Прафкам студэнтаў БДУ і Ліга добраахвотнай працы моладзі пашырылi супрацоўніцтва

17 Apr, 2015.

прафкам

У сярэдзіне тыдня прафесійны саюз студэнтаў БДУ сустрэўся з лігай добраахвотнай працы моладзі. Ва ўтульнай атмасферы крэатыўна аформленага офіса студэнты змаглі пазнаёміцца з кірункамі працы лігі, яе мэтамі, планамі на будучыню, а таксама абмяняцца новымі і цікавымі ідэямі.

Пачалася інфасустрэча з хуткага знаёмства паміж удзельнікамі. Кожны са студэнтаў распавёў пра тое, ці ведае ён лігу і наколькі добра, а таксама распавёў мэты, чаму ён прыйшоў. Як высветлілася, маладымі людзьмі рухае прага чагосьці новага і пошукі саміх сябе. Гэтыя чаканні ліга змагла апраўдаць, бо яе асноўная мэта – даць магчымасць актыўным, творчым і ініцыятыўным студэнтам атрымаць нефармальную адукацыю і “пракачаць” так званыя soft-skills – навыкі, якія спатрэбяцца чалавеку ў жыцці. “Мы дапамагаем маладым людзям падчас іх сацыялізацыі, – дапаўняе прадстаўнік лігі добраахвотнай працы моладзі Ксенія. – Мы знаходзім і развіваем у студэнтах лідарскія якасці, мэтанакіраванасць, адказнасць, камунікабельнасць і шматлікія іншыя характарыстыкі, якія ўласцівыя найлепшаму ў сваім родзе студэнту”.

Ліга добраахвотнай працы моладзі – рэспубліканская арганізацыя, якая ўваходзіць у альянс еўрапейскіх добраахвотніцкіх арганізацый. Займаецца яна пошукам і падрыхтоўкай зацікаўленых у працы валанцёра студэнтаў. Таксама ў сферу дзейнасці лігі ўваходзяць праграмы нефармальнай адукацыі, міжнароднае моладзевае супрацоўніцтва, адукацыйныя праекты і г. д.

Ужо цяпер шмат хто плануе, што рабіць улетку. Хтосьці ўжо ўсё распланаваў і ўпісаў у свой каляндар працу ў летнім лагеры. Так, напрыклад, адбор валанцёраў туды пачаўся з кастынгу ў сакавіку, дзе былі абраны найлепшыя студэнты, якія далей праходзілі патрэбныя курсы. А далей – прыходзіць летняя пара, а разам з ёй – паездка ў лагер у любую з 35 краін свету па абранай праграме.

Праграма Workamps дае магчымасць валанцёрам з розных краін пазнаёміцца з аднадумцамі з розных куткоў планеты, прыняць удзел у працы над сацыяльна значным праектам і іншай карыснай для грамадства справай. Два ці тры тыдні, праведзеныя ў іншай краіне, у асяроддзі аднагодкаў з усяго свету, даюць мільёны эмоцый, тысячы ўспамінаў і невымерна велізарны багаж неацэннага досведу і ведаў. Цешыць і шырыня выбару добраахвотніцкіх лагераў па праграме Workamps, дзе кожны знойдзе сваё месца і абавязкова рэалізуе сябе там. Сацыяльныя, экалагічныя, рэстаўрацыйныя, музычныя і тэатральныя – такія кірункі лагераў для валанцёраў можа прапанаваць маладому чалавеку ліга добраахвотнай працы моладзі.

Каб патрапіць у летні лагер, неабходна, прынамсі, валодаць мовай і быць матываваным правесці свой час як валанцёр летняга лагера. Супрацоўнікі лігі растлумачылі нам, што многія студэнты адпраўляюцца туды, каб падцягнуць мову, набыць новы досвед, а таксама ўвасобіць свае грандыёзныя ідэі ў падыходных і камфортных умовах.

Наступная галіна дзейнасці лігі добраахвотнай працы моладзі – студэнцкі педагагічны атрад “RESпубліка”. Дадзеная праграма збірае вакол сябе каля паўтысячы навучэнцаў усіх ВНУ Беларусі. “RESпубліка” – скарбніца практычнага досведу працы ў камандзе, здольная навучыць вас прымаць абдуманыя рашэнні за лічаныя хвіліны, але падыходзіць да прыняцця гэтых рашэнняў адказна.

У лізе добраахвотнай працы моладзі нам таксама паказалі відэаролік, які проста і зразумела распавядаў пра тое, як праводзяць сваё лета ўдзельнікі лігі. 21 дзень, поўны такой колькасці неверагодных эмоцый, што многія людзі не здольныя адчуць іх на працягу ўсяго жыцця! Пасля прагляду студэнты загарэліся яшчэ большым жаданнем папрацаваць валанцёрам па адной з мноства праграм, прапанаваных лігай. На жаль, кастынг быў завершаны яшчэ ў сакавіку, і месцы неверагодна хутка напаўняюцца, аднак гэта не нагода хвалявацца! Штодня на старонцы лігі добраахвотнай працы моладзі “УКантакце” (vk.com/club25235163) з’яўляюцца цікавыя навіны пра выдатныя магчымасці наведаць тую або іншую краіну па пэўнай праграме. Да размяшчэння падобных навін кіраўнікі лігі падыходзяць вельмі адказна, спрабуючы выказаць максімум падрабязнасцяў і патрэбнай інфармацыі для патэнцыйных валанцёраў. І ўсё ж, калі атрыманых звестак вам будзе недастаткова, вы заўсёды зможаце звярнуцца па тэлефоне ці ў інтэрнэце са сваім пытаннем, і вам на яго абавязкова адкажуць.

Сустрэча з лігай моладзевай працы была сапраўды прадуктыўнай. Мы атрымалі неверагодна велізарную дозу інфармацыі пра лігу, падрабязней пра яе вы зможаце даведацца ў сацыяльных сетках праекта ці яго сайце. Таксама, прадстаўнікі прафкама студэнтаў БДУ не проста паслухалі змястоўныя аповеды кіраўнікоў лігі, але і прапанавалі свае ідэі для сённяшняга дня і дапамогу для заўтрашняга. Так, напрыклад, адна са студэнтак распрацавала эскізы, якія будуць упрыгожваць яркія сцены офіса лігі. Ідэя вельмі спадабалася супрацоўнікам арганізацыі, і яны хутка ўзяліся за яе абмеркаванне. Таксама ў планах лігі добраахвотнай працы моладзі ёсць нямала ўласных праектаў, форумаў, фэстаў і трэнінгаў, куды таксама патрабуюцца памагатыя. На гэтай аснове абмеркавалі магчымасць супрацоўніцтва. Прыйшлі да высновы, што яно будзе карысным для абодвух бакоў і цікавым для кожнага.

Скончылася інфасустрэча з лігай чаяваннем, дзе студэнты паспелі пагаварыць пра вандраванні, уласныя планы на будучыню і прыдумаць яшчэ мноства бліскучых ідэй, якія абавязкова будуць рэалізаваныя!

Калі вас зацікавіла магчымасць правесці частку летніх вакацый у іншай краіне ў асяроддзі аднадумцаў, а таксама атрымаць бясконца карысны досвед і прыемныя эмоцыі, запрашаем вас на сайт лігі добраахвотнай працы моладзі, дзе вы зможаце больш даведацца пра магчымасці і праграмы, прапанаваныя арганізацыяй. Таксама сачыце за абнаўленнямі ў групе прафкама студэнтаў БДУ, дзякуючы якім вы зможаце даведацца пра пачатак набору новых валанцёраў для ўжо знаёмых праектаў.

Далучайцеся!

Развівайцеся і спазнавайце гэты свет разам з прафкамам студэнтаў БДУ

 

print

Вам таксама можа спадабацца: