50 гадоў таму ў складзе БДУ з’явілася вучэбна-вопытная гаспадарка «Шчомысліца», якая на сёння пераўтварылася ў адно з самых паспяховых універсітэцкіх прадпрыемстваў.
Пачалося ўсё з перапіскі БДУ з дзяржкамітэтам па лясной, цэлюлозна-папяровай, дрэваапрацоўчай прамысловасці і лясной гаспадарцы пры Дзяржплане СССР пра перадачу вопытнай станцыі «Шчомысліца» ад беларускага НДІ лясной гаспадаркі да БДУ. Дзякуючы энергіі тагачаснага рэктара БДУ акадэміка А. Н. Сеўчанкі, пастановай Савета Міністраў СССР і распараджэннем Савета Міністраў БССР эксперыментальная база «Шчомысліца» была перададзена БДУ. Акт здачы прыёмкі быў падпісаны 15 красавіка 1965 г.
Адной з перашкод пры перадачы дадзенай гаспадаркі з’яўлялася наяўнасць гадавальніка, закладзенага яшчэ ў 1928–1932 гг. пры асабістым удзеле акадэміка Вавілава. За кошт дзейнасці гадавальніка часткова фінансавалася навуковая дзейнасць беларускага НДІ лясной гаспадаркі. БДУ перанёс на тэрыторыю гаспадаркі «Шчомысліца» батанічны сад і значную частку навуковай працы і навучальна-вытворчых практык біялагічнага факультэта, захаваўшы дзейнасць па гадоўлі дэкаратыўных раслін і хмызнякоў.
Са здабыццём універсітэтам у 1998 г. новага статусу органа дзяржаўнага кіравання вучэбная гаспадарка «Шчомысліца» была рэарганізавана ў Рэспубліканскае вучэбна-вопытнае ўнітарнае прадпрыемства «Шчомысліца» БДУ. Сёння РУП «Шчомысліца» з’яўляецца адным з галоўных пастаўшчыкоў дэкаратыўных раслін і хмызнякоў для азелянення горада Мінска. Дзейнасць прадпрыемства адзначана падзякамі старшыні Мінгарвыканкама і рэктара БДУ, дыпломамі розных выстаў.
Пра сённяшнія рэаліі «Шчомысліцы» нам распавёў дырэктар прадпрыемства Сяргей ЧАЙКУН.
– У штаце прадпрыемства ўсяго 23 чалавекі і значна зменшаная плошча ворнай зямлі – з 75 да 50 га. За кошт чаго прадпрыемству атрымалася цалкам аднавіць аб’ём вытворчасці ўзроўню 1985 г. і няўхільна павялічваць яго з году ў год?
– Скарачэнне колькасці работнікаў і скарачэнне ворнай зямлі прымусіла нас перагледзець схемы пасадак для максімальна эфектыўнага выкарыстання аўтатрактарнай тэхнікі і розных адмысловых механізмаў і прыстасаванняў. За кошт выкарыстання сучасных тэхналогій апрацоўкі зямлі, пасадкі, гадоўлі і абароны раслін паступова змяншалася доля ручной працы і павялічвалася прадукцыйнасць.
– Спецыялісты якога профілю для Вас асабліва важныя?
– Для ўкаранення сучасных тэхналогій патрэбныя былі і сучасныя спецыялісты, якія валодаюць тэарэтычнымі ведамі і, што самае галоўнае, маюць жаданне ўвесь час самаадукоўвацца, творча падыходзіць да працы.
Адным з галоўных такіх спецыялістаў стаў першы намеснік дырэктара Калбанаў Дзмітрый Віктаравіч, пад кіраўніцтвам якога працуюць усе агратэхнічныя службы прадпрыемства. Хочацца таксама адзначыць галоўнага агранома прадпрыемства Дуброву Ганну Іванаўну, якая са студэнцкай лавы біялагічнага факультэта БДУ ў 1975 годзе прыйшла на працу і працягвае працаваць дагэтуль, вось ужо 40 гадоў. Яе досвед, мэтанакіраванасць і высокая працаздольнасць уносяць неацэнны ўклад у працу прадпрыемства.
– Наколькі шырокі асартымент Вашай прадукцыі, і як адбываецца апрабацыя новых раслін і тэхналогій?
– Прадпрыемства выгадоўвае больш за 20 відаў дэкаратыўных дрэў і 40 відаў хмызнякоў. Пошук новых гатункаў і разнавіднасцяў увесь час дыктуе рынак. Людзі прывозяць з-за межы шмат раслін, якія ў прынцыпе можна выгадоўваць і ў нас, прычым іх якасць пры гэтым будзе значна вышэйшая за кошт адаптацыі да прыродных умоў нашай краіны. Так, на прадпрыемстве за апошнія 5 гадоў з’явілася шмат відаў розных прышчэпленых формаў дрэў, штамбавых раслін, гібрыдных хмызнякоў. Асаблівая увага надаецца гадоўлі шматгадовых і аднагадовых кветак, якія значна пашыраюць асартымент прадукцыі.
– Чым адметнае Ваша прадпрыемства, і якія ў яго рынкі збыту?
– Вядома, галоўным чынам прадукцыя арыентавана на азеляненне Мінска, хоць закупляць прадукцыю прыязджаюць асобныя арганізацыі з усіх рэгіёнаў рэспублікі. У апошнія гады значна павялічылася доля прадукцыі, купленая прыватнымі асобамі для азелянення ўласных загарадных дамоў.
Лідзіраваць на рынку нам дазваляе ў першую чаргу колькасць і якасць прадукцыі, якую выпускаем, і даволі разнастайны асартымент.
– Наколькі Вам дапамагаюць студэнцкія сельгасатрады?
– З 2007 года ў летні вакацыйны час на прадпрыемстве працуюць студэнцкія сельгасатрады, створаныя ўпраўленнем выхаваўчай работы і камітэтам БРСМ БДУ. Паколькі ў нашай вытворчасці, як і наогул у сельскай гаспадарцы, яшчэ застаецца значная доля ручной працы, якая тычыцца ў першую чаргу праполкі раслін, дапамога маладых энергічных студэнтаў для нас вельмі важная. Наколькі мы ведаем, папулярнасць такіх сельгасатрадаў узрастае, бо студэнты зарабляюць грошы (праўда, не вельмі вялікія) і праводзяць час на свежым паветры ў адным з найпрыгажэйшых куткоў прыроды, размешчаным практычна на тэрыторыі Мінска, адначасова працуючы і загараючы.
– Сяргей Анатольевіч, якія бачыце рэзервы для росту і перспектыўныя кірункі дзейнасці?
– З 2010 года прадпрыемства ўзяло курс на мадэрнізацыю вытворчасці, што і працягваецца дагэтуль, вядома, з улікам рэальных фінансавых магчымасцяў. Сёння без сучасных тэхналогій немагчыма ўтрымацца на рынку з высокай канкурэнтаздольнасцю, і хоць мы пакуль яшчэ даволі далёкія ад аналагічных прадпрыемстваў у Еўрапейскім саюзе, але паступальныя рухі наперад дадаюць нам упэўненасці і аптымізму. Зразумела, што і супрацоўніцтва з навукоўцамі біялагічнага факультэта прыносіць свой плён. Цяпер мы вядзём сумесную навуковую і практычную працу з кафедрай фізіялогіі і біяхіміі раслін, якая дазволіць нам распрацаваць і ўкараніць самыя сучасныя тэхналогіі ўзнаўлення раслін. У нашых планах стварэнне цэнтра біяінжынерных тэхналогій, якія дазволяць нам знаходзіцца на самым вастрыі біялагічнай навукі і не толькі ўкараняць існыя, але і ствараць свае ўнікальныя тэхналогіі гадоўлі раслін.
Гутарыў
Сяргей ШАФАЛОВІЧ