У рамках справаздачна-выбарнай кампаніі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі 2–3 красавіка адбыўся VIII з’езд Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі.
На з’езд прыбылі 250 дэлегатаў ад абласных, раённых і гарадскіх прафсаюзных арганізацый. БДУ прадстаўлялі міністр адукацыі Беларусі Міхаіл Жураўкоў, рэктар Сяргей Абламейка, старшыні пярвічных прафсаюзных арганізацый работнікаў і студэнтаў Ігар Вярэнчыкаў і Вольга Локцева адпаведна, а таксама члены прафкама.
У працы з’езду ўдзельнічалі старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта РБ Ігар Бузоўскі, намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава і іншыя дзяржаўныя дзеячы, а таксама старшыня Міжнароднага аб’яднання прафсаюзаў работнікаў адукацыі і навукі Галіна Меркулава.
З дакладам пра выкананую працу за пяць гадоў выступіў Аляксандр Бойка, старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Ён агучыў не толькі факты, якія пацвярджаюць маштабнасць спраў і рэальнага дзейснага клопату пра ўдзельнікаў галіновага прафсаюза, якіх больш за 602 тысячы, але і найбольш актуальныя праблемы галіны адукацыі.
Прафсаюз занепакоены тэндэнцыяй пастаяннага росту коштаў на тавары, працы і паслугі, зніжэння рэальнай заработнай платы работнікаў галіны і яе пакупніцкай здольнасці, несвоечасовага перагляду памеру тарыфнай стаўкі першага разраду, нераспаўсюджання на шэраг катэгорый педагагічных работнікаў пастановы Савета міністраў Беларусі ад 23.08.2014 № 818 “Пра некаторыя пытанні павышэння аплаты працы асобным катэгорыям работнікаў сістэмы адукацыі”, іншых адпаведных рашэнняў урада, а таксама выяўляе заклапочанасць зніжэннем сацыяльнай абароненасці асобных катэгорый работнікаў галіны.
Дэлегаты заслухалі справаздачу рэвізійнай камісіі. Выступілі міністр адукацыі і старшыня ФПБ і іншыя ўпаўнаважаныя асобы. Шляхам адкрытага галасавання большасцю галасоў на пасаду старшыні Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі быў абраны Бойка А. А. Таксама былі абраны Цэнтральны камітэт галіновага прафсаюза і дэлегаты VII з’езду ФПБ. Зацверджаны Статут БПСРАН у новай рэдакцыі і Праграма асноўных напрамкаў дзейнасці галіновага прафсаюза на 2015–2020 гг.
Паводле інфармацыі прафкама студэнтаў