатаграфіі. Дзякуючы сведчанням сучаснікаў, экспертаў, а таксама архіўным звесткам, да нас дайшлі факты, што, напрыклад, адзін са спадчыннікаў прозвішча Татур – Генрых-Франц Хрызастамовіч у 19 стагоддзі быў вядомым збіральнікам старажытнасцяў. Па пытанні папаўнення сваіх калекцый з ім раіўся сам кн. Антоній Радзівіл. Ён стварыў у Мінску археалагічна-этнаграфічны музей пры Мінскам губернскім статыстычным камітэце. Нездарма адзін з “бацькоў ” Віленскага беларускага музея, Іван Луцкевіч, лічыў яго сваім настаўнікам. Апроч гэтага ён займаўся археалогіяй, склаў археалагічную карту з апісаннем помнікаў. Таксама збіраў рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, маляўнічыя палотны беларускіх мастакоў. У яго калекцыі была нават “Біблія” “сына купца з Полацку Лукі” Францыска Скарыны, датаваная пачаткам 16 стагоддзя. “На вялікі жаль, амаль усе ўнікальныя зборы Генрых-Франц Хрызастамовіча былі прададзены пасля яго смерці, а шматлікія з іх вывезены за мяжу. Бацька Якава Татура, магіла якога знойдзена ў Светлагорскам раёне, даводзіўся мінскаму археолагу чатырох’юрадным братам. А побач пахавана і яго жонка”, – распавёў пра сваю знаходку аспірант гістарычнага факультэта БДУ Аляксандр Петухоў.

Александр Петухов. татур бгу

Вядома, што прамыя продкі Якава Татура ў XVIII стагоддзі жылі ў мястэчку Бабоўня (цяпер – аднайменная вёска ў Капыльскім раёне, Мінская вобласць). З часам род значна разросся і збяднеў. Далей Татуры аселі на землях беларускіх магнатаў Радзівілаў.

Падкрэслім, аўтар знаходкі актыўна ўдзельнічае ў якасці валанцёра ў археалагічных даследаваннях на тэрыторыі Беларусі з 2008 года. Тэма яго будучай кандыдацкай дысертацыі прысвечана мястэчкам Мінскай губерні ў складзе Расійскай імперыі (разнавіднасць селішча, якая склалася яшчэ ў эпоху Рэчы Паспалітай). Менавіта таму, калі выйшла ў свет юбілейная кніга пра калгас “Прагрэс-Агра” (Светлагорскі раён), яго, выхадца тых месцаў, зацікавіла выпадковая згадка пра магілу двараніна Якава Татура.

Наш карэспандэнт даведаўся некаторыя падрабязнасці.

— Аляксандр, якія яшчэ археалагічныя знаходкі Беларусі можна ўключыць у топ-10?

— Не варта дадзеную знаходку адносіць да ліку звышзначных адкрыццяў. І гэта не лжывая сціпласць. Справа ў тым, што падобныя надмагіллі на старых сельскіх могільніках не з’яўляюцца рэдкасцю і знаходзяцца археолагамі рэгулярна. Напрыклад, толькі ў сваім родным Светлагорскам раёне за апошнюю “пяцігодку” адбылося некалькі падобных “адкрыццяў”. Сярод іх – каменны крыж у в. Чэрнін. Ён уяўляе такую ж каштоўнасць, як і вядомыя Тураўскія крыжы.

Да найбольш значных ці, як цяпер кажуць, знакавых, адкрыццяў, я б аднёс палеалітычныя стаянкі чалавека, якімі займаўся выбітны навуковец па каменным і бронзавым вякам Канстанцін Палікарповіч. Ён даказаў яшчэ ў 30-х гадах мінулага стагоддзя пасяленне людзей у верхнім палеаліце на тэрыторыі Верхняга Падняпроўя. Акрамя таго, у 1947 годзе ён кіраваў раскопкамі палеалітычнай стаянкі ў Юдзінаве і першым даследаваў, а галоўнае – навуковец дакладна інтэрпрэтаваў жыллё палеалітычнага чалавека, пабудаванае з костак маманта… Дарэчы, у 2006 годзе пры пракладцы лініі Мінскага метрапалітэна ўпершыню ў Беларусі выяўлены рэшткі слана ляснога. На скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Русіянава з глыбіні прыкладна 8 метраў была паднята костка даўжынёй больш за метр і дыяметрам каля 30 сантыметраў, якая належыць выкапнёвай жывёле. Да цяперашняга часу вядома больш за 200 знаходак мамантаў на тэрыторыі Беларусі. З іх самыя вядомыя – у вёсках Юравічы і Бердыж. У раёне палеалітычнай стаянкі Бердыж быў знойдзены абломак плечавай косткі маманта Mammuthus primigenius Blum (узрост каля 23400 гадоў) і іншыя часткі шкілета, а пры раскопках познепалеалітычнай стаянкі Юравічы – абломак прамянёвай косткі маманта Mammuthus primigenius Blum (узрост 26400 гадоў), а яшчэ мноства касцяных парэштак. Але, на жаль, Бердыж і Юравічы сёння ўжо страчаны для вывучэння. Да значных археалагічных знаходак трэба аднесці адкрыццё старажытнага Бярэсця з яго ўнікальнай драўлянай забудовай эпохі Кіеўскай Русі, а таксама адкрыццё раней невядомага горада з магдэбургскім правам Казімір. У вёсцы Каралеўская Слабада (Светлагорскі раён), дзе праходзілі археалагічныя раскопкі пад кіраўніцтвам доктара гістарычных навук Сяргея Расадзіна, навукоўцы знайшлі пацвярджэнне гіпотэзы пра існаванне горада Казімір. Быў раскапаны культурны пласт плошчай 153 кв. метры. Выяўлены шматлікія знаходкі, у тым ліку нож з касцяной дзяржальняй, сякера, фрагменты посуду сярэдзіны ХVII стагоддзя, тытунёвыя трубкі, кафля з рэльефным арнаментам, кавалачкі аконнай слюды, шкляных і фаянсавых вырабаў, каваныя цвікі, падкоўка для бота, дэкаратыўная накладка на рамень і інш.

Сярод знаходак нашага часу, несумнеўна, варта адзначыць рыцарскія даспехі, а дакладней частку гэтага гарнітура. Рарытэт быў падняты з дна ракі Віхоры ў 2013 годзе. Экспедыцыяй кіраваў доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк. На тым жа замчышчы ў 2014 годзе была знойдзена і берасцяная грамата.

— Што асабіста Вас, як гісторыка, “учапіла” пры дэталёвым вывучэнні мястэчкаў Мінскай губерні?

— Мяне, як і любога даследчыка, вабіць усё нязведанае і незакранутае папярэднікамі. Вывучэнне вёсак і сёлаў, сельскага побыту і сялянства як сацыякультурны феномен было трэндам яшчэ ў савецкі час. Гарады таксама прыцягваюць навукоўцаў сваімі маштабамі і актуальнасцю. Але мястэчкі, як пераходны варыянт, дазваляюць зразумець тую самую “залатую сярэдзіну”, вывучыць прычыны ўзлёту адных мястэчкаў да статусу горада ці райцэнтра, а таксама заняпаду іншых да стану вёсак. Словам, трэба зразумець і прыняць аксіёму: наш свет дынамічны, і яго развіццё залежыць ад кожнага з нас.

Падкрэслю, сур’ёзны падыход да вывучэння мястэчкаў у нашай краіне пачаўся параўнальна нядаўна, у апошнія 20 гадоў.

— Якімі імёнамі можа ганарыцца Мінская губерня?

— Я спадзяюся, што імёны людзей, якія паўплывалі на ход гістарычных падзей нашай краіны, знаёмыя кожнаму адукаванаму чалавеку: нобелеўскі лаўрэат і цяперашні прэзідэнт Ізраіля Шымон Перас, выхадзец м. Вішнёва; вядомы мастак Парыжскай школы Хаім Суцін, выхадзец м. Смілавічы; адзін са стваральнікаў радыё і тэлебачанні ў ЗША Давід Сарноў, выхадзец м. Узляны. Сярод выбітных уладальнікаў мястэчкаў таксама шмат вядомых прозвішчаў: м. Маладзечна валодалі Тышкевічы, часткай м. Гарадзея валодалі бацькі беларускага паэта Янкі Лучыны, сям’я заснавальніка польскай нацыянальнай оперы Станіслава Манюшкі валодала м. Смілавічы…

Хто ведае, можа менавіта ў м. Ельск нараджаліся тыя незлічоныя багацці італьянскага роду Спада, якія пазней знойдзе Эдмон Дантэс – герой Аляксандра Дзюма ў рамане “Граф Монтэ-Крыста”.

Гісторык мае права выказваць здагадку.

татур бгу истфак

Жанна ВАСАНСКАЯ

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: