Mr. International БДУ Бекзат Дастанаў: Паважаю людзей апантаных, цягавітых і зацятых у дасягненні мэты

3 Apr, 2015.

мистер бгу 2015

Сустрэча з тытулаваным, абаяльным  і прывабным  трэцякурснікам Інстытута журналістыкі БДУ Бекзатам  Дастанавым адбылася адразу ж пасля абвяшчэння пераможцаў конкурсу “Містар International БДУ”.  Менавіта яго патрабавальнае журы прызнала вартым галоўнага тытула спаборніцтваў мужчын нашай ВНУ. Зрэшты, трэба сумленна прызнаць, Бекзат літаральна з першых жа хвілін свайго з’яўлення на сцэне актавай залы Інстытута журналістыкі скарыў гледачоў ужо падчас першага выпрабавання конкурсу – “Візітнай карткі”– сваім маналогам-прэзентацыяй. Шчыры, самадастатковы і ўпэўнены ў сабе будучы журналіст не імкнуўся эпатаваць публіку экзальтаванымі адказамі і яркім карнавальным. Зусім не! Ён проста і зразумела распавёў гледачам, якія кнігі любіць чытаць і чаму хоча быць журналістам.

Уласна, на гэтым наш карэспандэнт і “падлавіў”  будучага калегу, прапанаваўшы напісаць Бекзату інтэрв’ю з “Містарам International БДУ”. Дакладней, адказаць на пытанні, якія яму самому хацелася б задаць.

— Бекзат, чаму і калі Вы зрабілі свой выбар на карысць Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта?

— Паверце, гэта атрымалася спантанна! Яшчэ за два тыдні да вылету ў Мінск я нават уяўлення не меў, што буду вучыцца за мяжой. Пасля юрыдычнага каледжа я падаў дакументы ў адну з казахстанскіх ВНУ і быў прыняты. Але пасля гэтага мой добры сябар, які ўжо паступіў у БДУ, распавёў мне пра найлепшы ўніверсітэт Беларусі. Я, доўга не думаючы, вырашыў паспрабаваць, заўсёды хацеў адчуць тое студэнцкае жыццё, пра якое распавядалі бацькі. Жыццё ў інтэрнаце, прымяраць вобраз студэнта ў вечным пошуку ежы, новыя знаёмствы, сяброўства і расчараванне… Мае бацькі падтрымалі мой парыў, і я ўдзячны ім за гэта.

— У якой сферы журналістыкі Вы сябе бачыце як прафесіянал?

— Мне падабаецца аналізаваць і назіраць за падзеямі ў спартыўным жыцці. Паважаю людзей апантаных, цягавітых і зацятых у дасягненні сваёй мэты. Дарэчы, менавіта спорт прывёў мяне ў журналістыку. З самага дзяцінства я люблю глядзець спартыўныя спаборніцтвы, у прыватнасці чэмпіянаты па футболе. Аднойчы падчас чарговага матчу, слухаючы віртуоза-каментатара, я задумаўся і вырашыў, што таксама магу і хачу ацэньваць і каментаваць гульню футбалістаў, перадаваць эмоцыі са стадыёна людзям, якія сядзяць па той бок экрана. Вось з таго самага моманту асноўная мэта мною была пастаўлена: дамагчыся, каб мой голас чулі мільёны людзей! Спачатку мне здавалася, што можа быць прасцей: займацца ўлюбёнай справай – глядзець футбол і перадаваць эмоцыі гледачоў чытачам. А на справе апынулася, каб сакавіта і ярка апісаць эмоцыі спартыўнага спаборніцтва, трэба вучыцца, вучыцца і вучыцца…

— Пра што Вы хацелі спытаць свайго ўлюбёнага літаратурнага героя, калі б надарылася такая магчымасць?

— Мой улюбёны герой – персанаж кнігі Фрэнсіса Скота Фіцджэральда Джэй Гэтсбі. Гэта той чалавек, якім я захапляюся. Вось яго я б спытаў: якім вы сябе бачыце, калі б не Дэйзі? Бо менавіта яна была асноўным матыватарам у заваяванні вяршыняў.

— Пра што, хацелася б Вам, каб спыталі ў Вас?

— Складана прыдумаць пытанне самому сабе, бо заўсёды імкнешся пазбягаць навадных пытанняў. Сабе б я задаў самае банальнае, але ўсё ж важнае пытанне: “Што робіць цябе шчаслівым?” І тут, мне здаецца, кожны разважны чалавек  адразу ж задумваецца: а ці шчаслівы ты? Адказваю за сябе: так, я шчаслівы чалавек. Шчаслівым мяне робіць усё, што мяне атачае. І не трэба шукаць нагод для шчасця!

Бекзат ДАСТАНАЎ

IMG_5202

 

print

Вам таксама можа спадабацца: