Выбары адбыліся на XIII з’ездзе Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, які прайшоў 15 красавіка ў Санкт-Пецярбургу. Паводле статуту арганізацыі, кіраўнічы склад прызначаецца тэрмінам на 5 гадоў. Прэзідэнтам ЕАУ на наступны тэрмін ізноў пераабраны рэктар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава акадэмік Віктар Садоўнічы. Таксама абраны новы склад савета асацыяцыі. Акрамя арганізацыйных пытанняў, на з’ездзе былі разгледжаны асноўныя кірункі супрацоўніцтва ВНУ ЕАУ на 2015 год.
Рэктар БДУ акадэмік Сяргей Абламейка ў рамках свайго афіцыйнага візіту ў Санкт-Пецярбург прыняў удзел у 3 міжнародным форуме «Еўразійская эканамічная перспектыва», дзе выступіў з дакладам. Удзельнікі форуму абмеркавалі пытанні, якія тычацца прыярытэтаў сеткавага ўзаемадзеяння ВНУ ЕАУ, абмяняліся досведам у арганізацыі адукацыйнай і навукова-інавацыйнай дзейнасці.
У наш час БДУ супрацоўнічае з больш чым сарака ўніверсітэтамі-ўдзельнікамі ЕАУ. Гэта ўзаемадзеянне накіравана на развіццё акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў, сумеснае правядзенне навуковых мерапрыемстваў і рэалізацыю адукацыйных праектаў, а таксама прыцягненне грамадзян еўразійскіх краін на навучанне ў БДУ.
Еўразійская асацыяцыя ўніверсітэтаў была створана ў 1989 г. як Асацыяцыя ўніверсітэтаў СССР па ініцыятыве МДУ імя М. В. Ламаносава, падтрыманай дваццаццю найбуйнейшымі ўніверсітэтамі Савецкага Саюза. У 1992 г. была ператворана ў Еўразійскую асацыяцыю ўніверсітэтаў.
На сёння ў яе складзе нацыянальныя ўніверсітэты ўсіх краін СНД, вядучыя рэгіянальныя ўніверсітэты і вышэйшыя навучальныя ўстановы краін Еўразійскай прасторы. Усяго асацыяцыя аб’ядноўвае 141 ВНУ Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Украіны.
ЕАУ – унікальная грамадская арганізацыя, дзейнасць якой накіравана на практычную рэалізацыю ідэй еўразійства ў сферы адукацыі і навукі, захаванне і развіццё адзінай адукацыйнай прасторы і супрацоўніцтва.
Вышэйшым кіраўнічым органам асацыяцыі з’яўляецца з’езд. Ён праходзіў у розныя гады ў Маскве, Кіеве, Баку, Ашхабадзе, Казані, Мінску і Астане.
У перыяд паміж з’ездамі кіраўніцтва асацыяцыяй ажыццяўляецца саветам і выканаўчым камітэтам.
Паводле інфармацыі прэс-службы БДУ